12 апреля – Международный день первого полёта человека в космос. Всемирный день авиации и космонавтики

Актуалии

Паўстагоддзя на зорным шляху
Генеральная Асамблея ААН  вырашыла абвясціць 12 красавіка  Міжнародным днём першага палёта чалавека ў космас.
Зорка – сімвал чагосьці патаемнага, загадкавага, сімвал мары і далёкай мэты. Зоркі вабілі чалавека заўжды. Людзі імкнуліся вырвацца з калыскі нашай цывілізацыі – планеты Зямля. Вырвацца спачатку ў марах, думках, фантазіях. З  развіццём навукі і тэхнікі – узляцець па-сапраўднаму. Як  ён складваўся — шлях чалавека да зорак?
1957 год — першы штучны спадарожнік Зямлі — маленькі металічны шарык з радыёперадатчыкам унутры і чатырма антэнамі звонку. Але мільёны людзей прыслухоўваліся да ягоных сігналаў, што гучалі з радыёпрыёмнікаў: “Біп… біп… біп”. Яны давалі ўпэўненасць – значыць, чалавек можа вырвацца з абдымкаў Зямлі!
Потым былі Лайка (1957), Белка і Стрэлка (1960), якія даказалі, што ў космасе можна жыць, можна вярнуцца.
А паўстагоддзя таму, 12 красавіка 1961 года ўвесь свет абляцела вестка – ЧАЛАВЕК у КОСМАСЕ! Юрый Гагарын. Менавіта яму лёс наканаваў стаць першым, хто ступіў на шлях чалавецтва да зорак. 108 хвілін, 1 віток вакол планеты.
Гэта потым былі палёты да Месяца (з 1959) і выхад ў адкрыты космас (1965), стыкоўкі (з 1967) і першыя крокі па Месяцы (1969), арбітальныя станцыі (з 1971) і міжнародныя экспедыцыі (з 1975). Як герояў сустракалі першых касманаўтаў і астранаўтаў, іх партрэты былі на першых старонках газет, з касмічных навін пачыналіся інфармацыйныя выпускі тэле- і радыёстанцый.
За 50 гадоў  каля 520 чалавек, грамадзяне 40 краін свету, пабывалі ў касмічнай прасторы.  Ёсць сярод іх і беларусы — Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак.
Цяпер, напэўна, не кожны і ведае, што ў космасе пастаянна працуюць людзі. Бо касмічныя экспедыцыі сталі нечым звычайным. Там, на калязямной арбіце, з 1998 года працуе міжнародная касмічная станцыя, у складзе якой ёсць расійскія і амерыканскія, еўрапейскія і японскія блокі. Рашуча выходзіць у космас Кітай, актыўна вядзе даследаванні Індыя, Бразілія. Стварае свой касмічны спадарожнік наша краіна.
Навуковыя даследаванні і вытворчасць лекавых прэпаратаў, стварэнне новых матэрыялаў і распрацоўка тэхналогій, прагнозы надвор’я, навігацыя, сувязь, картаграфія… нельга проста пералічыць, што даюць людзям касмічныя тэхналогіі. Людзі трывала асвойваюць калязямную прастору, нават узнікае праблема касмічнага смецця.
Але мара аб зорках не знікла. Людзі збіраюцца на Марс і далей… А першыя пасланнікі чалавецтва ўжо на шляху да іншых зорак: амерыканскі апарат “Піянер-10“ пакінуў Сонечную сістэму ў 1983 годзе і дзесьці ўжо далёка нясе ў бязмежны Сусвет вестку аб людзях з планеты Зямля.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №27 ад 12.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *