Доска почёта Шумилинского района: Оксана Ковалевская

Актуалии Сельское хозяйство

Усяго ў жыцці дабілася сама
Прозвішча аператара машыннага даення фермы Дабея ААТ “Прыазёрны мір” Аксаны Юр’еўны Кавалеўскай  сёлета занесена на раённую Дошку гонару.
І калегі Аксаны Юр’еўны, і аднавяскоўцы, і родныя ведаюць: жанчына заслужыла такую павагу сваёй шчырай працай. Яна ніколі не імкнулася “вырвацца” ў перадавікі, проста ўсё жыццё працуе сумленна. Сем гадоў таму па сямейных прычынах Кавалеўскія з Сенненскага раёна пераехалі на Шуміліншчыну. Аксана Юр’еўна і Аляксандр Аляксандравіч уладкаваліся працаваць на мясцовую ферму.
Зараз у Аксаны Кавалеўскай група першацёлак. З сотні галоў доіцца пакуль толькі палова. Але паспрабуй падаіць і столькі. Калі жывёла не прывучана да гэтага, калі ўпіраецца і нават б’ецца, прыходзіцца быць не толькі спрытнай і хуткай, але і вельмі ўважлівай.  Кожны дзень на дапамогу Аксане Юр’еўне спяшаецца муж.  Вось так разам і дояць некаторых упартых кароў. “На рабоце прыходзіцца выкарыстоўваць ўсялякія спосабы, каб толькі падаіць кароў, –  усміхаецца жанчына. – Я ж разумею, што  менавіта ад раздою першацёлак залежыць, колькі ў далейшым карова будзе даваць малака. Зараз надойваю па 12 літраў на карову, хацелася б і больш” .
Загадчыца фермы Дабея М. К. Янушэвіч хваліла Аксану Кавалеўскую за стараннасць і адданасць справе. А сярод яе падапечных не толькі каровы, але і нованароджаныя цяляты, якіх трэба дагледзіць і, нібыта немаўлят, у першыя дні выпойваць праз соску.
Мы задаём перадавой даярцы нашы традыцыйныя пытанні.
– Чым ганарыцеся?
– Ну, напэўна, перш за ўсё тым, што ўсяго ў сваім жыцці дабілася сама. Маці памерла, калі мне было ўсяго дзевяць гадоў. Выхоўвала бабуля. Калі выйшла замуж і нарадзіла дзяцей, дапамагаць нам не было каму.  Усё, што вы бачыце ў доме і на падворку, зароблена ўласным мазалём.  Ганаруся, што мы з мужам давялі да ладу дом, які выдзеліла нам гаспадарка: навазілі зямлі, пасадзілі дрэвы, зрабілі прыгожыя клумбы, паставілі агароджу, пафарбавалі дом. І зараз вельмі прыемна на душы, калі нехта з вяскоўцаў кажа: ”Глядзіце, а гэты дом стаў адным з самых прыгожых”.
Вельмі ганаруся сваёй сям’ёй: у мяне клапатлівы муж, добрыя сыны. Лічу, што мне вельмі пашанцавала на мужчынскае плячо.
– Пра што марыце?
– Завоблачных мар у мяне няма. Хочацца, каб усе былі здаровыя, каб  ладзілася ў сям’і і на рабоце. Мару пра шчасце маім сынам. Старэйшы служыць у спецназе, а малодшы вучыцца ў каледжы на механізатара.  Хочацца, каб бог паслаў маім сынам добрых жонак, а мне добрых нявестак.
Мару пра добры ўраджай з нашага маладога сада: прыязджайце гады праз пра два, думаю, будзе чым пачаставаць: пасадзілі чарэшні, абрыкосы і грушы.
Яшчэ я вельмі люблю кветкі. Сярод любімых – гладыёлусы, якіх саджу некалькі дзясяткаў гатункаў. Ну, вядома, не магу не сказаць, што ў маіх планах – зрабіць яшчэ адну вялікую клумбу. І няхай яна будзе нават не “горка”, а самая звычайная, але прыгожая і квітнеючая. Няхай людзі парадуюцца разам са мною. Наш жа дом размешчаны ў цэнтры вёскі, побач аўтатраса – так што прыходзіцца трымаць марку.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 87 ад 06.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *