Обальскаму музею – паўстагоддзя!

Актуалии Край шумілінскі

Обальскаму музею – паўстагоддзя!
29 кастрычніка – несумненна, знакавая дата для  Шумілінскага раёна. У гэты дзень, 50 гадоў назад, у гарадскім пасёлку Обаль упершыню гасцінна расчыніў свае дзверы  Рэспубліканскі музей Камсамольскай Славы, цяпер – музей Обальскага камсамольскага падполля. Гэта  адзіны музей такога роду ў Рэспубліцы Беларусь.
Гісторыя станаўлення музея напоўнена цікавымі і важнымі падзеямі, а нагодай для яго адкрыцця, можна сказаць, паслужыў матэрыял пра арганізацыю “Юныя мсціўцы” Обальскага камсамольскага падполля, які з’явіўся  ў друку напачатку 1970-х гадоў. Менавіта тады обальскія вучні вырашылі стварыць у сваёй школе музей, прысвечаны подзвігам аднагодкаў у гады вайны. Падчас пошукавай працы краязнаўчага гуртка пад кіраўніцтвам  настаўніка гісторыі Марыі Кузьмінічны Езавітавай і завуча школы Аляксандра Цімафеевіча Сокалава быў сабраны матэрыял пра жыццё і баявую  дзейнасць юных падпольшчыкаў, які лёг у аснову стварэння школьнага музея, што ўрачыста адкрыўся 29 кастрычніка 1958 года да 40-годдзя ВЛКСМ. Дырэктарам школьнага музея стаў удзельнік Обальскага камсамольскага падполля  Аркадзь Мікалаевіч Барбашоў. Музей карыстаўся папулярнасцю і неўзабаве яму стала цесна ў сценах школы.
Па ініцыятыве Міністэрства культуры БССР і ЦК ЛКСМБ 29 кастрычніка 1965 года быў адкрыты Рэспубліканскі музей камсамольскай славы як філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, куды ўвайшлі і матэрыялы  школьнага музея. Музей размясціўся ў былым доме ўпраўляючага ся-дзібы Ю. Ю. Амбургера – помніку архітэктуры першай паловы XIX стагоддзя. Першым яго загадчыкам стаў Фёдар Піліпавіч Хорань.
Першапачаткова матэрыялы музея адлюстроўвалі гераічны шлях, пройдзены камсамолам Беларусі за гісторыю свайго існавання. У 1985 годзе, пасля   правядзення  рээкспазіцыі, музей быў  перайменаваны ў музей Обальскага камсамольскага падполля ў памяць пра подзвігі юных мсціўцаў Обальшчыны. З 1 студзеня 1990 года музей перададзены ў распараджэнне Віцебскага абласнога ўпраўлення культуры, а з 1 красавіка 2002 года ён стаў філіялам Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.
У 2008 годзе была праведзена чарговая маштабная рэканструкцыя музея. Абноўленая экспазіцыя, багатая новымі экспанатамі і інсталяцыямі,  адпаведнае асвятленне і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць наведвальнікам музея больш поўна адчуць трагізм ваенных падзей, у поўнай меры ацаніць подзвіг юных герояў, якія не задумваючыся ішлі на смерць, дзеля міру на сваёй зямлі.
Адкрыццё абноўленага музея адбылося 1 лістапада 2008 года, напярэдадні юбілейнай даты – 90-годдзя ВЛКСМ. Удзел ва ўрачыстасцях браў наш зямляк, на той момант Міністр культуры Рэспублікі Беларусь У. Ф. Мацвяйчук, які ад імя Міністэрства культуры ўручыў музею падарунак – камплект узмацняльнай гукавой апаратуры. У гэты дзень Ганаровую грамату Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў атрымала Н. А. Азоліна.
Нэлі Адольфаўна 47 гадоў свайго жыцця аддала музейнай рабоце, 36 з якіх з’яўлялася дырэктарам музея. Выбар месца працы ёю быў зроблены  ўсвядомлена: да гэтага абавязвала  памяць пра старэйшую сястру  Ніну Азоліну, якая  была актыўным членам падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы” і трагічна загінула ў гады вайны. За гады працы Н. А. Азолінай музей папоўніўся велізарнай колькасцю цікавых, а, часам, і ўнікальных экспанатаў, была праведзена незлічоная колькасць экскурсій і сустрэч. Многія наведвальнікі перадавалі ў дар музею цікавыя экспанаты, і сёння яны прадстаўлены на выставе “Музейны калейдаскоп”.
Сёння экспазіцыя  музея (яна размяшчацца ў чатырох залах) расказвае  пра трагічны лёс Герояў Савецкага Саюза – Ефрасінні Зяньковай і Зінаіды Партновай, адважных герояў “Юных мсціўцаў”, партызанскі рух і ўдзельнікаў вызвалення Обальшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пра гісторыю самога мястэчка. Сярод экспанатаў – арыгіналы і копіі ўзнагарод падпольшчыкаў і партызан,  іх дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы. Дапаўняюць экспазіцыю  творы мастацтва ваеннай тэматыкі.
Стала добрай традыцыяй у сценах музея прымаць вучняў у піянеры і ў члены БРСМ, праводзіць імпрэзы, прысвечаныя памятным датам краіны і нашага раёна. Школьнікі тут сустракаюцца з ветэранамі вайны і працы, сваякамі загінуўшых падпольшчыкаў, праводзяць урокі мужнасці, наладжваюць экскурсіі па музеі і памятных месцах  Обалі.
За паўвекавы перыяд існавання музей наведалі  дэлегацыі  не толькі з розных куткоў нашай краіны, але і з краін  былога Савецкага Саюза, блізкага і далёкага замежжа. У розныя гады ганаровымі гасцямі музея Обальскага камсамольскага падполля былі: першы сакратар ЦК КПБ П. М. Машэраў (1978 г.), міністр культуры Рэспублікі Беларусь Б. У. Святлоў (2014 г.), памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь В. І. Піліпец (2008 г.), дэпутат Дзяржаўнай думы Расійскай Федэрацыі У. І. Афонскі (2015 г.), Герой Савецкага Саюза, былы вучань Обальскай школы, генерал-маёр М. К. Спірыдзенка, маці і  сястра З. М. Партновай – А. І. Партнова і Г. М. Мельнікава-Партнова, ветэраны 43-й Арміі, удзельнікі вызвалення Обалі і іншыя.
Дзверы музея заўжды адчынены для ўсіх.
Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 84 ад 27.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *