Шумилинский район подводит итоги 2015 года, ставит новые задачи на 2016-й

Актуалии Президент Экономика

Будзе вытворчасць – будзе і бюджэт
У пераднавагоднія дні прынята падводзіць вынікі адыходзячага года, будаваць планы на год надыходзячы. Вось і на сумеснае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло ў панядзелак 21 снежня, было вынесена два пытанні: “Аб выніках работы народнагаспадарчага комплексу Шумілінскага раёна ў 2015 годзе і прагнозе на 2016 год” і “Аб выніках выканання бюджэту раёна за 11 месяцаў 2015 года і аб раённым бюджэце на 2016 год”.
З дакладам па першым пытанні выступаў намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў. Агульная эканамічная сітуацыя ў краіне, крызісныя з’явы ў Расіі, якая з’яўляецца асноўным знешнеэканамічным партнёрам шумілінскіх прадпрыемстваў, паўплывалі на сітуацыю ў эканоміцы раёна. З усіх прагнозных паказчыкаў у раёне выканана толькі два. Прастой Обальскага керамічнага завода з-за мадэрнізацыі прывёў да невыканання паказчыка па вытворчасці прамысловай прадукцыі, не вельмі добра спрацавалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, большасць якіх дапусціла зніжэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Зніжаны паказчыкі экспарту паслуг, не выкананы планы ў гандлі. Расце запазычанасць прадпрыемстваў, існуе праблема затрымкі заработнай платы, асабліва на прадпрыемствах АПК.
Разам з тым ёсць і станоўчыя прыклады. За год у раёне ўведзена 4 140 тысяч кв. метраў жылля і 44 сям’і атрымалі кватэры ці новыя дамы. Да 52% мясцовых відаў паліва выкарыстоўвае жыллёва-камунальная гаспадарка раёна, зніжаючы закупкі імпартнага газу. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 103,9%, у тым ліку прамыя замежныя інвестыцыі – 320 тысяч долараў ЗША. У раёне ствараюцца і развіваюцца прыватныя прадпрыемствы. У ходзе аўкцыёнаў уцягнуты ў гаспадарчы абарот 2 аб’екты нерухомасці, якія не выкарыстоўваліся.
Дэмаграфічныя паказчыкі: хаця дзетак нарадзілася сёлета больш, чым ў мінулым годзе, насельніцтва раёна ў цэлым працягвае скарачацца.
На 2016 год прапанаваны дастаткова напружаныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна: трэба забяспечыць рост прамысловай прадукцыі на ўзроўні 120,8%, сельскагаспадарчай – 102,5%, плануецца ўвесці 3500 кв. м жылля, рост экспарту тавараў складзе 107%, экспарту паслуг – 106%, рознічнага тавараабароту – 101%, інвестыцый у асноўны капітал – 105%, у тым ліку прамых замежных – 500 тысяч долараў, сярэдняя зарплата чакаецца на ўзроўні 5 376 тысяч рублёў.
Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, трэба на кожным прадпрыемстве ўлічыць памылкі і пралікі сёлетняга года і так скарэкціраваць работу, каб выканаць усе запланаваныя паказчыкі. Намеснікам старшыні райвыканкама неабходна правесці абарону бізнес-планаў на 2016 год прадпрыемстваў і арганізацый, якія яны курыруюць.
Былі заслуханы справаздачы дырэктара ААТ “Лаўжанскае” А. А. Кавальчыка, дырэктара ААТ “Прыазёрны мір” В. В. Багаткі, дырэктара КУСГП “Сіроцінскі” М. У. Прыгодзіча. Дырэктар ААТ “Обальскі керамічны завод” П. І. Манак адказаў на пытанні пра тэрміны завяршэння рэканструкцыі цэха №2 і наяўнасць рынкаў збыту прадукцыі, у першую чаргу знешніх.
Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка паведаміла пра выкананне раённага бюджэту за 11 месяцаў бягучага года і пра планы на бюджэт наступнага года. Нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю, раённы бюджэт у асноўным выконваецца, захоўвае сацыяльную накіраванасць.
Асноўнымі крыніцамі даходаў бюджэту з’яўляюцца падаходны падатак (49%), падатак на дабаўленую вартасць (15%), іншыя плацяжы. Уласныя даходы складаюць 39% бюджэту, датацыя – 59%, іншыя трансферты – 2%. Чакаецца, што бюджэт раёна па выніках года недаатрымае каля 8,7 мільярда рублёў.
У расходах бюджэту 41,3% займае адукацыйная галіна, 21% — жыллёва-камунальная гаспадарка, 17,7% – ахова здароўя, 5,4% – культура, 4,8% – сацыяльная палітыка, 1,7% – фізічная культура. У раёне праводзіцца пэўная работа па атрыманні дадатковых даходаў у бюджэт, скарачэнні выдаткаў.
Праект бюджэту на 2016 год сфарміраваны на падставе палажэнняў Асноўных напрамкаў бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2016 год: індэкс росту ВУП – 112,3%, інфляцыі – 115,1%.
Агульная сума даходаў прагназуецца на ўзроўні 113,6%, падаткі складуць 84,4% ад агульнай сумы даходаў, непадатковыя плацяжы – 15,6%.
Захаваецца сацыяльная накіраванасць раённага бюджэту: выдаткі на невытворчую сферу складуць 77,3%, на народную гаспадарку – 22,7%. На сацыяльную сферу плануецца накіраваць 69,3% ад агульнага аб’ёму расходаў раённага бюджэту.
Падводзячы вынікі абмеркавання, старшыня райвыканкама У. П. Куранны заўважыў, што напаўненне бюджэту і вытворчая сфера вельмі цесна звязаны. Менавіта падаткі, іншыя паступленні ў бюджэт ад арганізацый і прадпрыемстваў раёна складаюць асноўныя крыніцы даходаў бюджэту. Няма вытворчасці – не будзе і бюджэту, адзначыў кіраўнік раёна.
Па абмеркаваных пытаннях прыняты сумесныя рашэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага  камітэта. Акрэсленыя пытанні вынесены на абмеркаванне і зацвярджэнне сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая праходзіць сёння, 24 снежня.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 100 ад 24.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *