Абраны дэлегаты ад Шуміліншчыны на пяты Усебеларускі народны сход

Актуалии Общество

Абраны дэлегаты ад Шуміліншчыны

Дэлегатамі ад Шумілінскага раёна абраны старшыня раённага выканаўчага камітэта А. І. Снараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, трактарыст-машыніст ААТ “Лаўжанскае” А. В. Барысевіч, дырэктар раённай гімназіі-інтэрната Л. У. Маладзечкіна, дырэктар ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаў.

17 мая у раённы цэнтр культуры на раённы сход, які выбіраў дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу, сабраліся 235 упаўнаважаных ад працоўных калектываў, прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. У пасяджэнні браў удзел намеснік старшыні аблвыканкама В. В. Аскерка.
“На падставе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з 1996 года па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі А. Р. Лукашэнкі, як адна з форм народаўладдзя, праводзяцца Усебеларускія народныя сходы. На сход выбіраюцца дэлегаты з усіх рэгіёнаў краіны, у яго рабоце ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўрада, іншых галін улады, – сказала, адкрываючы раённы сход упаўнаважаных працоўных калектываў па вылучэнні кандыдатаў і выбарах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, кіраўнік раённага арганізацыйнага камітэта старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. – На сходзе ацэньваецца дзейнасць улады, вызначаюцца накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступныя пяць гадоў”.
Сярод удзельнікаў раённага сходу 176 жанчын, 65 прадстаўнікоў моладзі. Удзельнікі сходу прадстаўляюць усе сферы дзейнасці, 71 – рабочыя розных прафесій, 113 – інжынерна-тэхнічныя работнікі і спецыялісты, 66 – кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, 79 – работнікі сацыяльнай сферы.
З дакладам аб сацыяльна-эканамічным развіцці Шумілінскага раёна выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта А. І. Снараў. У 2011-2015 гадах у раёне адбыліся пэўныя пазітыўныя змяненні як у эканоміцы, так і ў сацыяльнай сферы. Актыўна развіваецца прыватны сектар эканомікі, адкрываюцца новыя прадпрыемствы, ствараюцца новыя рабочыя месцы. Асабліва актыўна развіваецца дрэваапрацоўка, транспартныя паслугі, гандаль. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы праведзена мадэрнізацыя буйнейшага прадпрыемства раёна – Обальскага керамічнага завода, які ў сакавіку пачаў выпуск прадукцыі ўжо на новым абсталяванні. У сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі праводзілася мадэрнізацыя кацельняў, інжынерных сетак. У аграпрамысловым комплексе раёна мадэрнізаваны 14 малочнатаварных ферм, узведзены 3 зернесушыльныя комплексы, за пяць год у гаспадаркі раёна паступілі 35 зернеўборачных камбайнаў, 5 энерганасычаных трактароў, 7 кормаўборачных камбайнаў, іншая тэхніка. За пяць гадоў уведзена больш за 28 тысяч кв. м жылля.
У 2016-2020 гадах стаяць задачы павышэння канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў раёна, зніжэння сабекошту прадукцыі, плануецца працягваць мадэрнізацыю на ОКЗ, ва УП ЖКГ, іншых прадпрыемствах. Стаіць задача росту валавой прадукцыі ў сельскай гаспадарцы. За пяцігодку ў раёне будуць уведзены 5 саракакватэрных жылых дамоў. Як адзначыў кіраўнік раёна, трэба захаваць аснову нашага раёна, яго душу, захаваць вёску, культурныя і духоўныя здабыткі. Гэта патрабуе напружанай і адказнай працы кожнага кіраўніка, кожнага работніка на сваім працоўным месцы з мэтай выканання галоўнай задачы – павышэння дабрабыту жыхароў раёна.
Пра сумесную работу органаў кіравання і самакіравання Шумілінскага раёна па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва паведаміла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. За мінулую пяцігодку актыўна ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база аб’ектаў сацыяльнай сферы. Толькі ў рамонт устаноў аховы здароўя выдаткавана больш за 7 мільярдаў рублёў. Абнаўлялася база ўстаноў адукацыі. Удасканальвалася сістэма сацыяльнага абслугоўвання жыхароў раёна, развіваўся гандаль.
Шмат зроблена для паляпшэння ўмоў жыцця людзей у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: уведзена станцыя абезжалезвання вады ў Сіроціне, артэзіянская свідравіна ў Обалі і іншае. Работа ў гэтым накірунку будзе працягвацца і надалей.
Важнае месца ў рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва адыгрывае сістэма работы з жыхарамі населеных пунктаў: рэгулярна праводзяцца Дні работы з насельніцтвам, “прамыя тэлефонныя лініі” з кіраўніцтвам раёна і раённых службаў, сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства, адзначыла Ірына Мікалаеўна. Усё гэта дазваляе выяўляць праблемныя пытанні і аператыўна вырашаць іх. Работа усіх органаў улады, мясцовага самакіравання будзе скіравана і ў будучым на паляпшэнне жыццезабеспячэння насельніцтва рэгіёна.
Па абмеркаваных пытаннях была прынята рэзалюцыя.
І. М. Новікава, якая вяла сход, паведаміла, што згодна з указам Прэзідэнта Беларусі аб скліканні пятага Усебеларускага народнага сходу вызначана колькасць удзельнікаў сходу – 2500 дэлегатаў – па 350 ад кожнай вобласці і 400 ад горада Мінска.
Згодна з устаноўленымі абласным арганізацыйным камітэтам нормамі прадстаўніцтва, ад Шумілінскага раёна на Усебеларускі народны сход аднагалосна былі выбраны пяць дэлегатаў: старшыня раённага выканаўчага камітэта А. І. Снараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, трактарыст-машыніст ААТ “Лаўжанскае” А. В. Барысевіч, дырэктар раённай гімназіі-інтэрната Л. У. Маладзечкіна, дырэктар ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаў.
Пасля заканчэння пасяджэння быў дадзены гала-канцэрт лепшых творчых калектываў устаноў культуры раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №39 ад 20.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *