Путешествие по Козьянскому заказнику

Актуалии Край шумілінскі

Древний курган

Пра водар ландышаў, багатую гісторыю і месцы адпачынку
А вы ведаеце, што ўяўляе сабой Казьянскі рэспубліканскі ландшафтны заказнік, якая тут  прырода, які адпачынак? Карэспандэнт раённай газеты  разам з дырэктарам Казьянскага заказніка Васілём Вінакуравым  і галоўным спецыялістам Святланай Ільінец адправілася ў падарожжа на Казьяншчыну.
У заказніку зараз прыгожа. Вабіць тонкі водар ландышаў, у свой ап’яняючы палон захоплівае пах багуну,  зялёна-белым дываном усыпаюць паляны цвітучыя ягаднікі суніц. Там-сям цвіце рабіна. Некранутая прыродная прыгажосць заварожвае. Нібыта спецыяльна для гасцей лесу спяваюць-заліваюцца салаўі, недзе ўдалечыні сціпла падала свой голас івалга. Мы пачулі толькі некаторых са 175 відаў птушак, што гняздзяцца ў заказніку. А хто ўбачыць беркута, арлана-белахвоста, чорнага бусла ці белую курапатку – лічы, пашанцавала.
Узбоч лясной сцежкі сустракаем нейкія невядомыя для мяне расліны. “Гэта граздоўнік многараздзельны, – тлумачыць Святлана. – А вунь, крыху далей, бачыце ятрышнік мужчынскі. У яго прыгожыя кветкі бэзавага колеру. Толькі не рвіце, – папярэджвае. – Гэтыя расліны і яшчэ два дзясяткі рэдкіх унесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і ахоўваюцца законам”.
Пасярод лесу – вялікая паляна. Дарога праз яе пясчаная. І на ёй Васіль Вінакураў разглядае шмат слядоў звяроў і птушак. “Тут нядаўна праходзіў лось, –  упэўнена сцвярджае паляўнічы са стажам. – А вось сляды зайца і лісы. Увогуле ў заказ-ніку 47 відаў розных жывёл. Жыве нават і мядзведзь. Але ён вельмі акуратны і асцярожны – не сустрэнем яго, не хвалюйцеся”.
Паступова лясная сцяжына прыводзіць нас у гістарычную мясціну – да Казьянскага замчышча і курганоў. Тут каля сарака круглых пясчаных валоў, якія цягнуцца ўздоўж лясной дарогі. Мяркуюць, што яны належалі крывічам. Значыць, ім каля пяці тысяч гадоў.
Наступны помнік гісторыі  – крэпасць Казьян. На камяні, які напалову ўрос у зямлю, чытаем: 1557-1579 гады.  Крэпасць была пабудавана па загаду Івана Грознага. Будаўнікі ўмела выкарысталі прыродную перашкоду – рэчку Обаль, якая рэзка паварочвае тут, робячы сэрцападобную лукавіну (выгіб). Кажуць, што з двух бакоў тут стаялі трохярусныя вежы, а з трэцяга – вежы з варотамі.  На жаль, сёння засталіся толькі рэшткі земляных валоў.

Река Оболь

Трымаем шлях далей углыб лесу. Па дарозе сустракаюцца лішайнікі, у ніжэйшых мясцінах – мхі. “Яны бяскрыўдныя і нават карысныя, – кажа Васіль Васільевіч. – Знішчаюць усе бактэрыі, таму ніколі не захварэеш, калі нап’ешся з балота. А яшчэ мхі загойваюць раны. Мой бацька-партызан расказваў, што ў лесе, калі не было ніякіх лякарстваў, толькі і ратаваліся мохам пасля ранення”.
На тэрыторыі заказніка  тры вялікія возеры: Мошня, Расалай і Красамай. Схаваныя ад людскога вока, яны вядомыя толькі самым заядлым рыбакам. Мы вырашылі наведаць самае аддаленае – Расалай. Па дарозе Васіль Вінакураў паказвае рачулку Красамайку (яшчэ яе называюць Салаўёўка), якую аблюбавалі бабры і пабудавалі там свае хаткі. “Трэба прыйсці да бабровай пабудовы і затаіцца там, – вучыць Васіль Васільевіч. – Праз некаторы час абавязкова ўбачыце бабра”. Але час нас прыспешваў. Мы едзем далей, любуючыся прасторамі заказніка. Вось непадалёк працякае рачулка Ценіца, крыху далей – Сосніца. Яны бяруць свой пачатак з балота, таму вада ў іх карычняватая.
Нарэшце з цэнтральнай дарогі паварочваем на лясную, едзем кіламетры са два, потым ідзём пешшу. А вось і  возера Расалай, яго атуляе балота. Берагі параслі кустоўем, на ўсходзе з возера бярэ пачатак невялічкая рачулка Глыбачка. Спецыяльна для рыбакоў ад берага возера зроблены шырокі мосцік. “У Расалаі многа рыбы, – запэўнівае Васіль Вінакураў. – Ёсць шчупакі, ліні, ляшчы, акуні. Прыязджайце на рыбалку – не пашкадуеце!” Непадалёк ад возера – зона адпачынку. Тут дзве альтанкі, прыбіральня, месца для развядзення кастра. Побач нарыхтавана некалькі ахапкаў дроў. Увогуле на тэрыторыі Казьянскага заказніка абсталявана восем месцаў адпачынку.
“З мэтай развіцця экалагічнага турызму мы распрацавалі восем турыстычных маршрутаў, – кажа Святлана Ільінец. – Раім турыстам наведаць маршрут “Тайны Казьяншчыны” або “Спадчына Казьяншчыны”. Мы раскажам пра батанічныя і геалагічныя помнікі прыроды, пра археалагічныя помнікі. Жадаючыя могуць прайсціся па турыстычным маршруце “Обальскія катамараны”. Цікавы наш праект “Обальскае балота – жамчужына Казьянскага заказніка”, які ўключае ажно пяць турыстычных маршрутаў. А праект “Адпачынак выхаднога дня” разлічаны на дзяцей ад шасці гадоў і дарослых. Думаем, ніхто з наведвальнікаў не пашкадуе, што правёў свой вольны час на тэрыторыі заказніка. Трэба ведаць і любіць родныя краявіды, ведаць свае гістарычныя мясціны і расказваць пра іх знаёмым”.
Прызнацца, пасля такой рэкламы захацелася на Казьяншчыну яшчэ раз…
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №40 ад 27.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *