Ветеран войны Иван Павлович Борисевич отпраздновал своё 90-летие. Поздравляем и желаем здоровья!

Актуалии

Не забыць вайны салдату
Сёння, калі свет вакол, здрадзіўшы самым сакральным паняццям, забыўшыся на важнасць кожнага асобна ўзятага чалавечага жыцця, ваюе, як ніколі актуальнымі становяцца традыцыйныя пажаданні міру і спакою. І  ніводнаму беларусу не трэба тлумачыць, што няма нічога больш жудаснага, чым вайна. Мы даўно радуемся міру, здаецца, прывыклі да яго, але ў вачах кожнага салдата – памяць пра вайну. Памяць, якая не здраджвае ніколі…
1 студзеня Івану Паўлавічу Барысевічу споўнілася 90 год. Павіншаваць ветэрана з такім слаўным юбілеем у Обаль прыехалі кіраўнік раёна Аляксандр Снараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Кацярына Палоўнікава і іншыя госці. Такая ўвага невыпадковая: біяграфія Івана Паўлавіча – прыклад стойкасці, мужнасці і невычэрпнай працаздольнасці. Ён шмат зрабіў для сваёй радзімы: адстойваў яе свабоду і незалежнасць у гады вайны, усё жыццё аддана працаваў, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі. Ён добры сем’янін, сапраўдны патрыёт сваёй краіны.
Здароўя і доўгіх гадоў жыцця пажадаў ветэрану кіраўнік раёна Аляксандр Іванавіч.  “Нізкі паклон вам за наш сённяшні мір, за тое, што вы ўсё жыццё пражылі годна. Вы несяце званне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, пераможцы з гонарам. Вы актыўна ўдзельнічалі ў патрыятычным выхаванні моладзі, беражліва ставіліся да памятных месцаў, заўжды ўдзельнічалі ва ўсіх патрыятычных акцыях”, – са словамі ўдзячнасці і віншаванняў звярнулася да ветэрана Ірына Мікалаеўна. Кацярына Фамінічна далучылася да віншаванняў, парадавалася таму, што Іван Паўлавіч разам з жонкай Палінай Андрэеўнай столькі год жывуць у любові і згодзе.
І. П. Барысевіч стаў адным з герояў праекта “Мы гэтай памяці верныя”. Яго ўспаміны пра вайну старанна запісалі вучні Обальскай школы – сёння кожнае слова ўдзельніка вайны на вагу золата, так няшмат іх засталося з намі.
…Іван Паўлавіч рос у вялікай шматдзетнай сям’і, дзе быў старэйшым з дзяцей. У свой час вучыўся ў Обальскай школе. Вучыўся на пяцёркі, меў добрую памяць. Да вайны паспеў скончыць 7 класаў. Планаваў паступаць у Віцебскі тэхнікум гандлю. Але дакументы падаць не паспеў – пачалася вайна. Было яму тады 15 год. Жывучы ў акупацыі, бачыў гора і пакуты, разам з сябрамі не па-дзіцячы шмат і цяжка працаваў: яны рубілі лес, будавалі дарогі. Успамінае, што за любую правіннасць іх жорстка білі.
У 1944-м маладога хлопца прызвалі ў армію. Батальён, у якім служыў Іван, налічваў 120 чалавек, але баі пакінулі ў жывых усяго 17 з іх. У адным з баёў маладому салдату ўдалося захапіць у палон малодшага нямецкага афіцэра, у якога быў планшэт з каштоўнай інфармацыяй. Але і сам Іван Паўлавіч быў цяжка паранены. Ён і сёння ўдзячны сваім аднапалчанам, якія знайшлі яго пад заваламі ледзь жывога. Паўгода ляжаў у шпіталі. Быў увесь у асколках. Адзін асколак і сёння носіць у целе.
Самыя цяжкія баі, успамінае, былі ва Усходняй Прусіі. Перамогу застаў у шпіталі. Успамінае слёзы радасці,  якія перапаўнялі кожнага ў гэты дзень.
Пасля вайны Іван Паўлавіч ажаніўся, разам з жонкай Палінай Андрэеўнай пражыў разам больш за 65 год. Вырасцілі дваіх дзяцей. 33 гады Іван Паўлавіч адпрацаваў у камбінаце бытавога абслугоўвання, з’яўляецца заслужаным работнікам службы быту Беларусі…
***
Шмат кветак і падарункаў атрымаў Іван Паўлавіч у гэты дзень. Ён прызнаўся, што вырашаць любыя праблемы яму заўжды дапамагаюць Обальскі сельвыканкам, роднае прадпрыемства, ветэранская арганізацыя. І наогул ён упэўнены, што дзяржава годна клапоціцца пра старэйшае пакаленне, не забывае, не пакідае без увагі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №3 ад 12.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *