Жыў такі Грышка Пузыр

Духоўнае

Жыў такі Грышка Пузыр
Заканчэнне. Пачатак у № 88
На табе вожыка
Ніхто не ведаў, ці па ўсёй краіне былі агенты па дзяржпастаўках, але ў нашай мясцовасці быў такі дзеяч. Раз у месяц Васька Зяблік раз’язджаў па вёсцы і не збіраў (хоць павінен быў гэта рабіць), а забіраў у людзей апошнюю курыцу, апошняе яйка, апошняга труса, а калі натыкалася яго вока на якога-небудзь парсючка, то альбо забіраў, альбо загадваў скуру з яго здаваць. І ўсё гэта сабранае, а дакладней, нарабаванае, адвозіў, як ён казаў, у раён. Розумам таго Ваську можна было зразумець, бо краіна была ў поўнай разрусе, усюды патрабаваліся прадукты, сельскагаспадарчая сыравіна, але ж сэрцам і жыватом – аніяк: і ў горадзе, і ў вёсцы ўсе хацелі есці. А што пакідаў сялянам гэты дзяржпастаўшчык?
Вось і думаў Грыша, як пракарміць сваё гняздо, калі з апошняй ягонай “чысткі” засталася адна цяжарная труска і дзве курыцы. І прыдумаў: не быў бы ён тым Грышкам, ды яшчэ і чараўніком. Добра ведаючы, што Зяблік вось-вось зноў наведаецца са сваёй павозкай у Жукаўку, Грыша перш-наперш перасяліў сваіх курэй і трусіху ў іншае месца, далей ад зоркага вока дзяржпастаўшчыка. І ў курынае жытло пасяліў вожыка, якога Пузыровы трымалі замест ката, а ў трусятнік – двухмесячнае лісянё, якое з пашкоджанымі заднімі лапкамі знайшоў ляснік з суседняй вёскі. А раніцай наступнага дня павозка Зябліка з’явілася ў вёсцы. Злы ад таго, што давядзецца з пустымі рукамі вяртацца назад, ён д’яблам уляцеў у Пузырову зямлянку з пытаннем: “Што маем, грамадзянін Пузыроў?” “А тое, што пакінуў ты ў апошні раз”, – адрэзаў Грышка. “Што пакінуў, тое і збяром”, –злосна бліснуўшы вачыма, дадаў Зяблік. І вось валасатая рука агента ўжо пацягнулася да клеткі, каб адным махам схапіць вушастую і кінуць у вялізны кош, што заўсёды быў на павозцы, і дзікі лямант з мацюкамі разарваў ранішнюю цішыню. Выхапіўшы акрываўленую руку з тым лісянём, Зяблік з ашалелымі вачыма кінуўся да павозкі, стараючыся адарваць руку ад цэпкіх зубоў звярка, але той аказаўся адважным байцом і пакінуў збіральніка толькі тады, калі ўбачыў непадалёк выратавальны хмызняк, куды і знік.
Ай ды Грышка, ай ды малайчына, радаваліся вяскоўцы. Так яму і трэба, нягодніку. А сам Грыша ўсё гэта ўспрыняў стрымана, але на поўным сур’ёзе сказаў: “Разумець трэба!” З тае пары дзяржпастаўшчык стаў абыходзіць Пузырову зямлянку, а ў хуткім часе зусім гэтых агентаў ліквідавалі. А інцыдэнт яшчэ больш распаліў веру мясцовых бабуль у магічную сілу Пузыра. Маўляў, ён праз звярка і напусціў божую кару на таго бязбожніка, які не шкадаваў ні дарослых, ні дзяцей.

Загадкавая работа

Яшчэ мацней тытул чараўніка прыліп да яго, калі вяскоўцы пачалі заўважаць раптоўнае знікненне Грышы па выхадных і святочных днях з вёскі. Зноў жа не без дапамогі старой Марфы, васьмідзесяцігадовых Адэлі і Фёклы, кульгавай Макарыхі папаўзлі чуткі пра тое, што ён нібыта ў адной з гарадскіх цэркваў займае нейкую пасаду і з’яўляецца ўдзельнікам царкоўнага хору. Хадзілі і іншыя плёткі, а Пузыр як ні ў чым не бывала ў панядзелак на золку быў ужо ў вёсцы з добрай торбай за плячыма, у якой былі кавалачкі гарадскога хлеба, кулькі з крупамі, мукой, іншы раз гараджане плацілі за яго працу кавалачкам мяса ці сала, а то і грашыма. У вёсцы нічога гэтага не было: на працадзень нічога не атрымлівалі. Так і карміў ён сваё гняздо, не маючы ніякіх адносін ні да царквы, ні да хору, а больш таго – да царкоўнай пасады. Пачаставаць прывезеным Пузыр ніколі не забываў і сваю суседку – адзінокую і хворую бабу Макарыху. Скардзячыся на сваю нямогласць, яна сама ўстанавіла дыягназ: нагавор. І Грыша, добрай душы чалавек і не апошні жартаўнік у вёсцы, выказаў сваё жаданне дапамагчы старой выгнаць з яе тую хваробу. Агледзеўшы яе вушы, кончыкі пальцаў і пастукаўшы рукой па спіне, ён, як вялікі свяціла ад медыцыны, няспешна і ўпэўнена прамовіў: “Нагавор, бабуля, і вялікі. Патрэбна святая вада. Цяжкая гэта справа – яе зрабіць, але зраблю – мяне перажывеш.” І быццам ведаў Грыша, што так і будзе…

Даеш вітаміннае сена!
А калгасу тым часам давялі план: здаць дзяржаве восем тон сена. На практыцы гэта выглядала так: косамі скасіць тую траву, высушыць, пагрузіць на сенавозкі і валамі адвезці сена за 15 кіламетраў на сена-прыёмны пункт. І ўсё было б нічога, каб не зануда прыёмшчык. Колькі крыві і нерваў папсаваў ён тым, хто прывозіў сена, якое ён загадваў зноў разгружаць і перасушваць (і каб была ў гэтым неабходнасць?). Чуў Грыша пра тыя вар’яцкія выкрутасы прыёмшчыка, чуў таксама, што ён чалавек высокіх слоў і патрыятычных лозунгаў. Давялося пабачыць і кабінет яго, увесь абвешаны плакатамі з разнастайнымі заклікамі. Відаць, добра зразумеў Пузыр сенапрыёмшчыка, для якога гром барабанаў і нізкапаклонства перад яго асобай былі важней за ўсё, і тады ж падумаў: даём Радзіме першыя тоны вітаміннага сена.
І вось валовая эскадра ў дарозе. Флагман – сам Грыша, за ім – 15-гадовыя Фе-дзя і Косцік, на валах – Бося і Капуснік, замыкаючым – больш старэйшы Вася Гарбук з сакрэтным заданнем ад самога Пузыра. Павольна, быццам на пахаванні,  рухаецца абоз з сенам. Змарыліся бедныя жывёліны, горача, кусаюцца авадні, хочацца піць. Ды і сам “франтавік”, за рычагамі якога сядзіць пакуль што памочнік, не адмовіўся б ад халоднай вадзіцы ў радыятары. Усё мацней і мацней пакрыкваюць хлопцы на сваіх “коней з рагамі”, бо зусім блізка сенабаза. І тут рэзкі ўзмах Грышынай рукі – на трактары і апошнім возе ўзнімаюцца да неба чырвоныя сцяжкі, вецер лёгка калыша іх у яркіх промнях сонца. А сам камандуючы што ёсць моцы нацягвае мяхі гармоніка, выводзячы мелодыю “Широка страна моя родная”. Замест барабанаў надрыўна грукоча трактар, трапечуць сцяжкі, разліваецца прыгожая мелодыя, раз-пораз равуць валы, і Грыша, скаціўшыся з воза, па-вайсковаму дакладвае: “Калгас “Пагранічнік” даставіў дзяржаве першыя тоны вітаміннага сена”. З вясёлым тварам прыёмшчык паціскае руку і, падцягваючы порткі, што спаўзалі да зямлі, вядзе абоз да месца разгрузкі. “Вось так, Андруха, – матнуўшы галавой у бок тых бедалаг, што шпарка перакідвалі перасушанае сена, – разумець трэба”, – падміргнуўшы памочніку толькі і прамовіў Пузыр.

«Бусел ужо прыляцеў»
За тыдзень выканаўшы план па сену, калгас прыступіў да ўборкі ранніх зерневых. Звазіць з палеткаў збажыну на месца абмалоту было даручана Грышу Пузыру. Надвор’е дазваляла гэта рабіць, але вось незадача: сапсаваўся маслены насос. Загад старшыні быў кароткі: бяры майго жарабца і дуй у Баркі, у МТС, забяры там патрэбныя запчасткі, укінь мяшок з поштай, бо паштальёнка захварэла, і заскачы на чыгуначную станцыю, там з Ленінграда да Зоі Булыгі прыедзе нейкі іх родзіч.
Адлегласць у 10 кіламетраў старшынёў стаеннік праскочыў за гадзіну. На станцыю Пузыр пад’ехаў якраз да цягніка. У натоўпе Грыша не адважыўся крычаць, хто тут з Ленінграда, і рашыў так: хто першым падыдзе, таго і павязе. А пасажыраў праходзіла шмат. Прайшоў няспешна і мужчына ў паўвайсковай форме, знешні выгляд якога нагадваў гараджаніна. Але ён хутка растварыўся ў натоўпе. За ім, азіраючыся па баках, прашмыгнуў і другі, але хутка вярнуўся і, перакінуўшы амаль пусты салдацкі рэчавы мяшок на другое плячо, падышоў да павозкі і неяк ціха спытаў: “Выпадкам, не ў Жукаўку?”. “Туды! А вы з Ленінграда?”, – узрадаваўся Грыша. Не адказаўшы адразу, незнаёмец, як падалося Грышу, крыху ўздрыгнуў і, расцягваючы словы, з неахвотай прамовіў: “Дык адкуль жа яшчэ”. Хуценька ўскочыўшы ў павозку і зноў агледзеўшыся, незвычайным, яшчэ больш загадкавым голасам, “ленінградзец” прамовіў: “Ну дык давай! Бачыш, сонца нізка – вечар блізка. А да Жукаўкі той далёка?” “А што, вы ў нашых мясцінах не бывалі? – пытаннем на пытанне адказаў Пузыр”. “Не! – рэзка адказаў спадарожнік, але, спахапіўшыся, дадаў: – Давялося. Партызанам тут бегаў, але мала”. Шмыгаючы наўкола вачыма, ён хутка пераскокваў з аднаго пытання да іншага, уважліва пры гэтым вывучаючы мясцовасць у заходнім напрамку. У разбітых кірзавых ботах, моцна паношанай фуфайцы і ў зеленаватага колеру портках ён больш паходзіў на бадзягу, чым на гараджаніна. Па твары яго час ад часу праскоквала нервовае трымценне, вочы пад густымі вейкамі выдавалі яго насцярожанасць і затоеную рашучасць. “А пасля партызанаў з салдатамі-братушкамі датупаў да Кёнігсберга, – парушыў маўчанне спадарожнік. – Гора хапіў па горла, а зарабіў вось толькі гэтыя бляшанкі, – разгарнуўшы фуфайку, паказаў некалькі медалёў. – Да ордэна быў прадстаўлены, але вайна закончылася, – з нейкім жалем дадаў ён. – А вось таго лесу і ўзвышшаў я чамусьці тады не бачыў. А што за імі?” Грыша маўчаў, абдумваючы свой адказ: “А за імі, кажуць, чужая зямля. А чыя яна, не ведаю”. “Чужая, кажаш, – і твар бадзягі застыў у ледзь бачнай усмешцы. – Вось так, браце, і жывем, не ведаючы, дзе наша, а дзе ваша. А ведаць трэба: мы за  нашу зямельку крывёй плацілі. Не ведаю, як табе, а мне кожная травінка люба-дорага. А ведаеш што, прыпыні ты свайго скакуна, і яму лягчэй будзе, і  я свае хадулі крыху разамну”. І, ускінуўшы свой рэчавы мяшок, хуценька саскочыў на зямлю. “Будзь здароў, сябар”, – на развітанне прамовіў “ленінградзец” і, спусціўшыся ў лагчыну, знік з вачэй.
Даўшы волю стаенніку, Грышка праз паўгадзіны быў ужо ля канторы калгаса. З незразумелай яму самому трывогай у сэрцы коратка расказаў старшыні аб сваёй паездцы, аб збеглым ад яго бадзягу і, памаўчаўшы крыху, дадаў: “Здаецца мне, што гэта не той чалавек, за якога ён сябе выдае”. “Не той, кажаш, а хто ж тады? – спытаў старшыня і палажыў сваю цяжкую руку бывалага марака на плячо Грышу. – Мы – мяжа, таварыш Пузыроў. Разумееш?” – і хутка пакрочыў у свой куток, які жартаўліва называў кабінетам. З прыадчыненых дзвярэй да Грышы даляцелі толькі тры словы: “Бусел ужо прыляцеў”. Каму старшыня гаварыў па тэлефоне тыя тры словы, ён не ведаў. А на недалёкай ад калгаса пагранзаставе тыя тры словы хуценька ператварыліся ў загад дазорам узмацніць назіранне за аб’ектам. Групе захопу – гатоўнасць нумар адзін!

Святая вада
Спякота стаяла вар’яцкая, і, скаціўшыся да рэчкі, Пузыр абмыў твар, грудзі халоднай вадзіцай і на хвіліну прытуліўся да густой вярбы, з-пад каранёў якой танюсенькай нітачкай струменілася крынічная вада. А чым яна не святая, усміхнуўшыся падумаў ён і, не раздумваючы, да краёў напоўніў сваю біклажку. Хай старая выганяе з сябе той нагавор. Асцярожна паклаўшы посуд са святой вадой пад сядзенне, накіраваў нагружаны трактар на месца  абмалоту. З-за клубаў пылу ён не заўважыў, як перад трактарам з’явіўся нямецкі “опель”. Няўжо фрыцы, мільганула думка (у той час яшчэ дзе-нідзе ў адзіночку, а то і цэлымі групамі хадзілі недабітыя фашысты). Як паведаміць у калгас – было самае галоўнае для яго цяпер. І зусім збянтэжыўся, калі ўбачыў выйшаўшых з машыны старшыню, сакратара райкама партыі і двух вайскоўцаў-афіцэраў. Хутка падышлі сюды жанчыны-жнеі, вязальшчыкі снапоў, грузчыкі збажыны. Акінуўшы поглядам прысутных, па гадах ужо немалады, афіцэр у форме пагранічніка прамовіў: “Не мог зразумець у час вайны, не магу і цяпер зразумець, адкуль бяруцца ў нашага савецкага чалавека сілы на цяжкую працу, цярплівасць, вытрымку, а калі патрэбна і на подзвіг. Адкрытаму ворагу мы палажылі канец, а схаваных яшчэ хапае, і распазнаць іх бывае даволі цяжка. Ваш аднавясковец Рыгор Сцяпанавіч Пузыроў распазнаў аднаго з такіх, дзякуючы яму нам удалося затрымаць і абясшкодзіць небяспечнага ваеннага злачынцу, які збіраўся ўцячы за кардон. – Павярнуўшыся да Грышы, дадаў: – Радзіма высока ацаніла ваш учынак і ўзнагародзіла медалём “За ахову дзяржаўнай граніцы”. Прымаючы чырвоную скрыначку з медалём, разгублены Грышка толькі і прамовіў: “Дык вось які бусел прыляцеў да нас”.
Узрушаны і ўсхваляваны, ён ў той жа вечар з біклагай святой вады наведаўся да старой Макарыхі. Як і сапраўдны чараўнік, заглянуў у яе твар, перахрысціўся, нешта пашаптаў у цёмны вугал, спырснуў вадой з крыніцы і прагаварыў: “Згінь, праклятая, валасатая, зляці ў лясы дрымучыя, у палі шырокія. Я за табою яшчэ прыйду”. І не прыйшоў.
І ніколі не прыйдзе…

Незваротны шлях
Адчапіўшы бароны, якімі рыхтаваў глебу пад азіміну, Грыша сабраўся выязджаць з поля. “Да дому, Лёнік”, – толькі паспеў сказаць хлапчуку, якога катаў, як трактар, праваліўшыся ў струхнелы нямецкі бліндаж, паросшы густою травою, пачаў падаць з крутога берага ў раку. У лічаныя хвіліны Грыша паспеў адчыніць кабіну і як мага далей выштурхнуць хлопца, а для свайго ўратавання не хапіла часу, і машына падмяла яго пад сябе.
У апошні незваротны шлях Грышу Пузырова праводзіў натоўп вяскоўцаў, уперадзе якога крочыла старая Макарыха, нагавор з якой так удала зняў нябожчык, і дзевяцігадовы Лёнік. Ён нёс свайму выратавальніку маленькі вяночак, сплецены з васількоў і белых рамонкаў.
А на магілу, як сімвал адраджэння знявечанага вайною жыцця, старшыня “Пагранічніка” паклаў невялікі снапок жыта – даніна тых, хто прадоўжыць тое адраджэнне, якім бы цяжкім яно ні было.

Надрукавана ў №90, 92 ад 17 и 24 лістапада 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *