Депутаты Шумилинского райсовета обсудили вопросы наведения порядка на земле

Актуалии Президент

Умовы аднолькавыя – адносіны і вынікі розныя
17 чэрвеня адбылася чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў, якую правяла старшыня Савета І. М. Новікава. У рабоце сесіі бралі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. У. Шыцько і галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя У. А. Сінкевіч. У якасці асноўнага пытання разглядалася работа, якая праводзіцца на тэрыторыі раёна па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі.
Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама З. А. Мясаедава прадставіла падрабязны аналіз работы прадпрыемстваў і арганізацый раёна па рэалізацыі раённага Плана мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна на 2016 год. Мерапрыемствы ахопліваюць прыродаахоўнае і экалагічнае выхаванне насельніцтва; навядзенне парадку ў выкарыстанні зямель, рэсурсаў ляснога фонду; азеляненне, кветкавае афармленне і добраўпарадкаванне населеных пунктаў і іншае.
У красавіку праведзены месячнік па навядзенні парадку ў населеных пунктах, рэспубліканскі і раённы суботнікі, штотыднёва па пятніцах праходзяць санітарныя дні. Прайшоў абход усіх населеных пунктаў раёна, выдадзена 3385 лісткоў-папярэджанняў домаўладальнікам. Тлумачальная работа з жыхарамі населеных пунктаў пастаянна праводзіцца падчас дзён работы з насельніцтвам па сельсаветах. Названыя пытанні разглядаюцца на рабочых нарадах у райвыканкаме.
Асаблівая ўвага памятным месцам: у парадак прыведзены 108 брацкіх могілак, мемарыяльных комплексаў, помнікаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, праведзены капітальны рамонт воінскіх пахаванняў у в. Полцева і ва ўрочышчы Дзюбянка, на гэтыя мэты сёлета выдаткавана 83 мільёны рублёў.
Працягваюцца работы па навядзенні парадку на грамадзянскіх могілках, уладкаваны 57 з іх.
На рамонт 103 дзіцячых пляцовак УП ЖКГ выдаткавала 16,2 мільёнаў рублёў. У Шуміліне наведзены парадак на гарадскім стадыёне і адрамантавана сцэна ў парку.
З мэтай удасканалення зялёнага афармлення населеных пунктаў раёна вясной высаджана 1364 дрэвы, 900 кустоў, 140 тыс. штук расады кветак, уладкавана 1,2 га газона. У рамках акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі” ў Слабадской д/с-СШ і СШ №2 г. п. Шуміліна пасаджаны яблыневыя сады.
Прыведзены ў парадак 5 месцаў масавага адпачынку каля азёр (Шумілінскае, Лескавічы, Круглік, Разван і Будавесць).
Значныя работы па рамонце дарог і вуліц праведзены ДРБУ-204 і УП ЖКГ.
Вядзецца работа па зносу лядашчых і пустуючых дамоў, па ўцягванні незапатрабаваных і закінутых зямель у гаспадарчы абарот сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна.
Дакладчык спыніўся і на праблемных пытаннях. Землеўпарадкавальнай службай райвыканкама, раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выяўляюцца факты парушэнняў заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямлі, прыродаахоўнага заканадаўства. Па ўсіх фактах складаюцца прадпісанні, прымяняюцца штрафныя санкцыі да парушальнікаў. З пачатку года землеўпарадкавальная служба выявіла 43 парушэнні, наклала 28 мільёнаў рублёў штрафаў. Прыродаахоўная інспекцыя выявіла 62 парушэнні, складзены 31 пратакол на суму штрафных санкцый 51,3 мільёна рублёў. Выказвалася крытыка ў адрас райспажыўтаварыства, дзе асабліва многа парушэнняў.
Дапоўніў даклад намеснік пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў па пытаннях АПК і экалогіі, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі С. А. Конышаў. Быў прадстаўлены канкрэтны пералік парушэнняў ва ўстановах адукацыі раёна, ў сельскагаспадарчых, прамысловых і гандлёвых прадпрыемствах раёна. Санітарнай службай было выдадзена 15 прадпісанняў і 29 рэкамендацый, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 13 асоб, да дысцыплінарнай – 11.
Вопытам работы па добраўпарадкаванні ўласнай тэрыторыі, замацаванай зоны адпачынку падзяліўся старшыня пастаяннай камісіі райсавета па пытаннях работы прамысловасці, будаўнічаму комплексу і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дырэктар ПМК-70 А. Ю. Крыўко.
Пра работу сельскагаспадарчых арганізацый па навядзенні парадку на зямлі і на вытворчых аб’ектах далажыў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. Л. Мацюшчанка.
Старшыня Лаўжанскага сельскага Савета дэпутатаў С. П. Кійко расказала пра добраўпарадкаванне на тэрыторыі сельсавета, асаблівы ўпор зрабіла на ініцыятывах жыхароў, якія самастойна наводзяць парадак ля шматпавярховых дамоў, робяць дзіцячыя пляцоўкі, садзяць кветкі.
Такія ініцыятывы асабліва дорага каштуюць, адзначыла І. М. Новікава, прыемна, што яны ёсць ў раёне. Такія прыклады павінны пашырацца і падштурхоўваць іншых да грамадскай карыснай дзейнасці.
Дырэктар Обальскай СШ І. А. Чарнічэнка расказала пра работу працоўнага і вучнёўскага калектыву школы па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі. Тэрыторыя школы самая вялікая сярод устаноў адукацыі – больш за 6 га – утрымліваецца ва ўзорным стане, пры гэтым тут маецца і значная вытворчая частка – агарод, цяпліцы, утрымліваецца шмат жывёлы.
Падводзячы вынікі абмеркавання пытання, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава заўважыла, што абмеркаванне паказала, як ў аднолькавых умовах, але пры розных адносінах да справы атрымліваюцца розныя вынікі. Галоўнае – жаданне рабіць, у тым ліку і ў тых, “хто сядзіць у гэтай зале”, і тады будзе парадак на зямлі, у населеных пунктах і на вытворчых аб’ектах.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава, якая выступала па другім пытанні парадку дня сесіі, паведаміла пра выкананне Праграмы па паляпшэнні ўмоў і аховы працы Шумілінскага раёна на 2011-2015 гады. Праграма ў цэлым выканана, але работа ў гэтым важнейшым накірунку не спыняецца. У рамках Дзяржаўнай праграмы па сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады прыняты раённыя мерапрыемствы па ахове працы.
Па двух пытаннях выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т. А. Сідарава. Па яе прапанове дэпутаты зацвердзілі льготу для КУП БАН па арэнднай плаце, дазволіўшы пакідаць на развіццё прадпрыемства 50% арэнднай платы ад плошчаў, якія здаюцца ў арэнду. А таксама прывялі ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам мясцовыя нарматыўныя акты.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №48 ад 21.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *