Общее собрание ОАО «Приозёрный мир»: 2011 год – новая работа и новые успехи

Актуалии Сельское хозяйство

Пачынаць трэба з парадку на рабочым месцы
Вынікі работы за мінулы год і задачы на год бягучы сталі прадметам абмеркавання на агульным сходзе працаўнікоў ААТ “Прыазёрны мір”.
Асноўны накірунак дзейнасці “Прыазёрнага міру” – вытворчасць малака і мяса, вырошчванне зерня і рапсу, адзначыў у сваім дакладзе дырэктар В. В. Юхнавец. За гаспадаркай замацавана каля пяці тысяч сельгасугоддзяў, але па эфектыўнасці іх выкарыстання  нямала праблем. Напрыклад, летась атрымалі 3300 тон зерня ў бункернай вазе. На фоне астатніх гаспадарак нядрэнна, занялі першае месца ў раёне. Але было б больш аптымізму, каб змаглі выканаць задачы, якія паставілі перад сабой. А па рапсу наогул страты. Ва ўсім гэтым часткова можна спасылацца  на надвор’е: вясной ішлі дажджы, а летам з-за моцнай спякоты зерне не налілося, колас не набраў важкасці. Васіль Васільевіч не скідваў з рахункаў і пралікі спецыялістаў, работу з хібамі падчас ворыва і сяўбы. Крыху спазніліся з падкормкай, некалькі гектараў зерневых пасеялі позна – усё гэта паўплывала на ўраджай. Аб гэтым вяла гаворку галоўны аграном гаспадаркі А. У. Казлова.
Тым не менш у гаспадарцы ёсць надзейны корпус механізатараў. Напрыклад, М. Ф. Карнілаў выканаў сезоннае заданне падчас жніва на 130%, М. Э. Мацюшкоў нарыхтаваў сянажнай і сіласнай масы больш за 17 тысяч тон. Менавіта на такіх рупліўцаў трэба раўняцца астатнім.
Аналіз работы ў жывёлагадоўчай галіне дапоўніла галоўны заатэхнік гаспадаркі М. К. Янушэвіч. Грошы, выручаныя ад рэалізацыі малака, ідуць на заработную плату, выплату падаткаў, аплату за электраэнергію. А ў зімовы час малако – гэта адзіны даход гаспадаркі. Тым не менш заданне па вытворчасці малака выканалі толькі на 86,5%,  на 98% – па рэалізацыі малака дзяржаве.
Што перашкаджае таму, каб выйсці на надой у чатыры тысячы кілаграмаў? Сярод асноўных прычын Марына Казіміраўна назвала працоўную дысцыпліну: трэба пачынаць з парадку на рабочым месцы, з адказнасці. Калі гэтага не будзе, не варта весці гаворку пра тыя абавязацельствы, якія ўзялі сёлета. Для таго, каб плённа і з высокай аддачай працаваць, гаспадарка мае добрую кармавую базу, вядзецца селекцыйная работа. “Дык чаму атрымалася так, што тры даяркі з комплексу надаілі за год столькі ж, колькі ўся ферма Амбросавічы?” – запыталася галоўны заатэхнік. Пытанне было хутчэй  рытарычным.
Хто стараецца – у таго і вынікі: на фермах Дабея і Непароты дояць больш, чым даілі год назад, акрамя гэтага, пачалі здаваць малако гатунку экстра-клас. Як, дарэчы, на фермах Маркава і Амбросавічы. Сёлета здалі 67 тон такога якаснага малака. Павінна палепшыць сітуацыю рэканструкцыя фермы Амбросавічы.
2011 год – старт для новай работы і новых поспехаў. А якімі яны будуць, залежыць ад работы ўсяго калектыву. А тое, што механізатары і жывёлаводы здольныя дамагчыся больш багатага плёну – няма сумненняў, падкрэслілі ў сваіх выступленнях кіраўнік спраў райвыканкама С. Д. Белагалоў і старшыня Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахава. І пацвярджэнне гэтаму – зацверджаны бізнес-план: сёлета трэба павялічыць рост валавой прадукцыі на 30%.
Напрыканцы сходу былі ўзнагароды, быў канцэрт ансамбля “Талака” з Віцебска.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №19 ад 15.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *