Два дыялогі, ад якіх прыкра і няўтульна

Духоўнае Общество

Два дыялогі, ад якіх прыкра і няўтульна
Спыняюся ля адной з пяціпавярховак у Шуміліне. На лаўцы дзве жанчыны, якім дасі на выгляд гадоў па шэсцьдзесят з гакам. Размаўляюць, адна з іх з дробным сабачкам на руках. Убачылі незнаёмага мужчыну, спынілі гаворку.
– Вы некага шукаеце?
– Бачу, што ў пад’ездзе вашым няма шыльды для аб’яў, – кажу проста, без намёкаў на прэтэнзіі.
Але адна з жанчын ускіпела:
– А хто яе павінен павесіць?
Магчыма, камунгас. Пра гэта і кажу, але тая ж жанчына не здаецца:
– А шыльды нам і не патрэбны. Вы што, кнігі пішаце? – відаць, пазнала мяне. – Ат! – махнула безнадзейна рукой. – Мы кніг наогул не чытаем. Што ў іх, адна зараза. Напішуць абы-чаго. А  мы сядзім у інтэрнэце. Там і чытаем кнігі.
– Але ж тое, пра што я пішу, у інтэрнэце не знойдзеце.
– Кніжкі сваё аджылі. Вось інтэрнэт, гэта ого-го-о!
Не зразумеў, чаго было больш ва ўхваленнях жанчын: бравады ці злой іроніі. Адно зразумеў: працяг гаворкі не меў ніякага сэнсу.
Другі дыялог на тую ж, “кніжную” тэму. Праўда, побач з бібліятэкай, куды завітаў, каб перачакаць хвілін дваццаць. Ідуць двое мужчын. У аднаго ў руцэ пачак з пральным парашком “Лотас”.
Аднаго мужчыну ведаю, таму спыніў яго нечаканым пытаннем:
– Што, па кнігу ідзяце?
– Ага, па кнігу, – сказаў з’едліва. – Вось пачытаем тоненькую кніжачку, пасядзім і абмяркуем.
Я зразумеў, пра якую “тоненькую кніжачку” вялася гаворка – пра маленькую пляшку гарэлкі, якая лёгка хаваецца ў любой кішэні. А тым часам не ўстрымаўся другі мужчына, які трымаў “Лотас”.
– А што там у кніжках? Адна мана… Вось раней кніжкі былі?! Сённяшнія трэба спаліць ці здаць у макулатуру. Перапісваюць, крадуць адзін у аднаго, а ты чытай… Не, спаліць усе кніжкі!
– Але ж напісаць кніжку зможа не кожны, – не здаюся. – Палілі ўжо, фашысты ў вайну, а пасля і свае, у мірны час… Гэта ж праца, і нялёгкая!
– Гэткая праца?! А скажыце, у які тавар не ўкладзена праца? Ну?
Я разгубіўся, я анямеў. А калі ўбачыў, як “на дваіх”  яны лёгка адолелі пляшачку, прама з рыльца, і ўзяліся аб нечым горача размаўляць, прыйшла тая ж думка, што была падчас дыялогу з жанчынамі. У адным была розніца, што тыя “завісаюць” у “сусветнай павуціне”, гэтыя адводзяць душу ў сардэчнай гаворцы пасля прынятага “зелля”. Чамусьці засумняваўся, што жанчыны сталага веку сядзяць гадзінамі ў інтэрнэце (хіба ў “Аднакласніках”), як не сумняваюся ў тым, што і тыя, і другія жывуць старым духоўным багажом. Старым, занафталіненым, ад чаго і прыкра, і няўтульна на душы…
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №48 ад 21.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *