В Шумилино прошла областная спартакиада дорожников

Актуалии Спорт, туризм

Шумілінскія дарожнікі – лепшыя ў вобласці
У мінулую суботу ў Шуміліне прайшла 8-я абласная спартакіяда КУП “Віцебскаблдарбуд”. Мерапрыемства сабрала амаль 300 удзельнікаў, якія выступалі за 22 каманды.
На  ўрачыстым адкрыцці  генеральны дырэктар КУП “Віцебскаблдарбуд”  У. С. Мацвееў адзначыў, што спартакіяда стала добрай традыцыяй на прадпрыемстве. “Каманды сур’ёзна рыхтуюцца да спартакіяды, – падкрэсліў Уладзімір Сямёнавіч. – Нашы спартсмены з кожным годам паказваюць усё больш і больш годныя вынікі. Мерапрыемства аб’яднала наш вялікі калектыў”.  Пазітыўнага настрою, бескампраміснай барацьбы і яркіх перамог пажадаў удзельнікам спартакіяды старшыня раённага выканаўчага камітэта А. І. Снараў.
“У мінулым годзе наша каманда заняла выніковае трэцяе месца, – падзяліўся перад стартамі начальнік  ДРБУ №204 Р. М. Насцюшкін. – Правядзенне спартакіяды ў нас, у Шуміліне, вельмі адказнае для нас. Хочацца годна выступіць. Спадзяюся, што дома нам і сцены будуць дапамагаць”.
Спартакіяда прайшла па  шасці відах спорту (лёгкай атлетыцы, гіравым спорце, настольным тэнісе, валейболе, міні-футболе і перацягванні каната) на чатырох спартыўных аб’ектах.
“Каралева спорту” сабрала ўдзельнікаў на стадыёне. Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы – бег, скачкі ў даўжыню – сабралі багата як удзельнікаў, так і заўзятараў. Перад такой аўдыторыяй лёгкаатлеты павінны былі выкласціся на ўсе сто. Шумілінскія спартсмены паказалі годны вынік, але ў прызавую тройку не трапілі – канкурэнцыя была вялікая.
Было што паглядзець і на спаборніцтвах па гіравым спорце. Праўда, і тут шумілінцам крыху не хапіла – наша каманда спынілася ў кроку ад п’едэстала.
А вось з валейболам не пашанцавала: у першай жа сустрэчы ва ўпартай барацьбе прайгралі докшыцкім валейбалістам, якія, дарэчы, сталі трэцімі па выніках спартакіяды.
Спаборніцтвы па настольным тэнісе прайшлі ў новым фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Толькі ўхвальных слоў заслужыў Руслан Насцюшкін, які не пакінуў ніводнага шансу канкурэнтам і ўпэўнена выйграў спаборніцтвы сярод мужчын. У парным выступленні Руслан Насцюшкін разам з аператарам ЭВМ Крысцінай Вярыгінай заваяваў другое месца.
“Летась занялі крыўднае пятае месца, – падзяліўся капітан футбольнай каманды Андрэй Меркіянаў, які з’яўляецца гульцом ФК “Шуміліна”. –  Зрабілі высновы, наладзілі гульнявыя сувязі. Сёння мы будзем змагацца толькі за перамогу”. У спаборніцтвах па міні-футболе каманда ДРБУ №204 не пакінула ніякіх шансаў сапернікам у адборачных матчах, забіўшы па шэсць і болей галоў і прапусціўшы максімум па адным. У фінальнай сустрэчы прыгожа разабраліся з докшыцкімі футбалістамі, вялікі плюс заслужылі ў гэтым матчы абаронцы начальнік планава-вытворчага сектара Андрэй Сомаў і інжынер Аляксей Пятроў.
Закрывалі праграму спартакіяды спаборніцтвы па перацягванні каната. Дарэчы, гэта быў новы від спорту для дарожнікаў. Шумілінскіх асілкаў Віктара Жыгунова, Уладзіміра Федаровіча, Сяргея Пастарнакова “ўзначальвала” галоўны бухгалтар мініяцюрная  Ксенія Сомава. Пры такой  моцнай падтрымцы балельшчыкаў, сярод якіх былі А. І. Снараў і Р. М. Насцюшкін, у  гэты вечар яны проста не маглі прайграць.
Падвядзенне вынікаў спартакіяды прайшло ў раённым цэнтры культуры. Кіраўнік КУП “Віцебскаблдарбуд” У. С. Мацвееў і старшыня аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі Л. Г. Бучын уручылі дыпломы і каштоўныя падарункі. Прыемна тое, што на сцэну часта выходзілі і шу-мілінскія дарожнікі. Перамогу ў 8-й абласной спартакіядзе КУП “Віцебскаблдарбуд” атрымала  каманда ДРБУ №204.
У заключным слове У. С. Мацвееў выказаў падзяку шумілінцам за высокі ўзровень правядзення спартакіяды. “Гэта было сапраўднае свята”, – падкрэсліў Уладзімір Сямёнавіч. Старшыня райвыканкама А. І. Снараў павіншаваў дарожнікаў і з  перамогай, і з надыходзячым прафесійным святам.
Завяршыўся святочны вечар канцэртнымі нумарамі, якія прапанавалі артысты раённага цэнтра культуры. Дарэчы, адным з артыстаў быў і інжынер ДРБУ-204 Аляксей Пятроў, член футбольнай каманды.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



1 комментарий по теме “В Шумилино прошла областная спартакиада дорожников

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *