И вновь на севе в «Приозёрном мире» — Александр Иванов

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Справяцца сваімі сіламі
На пасяўным агрэгаце ў “Прыазёрным міры” працуе Аляксандр Іваноў (на здымку). Ён у гаспадарцы больш за дваццаць гадоў, і кожны год на пасяўной.
Здаецца, што трактар з цяжкасцю едзе па полі, пераадольваючы нізіны. “Вось “поўзаю” па палетках – не разгонішся, бо месцамі і вельмі гразка, – шчыра кажа механізатар. – Зараз дажджы для нашых палёў – гэта лішняе, бо землі занадта нізкія. Калі некалькі дзён ліўні, то ўвогуле прыйдзецца чакаць, бо на поле не заедзеш”.
Падчас нашага прыезду механізатар Васіль Заяц падвёз на поле насенне пшаніцы. Аляксандр Іваноў вылез з кабіны і сачыў за напаўненнем бункера, у які змяшчаецца 700 кілаграмаў. А пасля – зноў за работу. Робіцца перапынак хіба толькі на абед. Як расказалі механізатары, кожны дзень іх кормяць гарачымі абедамі, якія прывозяць са сталовай ААТ “Лаўжанскае”. Кіраўніцтва гаспадаркі абяцае вылічваць за абеды не больш як 20% ад яго кошту.
“У гэтым годзе нам патрэбна засеяць 800 гектараў яравых зерневых, 350 га рапсу, 200 га аднагадовых і 400 кукурузы, – расказаў галоўны аграном гаспадаркі Вячаслаў Баранок. – У ААТ “Ніва”, што ў Шклоўскім раёне, купілі 15 тон элітнай пшаніцы гатунку “васіліса”, астатняе насенне зерневых – уласнае. Увогуле яравыя зерневыя мяркуем засеяць да 1 мая. Ну, а калі паспрыяе надвор’е, то і раней. Механізатараў у гаспадарцы хапае, на час пасяўной да нас у гэтым годзе нават шэфы не прыехалі. Думаем справіцца сваімі сіламі”. З Віцебскага маслаэкстракцыйнага завода прывезлі 1,4 тоны  элітнага насення рапсу “скіф”, да яго сяўбы мяркуюць прыступіць на днях.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *