На улице Юбилейной в Шумилино родители сами сделали каток

Актуалии Общество Спорт, туризм

Як бацькі каток зрабілі
Выдатна, калі дзеці цікавяцца актыўным адпачынкам. У гэтым упэўнены жыхары шматкватэрных дамоў “Верхняга горада”. Малыя даўно аблюбавалі месца каля крамы “Маладзёжная” (былы “Грыль бар”), абралі яго для сваіх футбольных баталій. Бацькі Максім Крыгін, Аляксандр Прусакоў і Аляксей Карэлін  выступілі з  ініцыятывай зрабіць каля дома №65 па вуліцы Юбілейнай  пляцоўку для гульні ў міні-футбол.  Ідэю падтрымалі ў  камунгасе і ДРБУ-204, менавіта яны бясплатна выдзелілі тэхніку, каб выраўніць  пляцоўку, а з камунгасу далі трубы, з якіх бацькі зрабілі вароты. Так і “нарадзілася” міні-пляцоўка.
З наступленнем маразоў у дзяцей і жыхароў дома з’явілася яшчэ адна ідэя – зрабіць на пляцоўцы каток. “Дзецям за радасць пагуляць у хакей ці проста пакатацца на каньках. Ды і зручная нагода хоць нейкім чынам адцягнуць дзяцей ад камп’ютараў, – дзеліцца Максім Крыгін. – Да каткоў у цэнтры – далекавата, дзяцей адных не пусціш. А тут побач, у двары, пад наглядам”. Жыхары звярнуліся ў  камунгас, а таксама ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. І зноў-такі, знайшлі разуменне і падтрымку.
Дзеці з нецярпеннем чакалі каток, пастаянна цікавіліся ў дарослых, калі будуць заліваць. Заліўка лёду стала сапраўдным святам – малыя не маглі дачакацца, калі выйдуць на лёд, яны ўсім выглядам паказвалі, што гэта іх каток і яны гатовы за яго несці адказнасць. Дарэчы, пасля снегападу дзеці самі паклікалі дарослых на расчыстку снегу, першымі ўзяліся за шуфлі (на здымку).
“Наконт пляцоўкі ў нас, бацькоў, багата планаў, будзем яе добраўпарадкоўваць, – расказвае Аляксандр Прусакоў. – Вясной засеем спецыяльнай газоннай травой, уздоўж пляцоўкі пасадзім дрэвы, зробім яшчэ некалькі лавачак”. Але не ўсё могуць зрабіць жыхары сваімі сіламі. Так, напрыклад, просяць дапамогі ў асвятленні пляцоўкі, ды і з заліўкай лёду часам дапамагчы трэба.
Такая ініцыятыва, нягледзячы на тое, што бацькам прыйшлося і шмат пахадзіць, і самім папрацаваць, заслугоўвае павагі. Хацелася б, каб і ў іншых шматкватэрных дамах знайшліся такія бацькі і зрабілі падобнае, для сваіх жа дзяцей.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №6 ад 22.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *