Вас зразумеюць толькі па-беларуску

Духоўнае Общество

Вас зразумеюць толькі па-беларуску
Чалавек, які размаўляе па-беларуску, па меншай меры выклікае цікавасць. Згадзіцеся. Радуе, што як бы там ні было, але такіх людзей становіцца ўсё больш. Асабліва, сярод маладых людзей.

Гучыць, канешне, парадаксальна: у краіне становіцца ўсё больш носьбітаў роднай мовы, але ж мы зыходзім з нашай рэальнасці. На якой бы мове мы не гаварылі, нас радуюць білборды з сацыяльнай рэкламай у падтрымку мовы ці проста напісаныя па-беларуску. Беларуская тэлевізійная рэклама, календары, узоры на сарочках – усё гэта цікава і нікога, здаецца, не раздражняе.
Інтарэс да мовы непазбежна цягне за сабой інтарэс да гісторыі свайго краю, традыцый – усяго, што звязана з беларускасцю. Гэта абнадзейвае. Гэта сапраўды становіцца модна.
Вядома, ні пра якую моду мы не думалі, калі вучыліся ў беларускай школе. Гэты “бонус” падарыла многім (у тым ліку і мне) вясковае дзяцінства. Усе прадметы ў вясковых школах вяліся на роднай мове. З большым ці меншым поспехам (усё залежала ад канкрэтнага настаўніка), але на беларускай. Па фізіцы мы вывучалі “ціск” а не “давление”,  па матэматыцы – “лічнік і назоўнік”, а не  “числитель и знаменатель”. Сварыліся і чыталі нам натацыі настаўнікі па-руску ці на трасянцы, а прадметы выкладалі, як і належыць, на беларускай мове. І сёння нават тыя з нас, хто не заканчваў беларускіх філфакаў, мову разумеюць і гаварыць на ёй могуць.
Многія вясковыя школы і зараз  беларускамоўныя. Але ўлічваючы той факт, што далёка не ў кожнай вёсцы сёння ёсць школа і, прынамсі, самі дзеці, становіцца зразумела, што такая натуральная беларускасць – хутчэй рэдкасць. Гарадскія бацькі павінны праявіць пэўную свядомасць, каб аддаць дзіця ў беларускамоўныя садок ці школу, колькасць якіх змяншаецца.
Да чаго гэта я? Пісала неяк пра адзін вясковы садок, размаўляла з загадчыцай, выхавальніцай, вядома, з дзеткамі. Дык вось, калі дзяцей спытаць пра “буквы”, то яны нічога не змогуць адказаць. А вось пра літары яны ведаюць многае, і пра гукі таксама. Пра галосныя і зычныя, свісцячыя і шыпячыя, цвёрдыя і мяккія. Вось як усё, аказваецца, проста.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 5 ад 19.01.2016 г.



4 комментария по теме “Вас зразумеюць толькі па-беларуску

  1. Менск, здаецца. найбольш прагрэсіўна развіваецца і ў гэтым. Вывучаць беларускую мову ў сталіцы стала нават модна: http://www.movananova.by/
    Дарэчы. курсы беларускай мовы адкрываюцца і ў іншых гарадах Беларусі. Каб у Шуміліна знайшліся жадаючыя гэтым займацца, магчыма, такія курсы адбываліся б і тут.

  2. Дарэчы, можна было б зрабіць добры рэпартаж для газеты пра гэтыя курсы.

  3. Так, ёсць такія курсы і ў Віцебску. Пры жаданні можна ўдзельнічаць. Яны праходзяць звычайна па выхадных, часта з удзелам беларускіх гуртоў. Гэта цікава. МОВА НАНОВА.

  4. Было б добра, калі б культурай продкаў мы цікавіліся так, каб у выніку такія курсы адбываліся ў кожным райцэнтры… Хочацца памарыць)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *