В центре внимания участников заседания Шумилинского райисполкома — проведение весенней посевной

Актуалии Президент Экономика

З пасяджэння райвыканкама: вясенняя пасяўная і рынак працы
“На пасяджэнне райвыканкама вынесена пытанне, ад якога залежыць сацыяльна-эканамічнае развіццё і фінансавае становішча раёна, – правядзенне вясенне-палявых работ у сельскагаспадарчых арганізацыях”, – адзначыў, адкрываючы пасяджэнне, кіраўнік раёна Аляксандр Снараў. На пасяджэнне, якое адбылося ў мінулую пятніцу, 25 сакавіка, былі запрошаны начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікі, галоўныя аграномы і галоўныя інжынеры сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна. У  рабоце браў удзел старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Святаслаў Зароўскі.
З інфармацыяй аб падрыхтоўцы да правядзення вясенніх палявых работ выступіў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Раман Прасветаў. Перад сельгасарганізацыямі раёна стаяць напружаныя заданні: сабраць 38,6 тыс. тон збожжа з плошчы 14,1 тыс. гектараў (га) пры ўраджайнасці 30,1 ц/га, бульбы 4 тыс. тон з плошчы 150 га пры ўраджайнасці 267 ц/га, насення рапсу – 3,7 тыс. тон з плошчы 3718 га пры ўраджайнасці 10 ц/га.
Трэба пасеяць больш за 8 тыс. га яравых зерневых, 3 тыс. га кукурузы, 2,4 тыс. га яравога рапсу, падсеяць 5,4 тыс. га шматгадовых траў.
Як адзначыў Раман Фёдаравіч, у сельскагаспадарчых арганізацыях выкананы пэўны аб’ём работ. Пры патрэбнасці 2,17 тыс. тон засыпана 2,58 тыс. тон насення яравых зерневых культур, усё насенне кандыцыйнае. Ужо падсеяна больш за 2 тыс. га шматгадовых траў. Маецца 124 тоны насення траў, у  тым ліку 45 тон канюшыны. Гаспадаркам трэба назапасіць 7,28 тоны (у дзеючым рэчыве) мінеральных угнаенняў. План унясення арганікі складае 206 тыс. тон, ужо вывезена на палеткі 80% да задання.
Для правядзення палявых работ у гаспадарках раёна маецца 251 трактар, у тым ліку 29 – энерганасычаных, спраўныя 88% трактароў. Гатоўнасць прычапной тэхнікі складае 75-89%. Наяўнасць тэхнікі дазваляе правесці сяўбу яравых культур за 20-22 дні, у тым ліку збожжавых – за 10-12 дзён.
Дакладчык адзначыў высокі ўзровень гатоўнасці да пасяўной у КУСГП “Ульскі” і “Мішневічы”, ААТ “Ляжні” і “Прыдзвінскі”.
Былі заслуханы кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, у якіх дапушчана адставанне ад графіка падрыхтоўкі да сяўбы – гэта “Лаўжанскае”, “АграБаравінка”, “Сіроцінскі”, “Шумілінскі райаграсэрвіс”.
Святаслаў Зароўскі заўважыў, што дадзенае пытанне днямі было разгледжана на нарадзе ў старшыні аблвыканкама. Дзяржава дапамагала і будзе дапамагаць аграрыям, але разлічваць сёлета на вялікую фінансавую падтрымку не варта, трэба рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы, што ёсць. Асноўная нагрузка па правядзенні работ кладзецца на плечы кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, але дапамагчы сялу трэба і ўсім гарадскім арганізацыям.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава звярнула ўвагу кіраўнікоў на неабходнасць падтрымкі асабістых прысядзібных гаспадарак. Трэба правесці работу па ўключэнні прыватных зерневых плошчаў у палі севазвароту (гэта работа добра пастаўлена ў Лаўжанскім і Дабейскім сельсаветах), дапамагчы апрацаваць прысядзібныя ўчасткі. Востра стаіць пытанне аб закупцы цялят у насельніцтва, у тым ліку і праз райспажыўтаварыства. Ірына Мікалаеўна падкрэсліла, што трэба выкарыстоўваць усе магчымыя формы разліку за закупленых цялят, у тым ліку натуральныя і ў лік платы за паслугі па апрацоўцы прысядзібных участкаў.
Па выніках абмеркавання праект рашэння вырашана прыняць пасля дапрацоўкі з улікам выказаных прапаноў і заўваг.
Па другім пытанні – аб стане рынка працы і задачах па забеспячэнні занятасці насельніцтва на 2016 год– выступіла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава. Сітуацыя на рынку працы раёна вызначаецца пэўнай стабільнасцю, паказчыкі беспрацоўя не выходзяць за прагнозныя рамкі. На 1 студзеня 2016 года ў раёне было 8532 працоўныя, гэта на 95 чалавек менш за мінулагодні паказчык. Зарэгістравана 80 беспрацоўных (+20 да 2015 года). Рост зваротаў беспрацоўных павялічыўся з-за эканамічнай сітуацыі і ў сувязі з прыняццем Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года №3  “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
Ва ўпраўленні маецца 45 вакансій, з якіх 17 – у сельскай гаспадарцы, 13 – у галіне аховы здароўя. Асноўная праблема ў тым, што патрабуюцца кваліфікаваныя спецыялісты, а пераважная большасць зарэгістраваных беспрацоўных маюць агульную сярэднюю ці базавую адукацыю.
За 2015 год упраўленне працаўладкавала 307 чалавек, з якіх 207 –беспрацоўныя. Да аплачваемых грамадскіх работ прыцягнуты 181 чалавек, якім выплачана 220,6 мільёна рублёў. Аднаму беспрацоўнаму прадстаўлена субсідыя памерам 15,7 мільёна рублёў для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Па праграме часовай працоўнай занятасці ў школах раёна працавалі 63 падлеткі, асвоена 147 мільёнаў рублёў. На прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку накіравана 17 беспрацоўных, выдаткавана 82,4 мільёна рублёў.
У 2016 годзе плануецца ўладкаваць на працу 280 чалавек, накіраваць на падрыхтоўку ці перападрыхтоўку 15 грамадзян, арганізаваць грамадскія аплачваемыя работы для 100 чалавек. Будуць арганізаваны работы па часовай працоўнай занятасці для 70 вучняў школ раёна.
У ходзе абмеркавання пытання старшыня райвыканкама і прадстаўнік аблвыканкама падкрэслівалі, што асноўная задача рашэння праблемы занятасці і беспрацоўя заключаецца ў адкрыцці новых працоўных месцаў. Гэтая работа павінна весціся больш актыўна, трэба прыцягваць у раён інвестараў, прапаноўваць ім пустуючыя памяшканні ў аграгарадках і вёсках раёна. Дарэчы, на гэта накіравана  і патрабаванне кіраўніка краіны аб арганізацыі штогод 50 тысяч новых працоўных месцаў. Было пастаўлена пытанне схаванага беспрацоўя, а таксама замацавання ў раёне тых жыхароў, што працуюць за межамі раёна і краіны.
На пасяджэнні былі разгледжаны іншыя аператыўныя пытанні вытворчасці і жыццядзейнасці насельніцтва.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №25 ад 29.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *