Наша вёска — наш клопат

Власть

У вёсцы жыць добра, лепш, чым у горадзе – гэтае перакананне старшыні Мікалаёўскага сельскага Савета Аляксандра Казлоўскага і дае яму энергіі для рэалізацыі ў жыццё новых і новых задум.
У свой час, калі толькі заступіў на гэтую адказную пасаду, цвёрда вырашыў, што пачынаць сваю работу трэба з духоўнага, тады і людзі не застануцца ў баку. І пачаў арганізоўваць работу па добраўпарадкаванні могілак у Мікалаёве. Сёння ўжо цяжка ўявіць, што зусім нядаўна тут было непралазнае кустоўе, ператворанае гадамі і людзьмі ў сметнік, быльнёг і запусценне.
Знакавымі Аляксандр Іванавіч  лічыць 2007–2008 гады, калі Саветам даволі актыўна выкарыстоўваліся сродкі фонду садзейнічання занятасці. На 50 мільёнаў можна многае, многае і было зроблена. Цяпер трэба толькі падтрымліваць парадак, прыўносячы нешта новае і арыгінальнае. І гэтым новым, нечым для душы, пастаянна і заклапочаны старшыня. Так з’явілася ў цэнтры вёскі статуэтка Маці Божай – падстава для асаблівага гонару. Аснова ў форме крыжа, лаўкі паабапал, кветкі, а далей – вадаём (не трэба і гаварыць, што раней гэтае месца не ўяўляла сабой ніякай эстэтычнай каштоўнасці) – тут сапраўды можна спачыць душой, чаго ніколі не прамінуць зрабіць вяскоўцы. Маёўкі, рэлігійныя святы, спатканні – не ў кожнай вёсцы знойдзецца, дзе правесці гэты час па-сапраўднаму добра.
У А. Казлоўскага лёгка атрымліваецца тое, за што многія на яго месцы і не бяруцца, як за безнадзейнае. Ён можа арганізаваць людзей, пераканаць іх у неабходнасці змяненняў да лепшага, зацікавіць новай ідэяй. Узяў і прыйшоў на дыскатэку, каб запрасіць моладзь дапамагчы высекчы кустоўе. І за два дні, узброеныя інструментам хлопцы і дзяўчаты, на чале з генератарам ідэі пазбавіліся ад гектара непрывабнага хмызняку. І такіх прыкладаў – мноства.
І людзі, увачавідкі назіраючы за зменамі, радуюцца зробленаму і імкнуцца прыняць удзел у гэтых пераменах.  І не толькі мясцовыя жыхары.
– Добра, калі ўдзел, скажам, у добраўпарадкаванні могілак прымаюць яшчэ і гараджане, тыя, чые родныя тут пахаваныя. Таму на Тройцу, калі ўсе едуць да магіл продкаў, мы таксама арганізоўваем збор сродкаў. І гэта нам удаецца. Вось зусім нядаўна, напрыклад,  паспяховы прадпрымальнік з Мінска пералічыў два мільёны на добраўпарадкаванне могілак у вёсцы Бубалі.
У маладога старшыні яшчэ поўна ідэй. Хочацца, кажа, зрабіць нешта грунтоўнае, тое, што – на вякі. І ў яго атрымаецца. Бо заручыўся людской павагай, абзавёўся надзейнымі паплечнікамі і, галоўнае, шчырай верай у тое, што ўсё атрымаецца. Па-іншаму не бывае, калі дужа хочаш і стараешся.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *