Есть в Мишневичах такой дом милосердия, где находят приют возраст и одиночество

Актуалии Общество

Дом дабрыні і міласэрнасці
Калі хтосьці заходзіць у аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН, што ў Мішневічах, гэта адразу прыцягвае ўвагу пацыентаў. І калі мы адкрылі дзверы, бабулі на калідоры пачалі перашэптвацца: “Да каго гэта? Можа, да нашай суседкі?”.
Вядома, усім, хто знаходзіцца ў аддзяленні, вельмі хочацца, каб іх праведвалі, пыталіся пра здароўе, прыносілі гасцінцы. На жаль, да некаторых прыходзіць няма каму. “Сярод 24 пацыентаў палова – адзінокія людзі, – расказала  загадчыца аддзялення С. М. Якаўлева. – У другой паловы пацыентаў (яны адносяцца да катэгорыі адзінока пражываючых), як правіла, ёсць дзеці. Але па розных жыццёвых абставінах яны не ўзялі бацькоў да сябе. Адны самі хворыя,  другія жывуць далёка. А некаторыя згодны ўзяць  да сябе бацьку ці маці, а тыя ні за што не едуць. Плануюць пабыць у нас да лета, а там – у сваю родную хату. Практычна ўсе жывуць марай, што яны вернуцца дадому: у Сянькова, Крупчына, Мішневічы, Обаль, Сіроціна. Ды некаторыя і трапілі да нас, можна сказаць, у крытычны момант свайго жыцця: самому справіцца аніяк, а людзі, якіх наймалі дапамагаць за грошы, аказаліся ненадзейнымі. Вось і выходзіць, што  лепшы клопат пра састарэлых –  дзяржаўны”.
У аддзяленні створаны неабходныя ўмовы для жыцця састарэлых людзей: светлыя адрамантаваныя палаты, пакой адпачынку, паўнацэннае харчаванне, медыцынскае абслугоўванне. Нядаўна сіламі работнікаў ТЦСАН быў адрамантаваны дах, плануецца замяніць некаторыя дзверы, зрабіць падвесную столь. У будынку былой амбулаторыі нядаўна зрабілі прасторныя гардэроб і склад.
У аддзяленні кругласутачнага знаходжання ёсць сябры і памочнікі. Гэта ў першую чаргу тыя, хто ўваходзіць у апякунскі савет: КУСГП “Мішневічы”, камунгас, “Белпошта”. “У мінулым годзе апякунскі савет сабраў для нашага аддзялення 12,7 мільёна рублёў, – расказала Святлана Мікалаеўна. – Большая частка гэтых грошай пайшла на замену пажарнай сігналізацыі, устаноўку аўтаномнай сігналізацыі “Маланка”. Але нашых сродкаў не хапіла: дадаткова з раённага бюджэту нам было выдзелена 17 мільёнаў рублёў. Мы вельмі ўдзячныя УП ЖКГ, работнікі якога адрамантавалі нам сістэму ацяплення і электраправодку, і сувязістам, якія падарылі нашаму аддзяленню 23 радыёпрыёмнікі”.
На грошы  ТЦСАН  год таму была куплена цяпліца з полікарбанату, з якой летась атрымалі першы ўраджай памідор, гуркоў, зяленіва. Дарэчы, многія састарэлыя з задавальненнем дапамагаюць і на агародзе, і на ўборцы тэрыторыі. Сярод такіх памочнікаў Святлана Мікалаеўна назвала С. І. Котаву з Мішневіч, К. Я. Салаўёва з Шуміліна, В. А. Гаўко з Андрэеўкі, С. А. Катушэнку з Крупчына, П. А. Бялькова  з Латкова.
Для многіх аддзяленне кругласутачнага знаходжання стала ўжо родным домам. Некаторыя знайшлі тут сяброў. Як вось гэтыя дзве жанчыны –  Е. А. Голубева з Мікіціхі і В. І. Чугаева з Ходараўкі (на здымку). У кожнай жанчыны – свая жыццёвая гісторыя, але зараз яны разам у агульнай палаце,  у іх адзіны занятак – вязанне. Праўда, жанчыны мараць, каб іх прыйшлі праведаць хоць далёкія родныя – хочацца некаму падарыць на памяць свой выраб.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Фота Алены КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №38 ад 17.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *