Фестываль у фестывалі, які шумілінцы адкрывалі

Актуалии Общество

Фестываль у фестывалі, які шумілінцы адкрывалі
“Славянскі базар у Віцебску” змяшчаў у сабе мноства мерапрыемстваў, якія ўжо займелі статус самастойных і паўнавартасных.
Напрыклад, Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў. Сёлета ён праходзіў ужо ў 12-ы раз і 9 разоў (!) ганаровая місія адкрыцця фестывалю была прадстаўлена шумілінцам.

Старшыня Шумілінскай раённай арганізацыі “БелТІ” Любоў Нагібава расказала, што вітальную літаратурна-музычную праграму “Свая хатка, як родная матка” рэпеціравалі некалькі месяцаў. Але ў дзень выступлення ўсё адно хваляваліся – як жа не хвалявацца, калі на парозе такія высокія госці: намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, старшыня аргкамітэта фестывалю старшыня ЦП ГА “БелТІ” Уладзімір Патапенка.
Дужа стараліся гаспадары хаткі Аляксандр Халсціннікаў са Светласельскага і Маргарыта Шухлева з Обалі. Ды і астатнія не сядзелі склаўшы рукі, а займаліся гаспадарскімі справамі: вязалі, боб лушчылі, а потым для гасцей нарэчаньку танцавалі (на здымку).
Гасцям спадабалася вітанне, уразіў паднесены ім каравай у форме вялізнага капелюша, затрымаліся і ля выставы саміх капелюшоў. Ірына Дарафеева доўга разглядала фасоны, прымервала і ўлюбіла адзін саламяны капялюшык. Шумілінцы з задавальненнем падарылі яго спявачцы – няхай носіць ды Шуміліна ўспамінае!
Аліна ПЯТРОВА.
Фота Андрэя ЯНКОВІЧА (газета “Вместе”).
Надрукавана ў №59 ад 28.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *