Шумилинские школьники выбирают лазертаг

Спорт, туризм

Актыўныя канікулы
Тыдзень восеньскіх канікулаў праляцеў для школьнікаў непрыкметна, але адпачыць ад вучэбных будняў яны змаглі. Вучні з СШ №1 і СШ №2 г. п. Шуміліна абралі актыўны адпачынак на свежым паветры. Хваёвы лес у аграгарадку Светласельскі сустракаў удзельнікаў каманднай гульні, заснаванай на імітацыі ваеннай стратэгіі.
Лазертаг можна аднесці да экстрэмальных відаў спорту. Ад гульцоў патрабуюцца канцэнтрацыя ўвагі, хуткасць, рэакцыя і вынослівасць. Адначасова гульня дазваляе атрымаць неверагодную колькасць адрэналіну, за якім і прыйшлі энергічныя юнакі і дзяўчаты, актыўныя настаўнікі і зацікаўленыя бацькі.
Арганізатары гульні ў лазертаг – Аляксандр і Святлана Петуховы – гавораць, што ідэя аб’яднаць вучняў у каманды для правядзення гульні з’явілася невыпадкова. У сувязі з тым, што з пачатку вучэбнага года дзясятыя класы расфарміравалі па профілях, падлеткі пачалі аддаляцца адзін ад аднаго. Таму мэтай гульні было стварэнне сяброўскай атмасферы сярод вучняў, запрасілі на гульню і школьнікаў з СШ №2.
І гэта ў іх выдатна атрымалася! Дзеці разам з педагогамі падзяліліся на групы, і пачаўся бой. Відовішча неверагоднае. Эмоцыі перапаўнялі кожнага. У выніку камандны дух ахутаў увесь лес і перамагла дружба.
Прадэманстраваць сваё майстэрства ўдалося настаўніку фізічнай культуры Вадзіму Навуменку. Ён атрымаў званне лепшага гульца і забраў галоўны прыз.
“Я ўпершыню гуляў у лазертаг і мне вельмі спадабалася. Гульня складаная. Яна прымушае не толькі выкласціся фізічна, але і праявіць разумовыя здольнасці. У адным з раўндаў нашай камандзе ўдалося знайсці стратэгічную кропку і нашы апаненты пацярпелі паражэнне. З першага разу выйграць галоўны прыз я, канешне, не чакаў”, – з усмешкай і лёгкай стомленасцю расказаў Вадзім Аляксандравіч.
Усяго тры дзяўчыны прынялі ўдзел у баі: Дар’я Ляпнёва, Ірына Варанцова і Валерыя Трафімава. Дар’я ў сваёй дэбютнай гульні таксама была прызнана лепшым гульцом.
“Мне вельмі спадабаўся лазертаг. Гэтая гульня нас аб’ядноўвае, вучыць фарміраваць ідэі, выпрацоўваць тактыку, фармуляваць думкі, шукаць цікавыя хады. У час бою мы аб’яднаныя адзінай задачай і гэта робіць нас больш дружалюбнымі”, – гаворыць Даша.
Вось так цікава і карысна правялі час на канікулах шумілінскія старша-класнікі і педагогі.
Дар’я ЧАПУРНОВА, студэнтка 3 курса Інстытута журналістыкі БДУ.
Надрукавана ў № 87 ад 06.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *