Обольская СШ показала мастер-класс

Адукацыя

За вопытам – у Обальскую школу
20 красавіка ў Обальскай школе прайшоў семінар кіраўнікоў навучальных устаноў на тэму “Педсавет як форма кіравання” і ўрок для дарослых “Сёрфінг па аблоках”. У Обаль на чале з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянцінай Мяньковай, спецыялістамі аддзела, дырэктарамі школ прыехалі і настаўнікі для таго, каб абмяняцца вопытам.

Інфармацыйныя тэхналогіі – не раскоша, а жыццёвая неабходнасць
Сёння нават самаму кансерватыўнаму і вопытнаму педагогу наўрад ці ўдасца праігнараваць у сваёй рабоце магчымасці, якія адкрывае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій. Нават калі не браць пад увагу тое, што сучасныя сродкі камунікацыі істотна палягчаюць работу, дазваляюць выкарыстоўваць у навучанні дадатковыя рэсурсы, надаюць уроку такія важныя якасці, як дынамічнасць, аператыўнасць, разнастайнасць, то факт, што любы школьнік даўно і з поспехам імі, гэтымі тэхналогіямі, карыстаецца, не можа пакінуць сапраўднага настаўніка раўнадушным. І хаця б для таго, каб быць са сваім вучнем ды і з усім прагрэсіўным светам на адной хвалі, ёсць сэнс зацікавіцца і прымяняць у навучанні інфармацыйна- камунікатыўныя тэхналогіі. Раней за іншых гэта зразумелі педагогі Обальскай школы, таму сёння яны ўжо могуць гаварыць пра вынікі такой работы, дзяліцца вопытам і напрацоўкамі.

Рэсурсны цэнтр як база для настаўніка
У школе падыходзіць да завяршэння работа па стварэнні рэсурснага цэнтра замежнай мовы – пятага па ліку. З поспехам ужо працуюць інфармацыйна-бібліятэчны рэсурсны цэнтр, прафарыентацыйны, пачатковай школы, рускай мовы і літаратуры. Дырэктар школы Іна Чарнічэнка падзялілася з калегамі вопытам па стварэнні такіх цэнтраў, расказала пра магчымасці, якія яны адкрываюць перад настаўнікамі. Найперш, збіраюцца матэрыялы, у тым ліку электронныя і медыя, сістэматызуюцца, ствараецца каталог, які, дзякуючы школьнай лакальнай сетцы, даступны для любога педагога з любога камп’ютара. Дарэчы, камп’ютары ў школе ёсць амаль у кожным кабінеце, створаны чат, які пашырае магчымасці камунікацыі паміж калегамі.
Калі такая база створана, цэнтр атрымлівае матэрыяльна-тэхнічную падтрымку – камп’ютар, прынтар, тэлевізар і іншае неабходнае для работы. Потым кіраўнік цэнтра прапануе праект па эстэтычным афармленні, увасобіць у жыццё які дапамагаюць Ніна Штокіна – дызайнерскімі ідэямі, Мікалай Фядура – іх рэалізацыяй. Наогул, стварэнне рэсурсных цэнтраў – гэта клопат і работа ўсіх педагогаў школы, заўважыла дырэктар.
Абсалютная большасць настаўнікаў Обальскай школы мае сертыфікат карыстальніка інфармацыйна-камунікатыўнымі тэхналогіямі, і ўсё, што робіцца ў школе ў гэтым напрамку, мае шырокі попыт сярод настаўнікаў. Некаторыя магчымасці былі прадэманстраваны і ў гэты дзень.

“Урок на 10”
У рамках семінара, акрамя ўласна абмеркавання форм і метадаў правядзення педсавета, ладзілася такая форма работы, як “урок на 10”, калі пэўны ўрок, падзяліўшы яго на этапы, вялі тры настаўнікі з розных школ. Гэта была выдатная магчымасць прадэманстраваць разнастайныя формы работы на ўроку, абмяняцца вопытам, пераняць добрыя ідэі калег, і наогул, набрацца азарту і імпэту для новых педагагічных здзяйсненняў.
Напрыклад, урок гісторыі ў 7 класе (на здымку) правялі Ніна Штокіна, “родная” настаўніца, Сяргей Сахончык, гісторык СШ №1, і Дзяніс Арлоў, настаўнік Башнёўскай СШ. Ніна Васільеўна якраз і прадэманстравала перавагі выкарыстання інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій. Незадоўга  да гэтага на электронную  пошту дзецям прыйшлі творчыя дамашнія заданні, якія яны выканалі і адаслалі настаўніцы зноў жа па пошце. А ўжо на ўроку, не бавячы час на класічную праверку, з дапамогай мультымедыйнага праектара настаўніца паказала, як можна правяраць дамашняе заданне. Апантанымі сваім прадметам паказалі сябе і маладыя педагогі. Як заўважыла дырэктар Обальскай школы, падалося, быццам яны вялі ўрок у сваім класе. Паказалі выдатнае валоданне прадметам, жывы тэмп і гарэнне. Усяго ў гэты дзень прайшло восем такіх урокаў.

“Сёрфінг па аблоках”
Намеснік дырэктара Таццяна Мамыка, каардынатар інфармацыйнай прасторы школы, чалавек, які добра разбіраецца ў сучасных тэхналогіях і пастаянна працуе над удасканаленнем і пашырэннем інтэрактыўных магчымасцяў школы, правяла для настаўнікаў майстар-класы па выкарыстанні сэрвісаў  Web 2.0 і воблачных тэхналогій. Атрымаўся такі ўрок для дарослых. Яна дэманстравала разнастайныя інструменты, тлумачыла, як імі карыстацца, расказвала, у якіх выпадках іх можна прымяняць. Сёння вялізная колькасць веб-сэрвісаў распрацавана спецыяльна для напаўнення адукацыйнага працэсу. Іх выкарыстанне дазваляе зрабіць урокі больш разнастайнымі, расшырыць магчымасці выкладання прадмета, выклікаць цікавасць у дзяцей і разуменне таго, што інтэрнэт – гэта найперш невычэрпная крыніца інфармацыі. Стварэнне рэбусаў, крыжаванак, інтэрактыўных плакатаў, прэзентацый, малюнкаў, схем – пералічыць усе магчымасці сацыяльных сэрвісаў складана. Зразумела адно: гэта вельмі цікава, карысна і для настаўніка, і для вучня.
*  *  *
Дзень, праведзены ў Обальскай школе, аказаўся надзвычай насычаным для гасцей. Дырэктары школ і настаўнікі з радасцю выкарысталі магчымасць зносін і абмену вопытам, высока ацанілі работу калектыву Обальскай школы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №35 ад 03.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *