Шумилинский район в 92-й раз отпраздновал свой день рождения

Край шумілінскі

Шумілінскаму раёну – 92
17 ліпеня – дзень утварэння Шумілінскага раёна. Гэта падзея была адзначана ў нядзелю літаратурна-музычным святам “З чаго пачынаецца Радзіма”, якое прайшло ў скверы раённай бібліятэкі.

Удзельнікі народнай літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца” запрасілі ўсіх жадаючых паразважаць на такія важныя для кожнага чалавека тэмы, як любоў да Радзімы, значэнне патрыятычных пачуццяў для станаўлення асобы, іх асаблівае месца ў творчасці паэтаў і пісьменнікаў, у тым ліку нашых землякоў. Удзел у імпрэзе ўзяла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Нашаму маладому раёну споўнілася 92 гады. Зразумела, што на фоне вечнасці – гэта ўсяго толькі імгненне. Але ў гэтым імгненні – радасць і здабыткі стваральнай працы; боль, горыч і вялізныя страты, якія прынесла вайна; дасягненні кожнага чалавека, якія, сплятаючыся ў адно, становяцца агульнымі вялікімі дасягненнямі і мацуюць раён, а разам з ім і ўсю краіну.
Кароткі экскурс у гісторыю ўтварэння і развіцця Шумілінскага раёна зрабіла навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Вараб’ёва. Цікава, напрыклад, што да Вялікай Айчыннай вайны на Шуміліншчыне жыло каля 45-ці тысяч чалавек, сёння ж гэта ўсяго крыху больш за 18 тысяч. Яна прасачыла гісторыю раёна з 17 ліпеня 1924 года (калі ён яшчэ быў Сіроцінскім) да нашых дзён, пастаралася не прапусціць ніякіх важных падзей.
Стала зразумела, што кожнаму жыхару Шуміліншчыны сапраўды ёсць чым ганарыцца, што наша гісторыя захоўвае факты, якія пацвярджаюць мужнасць і гераізм шумілінцаў, іх працавітасць і сумленнасць. Усё гэта вельмі важна для патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, бо для таго, каб усвядоміць нешта па-сапраўднаму значнае, мала толькі азірнуцца вакол, варта падмацавацца сіламі, якія можа даць толькі гісторыя краю. Неацэнная ў гэтым сэнсе літаратурная творчасць. Менавіта вобразнае слова ўмее патрапіць адразу ў сэрца, ускалыхнуць пачуцці. Таму мерапрыемства і было насычана паэзіяй. Свае творы пачытаў вядомы ў раёне музыкант і літаратар Анатоль Міхееў. У выкананні вакальнай групы народнага калектыву “Світанак” гучалі песні, напісаныя паэтам, пісьменнікам, краязнаўцам Віктарам Улюценкам. Вершы нашых землякоў паэтаў Алега Салтука і Івана Салаўёва чыталі члены “Крыніцы” і госці свята.

Пра тры свае радзімы расказаў пісьменнік Мікалай Мароз. Барысаўшчына, дзе нарадзіўся, Докшыцкі раён, дзе сустрэў шмат добрых сяброў, і Шуміліншчына, дзе нарадзіўся як пісьменнік. «Усе чатыры мае кнігі былі напісаны менавіта тут, шумілінскі край мяне натхніў, і за гэта яму вялікі дзякуй», – сказаў Мікалай Аркадзьевіч.
Пад акампанемент Рыгора Згірскага ў гэты дзень было спета нямала старых добрых песень.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №56 ад 19.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *