30 января, в субботу, «прямую линию» с жителями района провела председатель районного Совета депутатов Ирина Новикова

Актуалии Президент

У каго вады няма, а кагосьці топіць
Веснавое надвор’е ў канцы студзеня ў значнай ступені вызначыла характар тэлефонных званкоў на “прамую лінію”, якую ў мінулую суботу праводзіла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Тры з сямі тэлефанаванняў тычыліся падтаплення зямельных участкаў і будынкаў талымі водамі. Двое жыхароў Шуміліна (з вуліцы Ленінскай і вуліцы Сіпко), якія пражываюць у прыватных дамах, паскардзіліся на тое, што падтоплены іхнія дамы.
Аператыўны выезд санітарнай службы на вуліцу Ленінскую ў раён СТАА “Вітконпрадукт” паказаў, што прадпрыемства разам з РАНС ужо арганізавала адпампоўванне вады. Падобная сітуацыя і на вуліцы Сіпко, дзе сезонна адбываецца падтапленне участкаў, размешчаных у нізіне. Абедзве сітуацыі патрабуюць вывучэння спецыялістамі з мэтай уладкавання пастаяннага сцёку паверхневых вод, каб не падтопліваліся зямельныя ўчасткі і пабудовы грамадзян.
Трэці званок змяшчаў скаргу на тое, што пасля ўладкавання на пешаходным пераходзе так званага “ляжачага паліцэйскага” быў перакрыты натуральны сцёк вады, якая ўтварае лужыну на пераходзе і сцякае ў двары. Даручэнне разабрацца на месцы і выправіць сітуацыю  атрымалі дарожная і камунальная службы.
Два тэлефанаванні было ад жыхароў вёскі Гаравыя Обальскага сельсавета. Іх турбуе адсутнасць вады ў водаправодзе. Гэтая праблема добра вядомая раённым уладам, яна на кантролі. Справа ў тым, што свідравіна ў Гаравых выпрацавала свой рэсурс. Да таго, на ўзровень падземных вод паўплывалі некалькі засушлівых гадоў запар. Улады шукаюць усе магчымасці, каб вырашыць пытанне, але патрабуецца час і значныя грашовыя выдаткі. Пакуль жа камунальныя службы па просьбе старшыні райсавета арганізавалі падвоз вады ў вёску. Дарэчы, падобныя праблемы існуюць яшчэ ў некалькіх вёсках раёна.
З Гаравых таксама папрасілі адрамантаваць дарогу, разбітую цяжкімі аўтамабілямі. І. М. Новікава даручыла ДРБУ-204 правесці ямкавы рамонт дарогі.
Жыхарка аграгарадка Слабада паскардзілася на незахаванне тэмпературнага рэжыму ў кватэры. Зварот пастаўлены на кантроль, сітуацыю з выездам на месца вывучаць спецыялісты жыллёва-камунальнай службы, адказала Ірына Мікалаеўна заяўніцы. Але ў дадзеным выпадку трэба прымаць кардынальнае рашэнне, бо ў 20-кватэрным панельным доме засталіся тры жылыя кватэры і падтрымліваць там нармальныя ўмовы цяжка і затратна як для УП ЖКГ, так і для жыхароў дома.
Званок з вёскі Лескавічы тычыўся выплаты аднаразовай дапамогі з выпадку нараджэння дзіцяці і выплаты дапамогі на дзіця. Пытанне вельмі набалелае і знаходзіцца на пастаянным кантролі улады ўсіх узроўняў. Выплата дзіцячых дапамог – у ліку першачарговых выплат, і кіраўніцтва райаграсэрвісу атрымала даручэнне выплаціць доўг.
Зараз існуе шмат розных форм сувязі ўладных структур з насельніцтвам. Бясспрэчна, калі б усе службы працавалі на апераджэнне, то і зваротаў да кіраўніцтва не было б. Але ў паўсядзённым жыцці бывае ўсякае, сустракаюцца хібы ў рабоце, факты валакіты, і калі грамадзяне маюць магчымасць звярнуцца да кіраўнікоў любога ўзроўню падчас “прамых ліній”, асабістых прыёмаў, дзён інфармавання, гэта дапамагае павысіць эфектыўнасць дзейнасці ўлады. І эфектыўнасць гэтых форм работы даказваецца аператыўнасцю вырашэння праблемных пытанняў, якія турбуюць людзей.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №9 ад 02.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *