Шумилинские музыканты покорили Москву

Актуалии Культура

“Узялі” Маскву
Чалавек творчай прафесіі ніколі не знойдзе таго самага супакаення, калі, дайшоўшы да самых вяршынь прафесіяналізму, можна расслабіцца. Творца проста абавязаны пастаянна быць у руху, мець падтрымку, атрымліваць ацэнку сваіх здольнасцяў. Інакш зачахне, перастане развівацца, верыць у свае сілы. А калі гэты творца – педагог, то да ўсяго гэтага ён павінен і ў сваіх вучнях падтрымліваць імпэт, творчае гарэнне, без якога, бадай, цяжка прыйсці да радасных вынікаў. Гэта добра разумеюць выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў, а таму стараюцца выкарыстаць любую магчымасць, каб пашырыць геаграфію сваіх выступленняў, праявіць свае таленты ў разнастайных конкурсах і фестывалях.
У верасні, напрыклад, педагогі музычнай школы Віктар, Алена і Вольга Скорынавы, Ганна Красоўская разам са сваімі вучнямі адправіліся ў Маскву, каб паўдзельнічаць у міжнародным конкурсе “Стань зоркай”. Гэта традыцыйны конкурс, арганізатарам якога выступае міжнародны саюз культуры і мастацтва “Культура свету” і які ставіць за мэту падтрымку дзіцячага, юнацкага і маладзёжнага мастацтва, выяўленне таленавітых юных выканаўцаў і аўтараў у розных жанрах. Конкурс праводзіўся на сцэне ВДНГ і пакінуў шмат незабыўных уражанняў у нашых землякоў.
“Уразіў высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства, – дзялілася Алена Скорынава, – нас добра сустрэлі, наогул было вельмі цікава. Удзел у такіх конкурсах – гэта не толькі новыя эмоцыі, але і добрая магчымасць яшчэ раз ацаніць узровень як выхаванцаў, так і педагогаў.” Алена Ігараўна расказала, што многія былі ўражаны самім інструментам – цымбаламі, яго незвычайным гучаннем і, наогул, тым, што нейкае далёкае Шуміліна нараджае такіх выдатных музыкантаў.
Як і заўжды, на радзіму музыканты прывезлі не толькі ўражанні ад мерапрыемства, ды і ад самой Масквы, але і ганаровыя ўзнагароды. Сямейны ансамбль Скорынавых з рускай народнай песняй “Карабейнікі” заваяваў Гран-пры конкурсу ў намінацыі “інструментальная творчасць”. Вольга Скорынава, якая заканчвае музычнае вучылішча і ўжо працуе побач з бацькамі, стала лаўрэатам I ступені (цымбалы). Вучаніца Ганны Красоўскай Марыя Скорынава за ігру на фартэпіяна была ўдастоена дыплома лаўрэата II ступені, а яшчэ дзяўчынка стала лаўрэатам I ступені ў намінацыі “выяўленчае мастацтва”. Стэла Шылава (цымбалы) ганарыцца сваім дыпломам лаўрэата II ступені. Віншуем з перамогамі і жадаем пакарыць Еўропу!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 85 ад 30.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *