По следам жалобы жителей деревни Сиротино

Актуалии Сельское хозяйство

Выбару няма, або Пра кантрасты нашага часу
Сёння гаварыць пра дэфіцыт не прыходзіцца. Тавараў шмат – былі б, як кажуць, грошы. І магазінаў такая колькасць, што толькі і глядзі, каб не спусціць гэтыя самыя грошы ў адзін момант. Нас разам з нашымі зарплатамі “дзеляць” паміж сабой гандляры, змагаюцца за нашу ўвагу скідкамі, бонусамі, іншымі маркетынгавымі фокусамі. Новыя сучасныя магазіны растуць бы грыбы пасля дажджу, толькі гэтым ставячы пад сумненне наяўнасць крызісу ў краіне.
І толькі вясковы гандаль па-ранейшаму дэманструе пазіцыі савецкага ўзору, не адступае ад зададзенага некалькі дзясяткаў гадоў таму курсу. Пераступаеш парог любога сельскага магазіна – і ты ўжо не заўжды можаш купіць тое, што хочацца, а то і самае неабходнае, напрыклад, цукар.

Хоць любы шумілінец, які зараз чытае гэты артыкул, можа сказаць, што і ў райцэнтры з таварамі на паліцах магазінаў не ўсё так выдатна, як гэта падаецца вяскоўцам. Але ж тут шырока прадстаўлены прыватны гандаль – абавязкова парыруюць сяльчане. Дарэчы, у тых вёсках, дзе працуюць прыватныя магазіны, у людзей таксама больш шырокі выбар. Ва ўсялякім выпадку, харчовых прадуктаў.
Калі ж гаворка ідзе пра населеныя пункты, дзе гандлюе толькі райспажыўтаварыства, што крывіць душой, там людзям бывае і не вельмі “цікава” наведваць крамы. Вось яны і скардзяцца, як  гэта было на апошнім дні работы з насельніцтвам у вёсцы Сіроціна, куды наведалася група пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Новікавай. Людзі наракалі на бедны асартымент, на перабоі з таварамі, якія неабходныя штодня. Старшыня Сіроцінскага сельвыканкама Сяргей Каржуеў агучыў гэтыя нараканні і на рабочай планёрцы ў кіраўніка раёна, дадаў, што ёсць праблемы і з  работай аўталаўкі. Варта адзначыць, што яшчэ па выніках дня работы з насельніцтвам было прынята рашэнне, што па чацвяргах, калі ў сіроцінскай краме выхадны, з выязным гандлем у вёску будзе наведвацца прадпрымальнік.
А 4 ліпеня па распараджэнні кіраўніка раёна Аляксандра Снарава ў Сіроціна накіраваліся в. а. начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Галіна Калыхан і в. а. намесніка старшыні праўлення райспажыўтаварыства Марына Храмцова для таго, каб прааналізаваць сітуацыю на месцы. У выніку маніторынгу высветлілася, што з асартыментнага пераліку (гэта частка гандлёвага асартыменту тавараў, які павінен быць у продажы пастаянна) у магазіне адсутнічалі толькі плаўленыя сыркі і паўфабрыкаты з мяса птушкі. Сітуацыя не крытычная, у некаторых нават шумілінскіх магазінах мы можам назіраць куды больш горшую карціну. Масла, сыр, яйкі, рыба, свежамарожаная, сырая і нават вэнджаная, воцат, па чатыры найменні крупаў і макароны, 12 гатункаў цукерак, кава і чай, сем гатункаў марожанага, зефір, каўбасы, чыпсы і многае іншае неабходнае ў магазіне на час праверкі было ў наяўнасці. І да работы прадаўца Ірыны Ефімовіч ні ў старшыні сельсавета, ні ў вяскоўцаў прэтэнзій няма. Усе прэтэнзіі прымае на свой рахунак кіраўніцтва райспажыўтаварыства, якое не адмаўляе свайго гаротнага становішча і прызнае, што ўся праблема ў перабоях з пастаўкамі тавараў. А пастаўшчыкоў, якія гатовы працаваць з Шумілінскім райспажыўтаварыствам без папярэдняй аплаты, становіцца ўсё менш. Пра гэта гаварыла прадстаўнік арганізацыі М. В. Храмцова, калі абгрунтоўвала сціплы асартымент шумілінскіх крам.
Вось і ў Сіроціне, здавалася б, ёсць амаль усё, што павінна быць, а вялікага выбару няма, таго выбару, на які мае права прэтэндаваць пакупнік 21 стагоддзя. Пакупнік, які ведае, як бывае ў гарадскіх магазінах, які хоча, магчыма, купіць нешта дзешавей, а то і наадварот, скажам, – алівы, крэветкі, свежае мяса. І людзям ніяк няўцям, чаму гараджанам такі выбар прадастаўлены, а вяскоўцам – не. Такія кантрасты не могуць не бянтэжыць, яны абвастраюць адчуванне незадаволенасці.
Падобныя прэтэнзіі гучалі і ля аўтамагазіна ў Зямцах: дорага, асартымент сціплы, графік работы не вытрымліваецца. Прадавец аўтамагазіна Аляксандр Русакоў, які працуе на гэтым маршруце, зноў жа даводзіў, што ўсё магчымае, што залежыць канкрэтна ад яго, ён робіць. А што тавараў на складзе няма, ці што  гандлёвая надбаўка вышэй, чым у прыватніка, – гэта пытанні не да яго. Сваё ж спазненне прадавец патлумачыў тым, што ў сувязі з дачным сезонам павялічылася колькасць пакупнікоў, а значыць, і часу на іх абслугоўванне траціцца больш.
М. В. Храмцова заўважыла, што будзе праведзены сход, на які запросяць работнікаў аўтамагазінаў, каб яшчэ раз завастрыць іх увагу на самых праблемных момантах работы.
Па выніках маніторынгу ад аддзела эканомікі паступілі наступныя рэкамендацыі: узмацніць кантроль за наяўнасцю тавараў у магазіне згодна з асартыментным пералікам, забяспечыць рытмічную пастаўку цукру ў сезон масавага попыту; перагледзець графік работы аўтамагазінаў на летні перыяд, падоўжыць час стаянкі.
Вядома, пакуль ты малады і мабільны, ты лёгка можаш заскочыць у дызель, прабегчыся па віцебскіх ці полацкіх крамах, купіць усё, што пажадае душа і дазволіць кашалёк, і задаволены вярнуцца дадому. А цяпер уявіце, што ёсць людзі, якія літаральна гадамі за межы сваёй вёскі не выязджаюць. І менавіта яны пастаянныя кліенты аўтамагазінаў і вясковых крам. А ім таксама хочацца смачненькага, яны гэтак жа прымаюць гасцей, спраўляюць святы. Яны такія ж людзі, як і ўсе.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №56 ад 19.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *