“Для дзіцяці зроблена недастаткова, калі не зроблена ўсё магчымае”, – гаварыў Януш Корчак

Общество Семья

“У  нашым  раёне  няма  недагледжаных  дзяцей”
18 лютага пад старшынствам пракурора раёна С. У. Зайцава прайшло сумеснае пасяджэнне раённага каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей ў нядобранадзейных сем’ях” і камісіі па справах непаўналетніх.
“Для дзіцяці зроблена недастаткова, калі не зроблена ўсё магчымае”, – гаварыў вядомы польскі педагог, урач, грамадскі дзеяч Януш Корчак. Узяўшы за арыенцір гэтую жыццёвую аксіёму, здаецца, немагчыма памыліцца. Толькі сёння гаворка ідзе не столькі пра пяшчоту, душэўную цеплыню, нейкія іншыя нематэрыяльныя радасці, з якіх і складаецца простае дзіцячае шчасце, колькі пра тое, што кожнае дзіця найперш павінна быць накормлена, апранута і ў бяспецы. У інтарэсах гэтага сёння працуе цэлая сістэма – зладжаны механізм зацікаўленых службаў і ведамстваў.
Тых, хто можа сабе дазволіць застацца ў баку, проста няма. Пачынаецца гэтая работа ўжо ў той момант, калі будучая маладая маці прыходзіць у жаночую кансультацыю з нагоды цяжарнасці. Вопытнае вока ўрача не пакіне без увагі прыкметы, якія выдаюць сацыяльную нестабільнасць жанчыны. І ў такім выпадку ёй гарантавана асабліва пільная ўвага. Дзіця нараджаецца і “пераходзіць” пад кантроль педыятрычнай службы. “У нашым раёне няма недагледжаных дзяцей”, – заўважыла раённы педыятр Лідзія Суханава, калі расказвала пра работу, якая вядзецца медыкамі па раннім выяўленні нядобранадзейнасці ў сем’ях. Калі ёсць такая неабходнасць, педыятры, фельчары, участковыя тэрапеўты наведваюць пэўную сям’ю часцей, чым гэтага патрабуе іх службовы абавязак.
Уся інфармацыя, якая тычыцца сацыяльнай нестабільнасці ў сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці, акумулюецца ў камісіі па справах непаўналетніх, якая, у сваю чаргу, каардынуе работу ўсіх адказных службаў. За гады сумеснай работы быў выпрацаваны дзейсны механізм узаемадзеяння, які не дазваляе выпусціць з-пад увагі ніводнае дзіця. Такая пільнасць не дае істотна знізіцца колькасці сем’яў, становішча ў якіх прызнаецца сацыяльна небяспечным, але затое і рызыка нейкіх непажаданых для дзяцей сітуацый зводзіцца да мінімуму. За мінулы год 142 дзіцяці з 81-й сям’і былі прызнаны дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Юлія Уласевіч адзначыла, што зняцца з такога ўліку ўсё больш складана: “Гэта магчыма толькі пры поўным выкананні індывідуальных планаў абароны правоў і інтарэсаў дзяцей, станоўчых заключэннях аб становішчы спраў у сям’і”.
Калі прафілактычная работа не прыносіць чаканых вынікаў, калі сітуацыя ў сям’і выходзіць з-пад кантролю, з’яўляецца рэальная пагроза жыццю і здароўю дзяцей, тады прымаецца рашэнне аб дзяржаўнай абароне дзяцей і адабранні іх у бацькоў. За мінулы год 14 дзяцей з 8-мі сем’яў былі прызнаны дзецьмі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Ю. Уласевіч адзначыла, што гэта прымушае некаторых бацькоў рабіць высновы, мяняць свой лад жыцця і наладжваць становішча ў сям’і. У такім выпадку дзеці ім вяртаюцца. 14 дзяцей з 6-ці сем’яў летась былі вернуты на выхаванне родным бацькам.
Вядома, што дзеці з такіх сем’яў, пра якія ідзе гаворка, з-за недахопу выхавання і ўвагі бацькоў асабліва схільныя да неналежных паводзін і нават здзяйснення правапарушэнняў. Таму сацыяльна-педагагічная служба, інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС сочаць за тым, каб вольны час іх быў заняты добрымі справамі – гурткамі, секцыямі, іншымі мерапрыемствамі, летам іх стараюцца забяспечыць працай. Гэта работа таксама дае добрыя вынікі, заўважыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Людміла Грузневіч.
Вялікія намаганні прыкладаюцца і для таго, каб спагнаць з абавязаных асоб грошы, якія дзяржава затраціла на ўтрыманне іх дзяцей. Але, на жаль, паспяховай гэту работу назваць пакуль нельга. У 22-х арганізацыях раёна працуе 76 абавязаных асоб (усяго іх 104). З іх толькі 15-ці чалавекам зарплата дазваляе ў поўным аб’ёме кампенсаваць штомесячныя плацяжы. Нізкая кваліфікацыя такіх работнікаў, іх нежаданне працаваць (за мінулы год імі здзейснена 1318 прагулаў), высокія памеры плацяжоў (даходзяць да больш як васьмі мільёнаў за месяц) прывялі да таго, што за мінулы год было кампенсавана толькі 40% расходаў. Пра гэта гаварылі пракурор раёна Сяргей Зайцаў, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава і іншыя дакладчыкі.
Праведзены аналіз усіх накірункаў работы па абароне дзяцінства паказаў, што выпрацаваны пэўны алгарытм дзеянняў, і гэта дае вынікі. Усе праблемныя моманты навідавоку, што дазваляе эфектыўна іх вырашаць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №17 ад 01.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *