Агроэкономика. Молочные реки экстра-класса

Актуалии Сельское хозяйство

З якога малака робяць ёгурты?
У гаспадарках раёна налічваецца 70 жывёлагадоўчых фермаў. Ва ўсіх да зімова-стойлавага перыяду наведзены парадак, памяшканні пабелены. На ферме Сіроціна зроблены сур’ёзны рамонт: адноўлены сцены і вокны кароўніка, перакрыты дах.
“Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, усё ж стараліся як след падрыхтавацца да зімы, – адзначае галоўны спецыяліст райсельгасхарчу В. Г. Шыманец. – Да фермы Ляжні заасфальтаваны пад’язныя шляхі, адрамантавана дарога на мехдвары ў Язвіне. Да фермы Зямцы навазілі пяску і гравію, тэрыторыю вакол  ўзаралі, каб не расло пустазелле. Навялі парадак і каля фермы Грабніца, зрабілі добрыя пад’язныя шляхі”.
Зараз у раёне надой малака на карову на ўзроўні мінулага года –  складае крыху больш як сем кілаграмаў. Затое на 18% павялічыўся продаж малака дзяржаве.
Безумоўна, выгадней за ўсё прадаваць малако гатунку экстра-клас, з якога робяць ёгурты. Яго кілаграм каштуе 2200 рублёў. Сёння малако такой якасці здаюць усе гаспадаркі раёна. Напрыклад, у кастрычніку яго паступіла на вытворчы цэх ААТ “Малако” 57% ад агульнага аб’ёму. У гэтым годзе на сырзавод завезлі больш за дзевяць тон малака “экстра”, а летась за гэты ж перыяд – адну тону. Прычым, з даільных залаў “АграБаравінкі” і “Лаўжанскага” ўсё малако ідзе “экстра”. А ў цэлым гэтыя гаспадаркі здаюць больш як па 70% усёй прадукцыі такім гатункам.
“Радуе, што ў гэтым годзе здаюць малако добрай якасці нават з тых гаспадарак, дзе пра гэта нават і не марылі, – адзначае Вера Генадзьеўна. – Напрыклад, летась “экстра-класу” ўвогуле не было ў “Крыніцы”, а сёлета гаспадарка здае больш за палову малака экстра-класам. Тут добра арганізавана работа на ферме Макаўе. Ёсць перамены да лепшага і ў “Мішневічах” – цэнтральная ферма, Жданоўка і Заўсыска сёлета ўпершыню пачалі здаваць “экстра-клас”. Тое ж самае можна сказаць пра фермы Крывое Сяло і Ляжні. Навялі парадак, сочаць за чысцінёй даільных апаратаў і халадзільнікаў, своечасова лечаць жывёлу – вось і ўсе сакрэты поспеху”.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №84 ад 01.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *