В Шумилино прошла XII районная конференция научных обществ учеников и учителей школ

Образование

Свята будучых вучоных
У мінулую пятніцу актавая зала Шумілінскай СШ №1 сабрала на XII раённую канферэнцыю навуковых таварыстваў вучняў і настаўнікаў школ, якія на працягу вучэбнага года акрамя таго, што вучацца, займаюцца навуковай дзейнасцю: пішуць рэфераты і даследаванні, праводзяць вопыты і эксперыменты, прапануюць гіпотэзы і пацвярджаюць або абвяргаюць іх. Вынікі сваёй дзейнасці вучні школ раёна прадставілі на суд журы.
Мэта такіх мерапрыемстваў, зазначыў у вітальным слове старшыня журы намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч, прыцягнуць дзяцей да навуковай дзейнасці, навучыць іх ставіць і  даследаваць праблему, знайсці творчую ідэю, прадэманстраваць  вынікі сваёй самастойнай працы. Між іншым, гэта своеасаблівая форма работы са здольнымі і таленавітымі дзецьмі.
Інтарэс да навуковай дзейнасці сярод вучняў паступова расце. І гэта пацвярджаюць лічбы. Сёлета на разгляд журы было пададзена 67 работ ад 86 вучняў (у 2015 годзе было 49 работ), у іх ліку 49 індывідуальных работ і 18 – калектыўных.
Па падліках галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аксаны Талстой, найбольшую колькасць навуковых работ падрыхтавалі вучні СШ №1, Обальскай і Башнёўскай СШ. Наогул работа вялася па 13 вучэбных прадметах у сямі секцыях. Самай масавай была секцыя пачатковага навучання.
Адзначыла Аксана Генадзьеўна разнастайнасць і арыгінальнасць навуковых работ, сур’ёзны падыход у выбары тэмы для даследаванняў. Вось, напрыклад, назвы работ-пераможцаў: “Зорка як геаметрычная інтэрпрэтацыя” (матэматыка, Башнёўская СШ), “Трагедыя яўрэяў Шуміліншчыны ў час фашысцкай акупацыі” (гісторыя, СШ №1), “Папірус і папера: ад мінулага да сучаснасці” (гісторыя, гімназія), “Іванаў гай” (пачатковыя класы, Мішневіцкая СШ), “Інфармацыйны праект-прэзентацыя турыстычнага маршрута па родным краі “Па слядах велікана” (біялогія-геаграфія, Слабадская д/с-СШ), “Культура вёсак першай паловы XX стагоддзя, што ўвайшлі ў склад Шуміліна” (беларуская мова і літаратура, СШ №2) і інш.
Пасля работы па секцыях, дзе вучні абаранялі свае навуковыя работы, а журы пасля вызначала лепшых, усе зноў сабраліся ў актавай зале школы для падвядзення вынікаў. Практычна ўсе кіраўнікі секцый адзначылі паляпшэнне якасці работ. Адпаведна, павялічылася і колькасць дыпломаў I ступені, імі адзначана 8 работ (у 2015 годзе – 6). Дыпломамі II ступені ацэнена 15 работ, дыпломамі III ступені – 14 работ.
Калі браць па школах, найбольшая колькасць дыпломаў I ступені – шэсць – у вучняў СШ №1, па пяць дыпломаў – у гімназістаў, вучняў Обальскай школы і Слабадской школы-сада.
На наступным этапе навуковыя работы вучняў, якія атрымалі дыпломы I ступені, прымуць удзел у абласных конкурсах. Так, работы вучняў пачатковых класаў адправяцца на конкурс “Вернісаж”, 5-7 класаў – на конкурс “Я пазнаю свет”, 9-11 класаў – на конкурс навуковых работ “Эўрыка”. Будзем чакаць вынікаў і, канешне ж, перамог.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №23 ад 18.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *