Брыгадзір пуцейцаў Скальзаеў

Актуалии Экономика

Брыгадзір пуцейцаў Скальзаеў
Пасажыры чыгункі ведаюць, што на стальных магістралях ніколі не бывае збояў, усё ў парадку і па раскладу. За гэтым узорным парадкам – работа мноства людзей, прычым дзейнасць большасці з іх зусім не на віду. Сярод такіх “невідзімак” – пуцейцы.  Але без іх  немагчыма работа чыгункі, яны і ў дождж, і ў снег, і ў спёку даглядаюць пуці, пры неабходнасці займаюцца іх рамонтам, забяспечваюць бесперабойны рух цягнікоў, лічыць брыгадзір пуці станцыі Обаль Полацкай дыстанцыі пуці Аляксандр Скальзаеў (на здымку).
Аляксандр жыве ў Шуміліне, а на станцыі Обаль працуе адзінаццаць гадоў. Пачынаў з манцёра пуці, вось ужо сем гадоў працуе брыгадзірам, у яго падпарадкаванні брыгада з шасці чалавек.
Аляксандра Скальзаева мы засталі на рэйках з прыборам у руках. “Гэта пуцявы шаблон, ім замяраю паказчыкі рэйкавай каляіны, – патлумачыў мужчына. – Інакш кажучы, адлегласць ад адной рэйкі да другой. Яна павінна быць строга  1520 міліметраў”. Брыгадзір і яго брыгада кожны дзень уважліва аглядаюць шэсць кіламетраў галоўнага пуці, 11 стрэлачных пераводаў, 4 прыёма-адправачныя пуці, пад’яздныя шляхі да Обальскага керамічнага завода і філіяла ВУ “Віцебскторф”. Калі якія непаладкі, то брыгадзір з дамкратам, ключамі і іншымі інструментамі ў руках працуе разам з усімі. Як правіла, паспяваюць усё зрабіць у перапынках паміж рухам цягнікоў. А як, напрыклад, замяніць шпалы, кожная з якіх важыць да трохсот кілаграмаў? Да пуцей іх падвозяць, ну а там, як кажуць, на раз-два – узялі. Работа пуцейца цяжкая, але ўсе разумеюць адказнасць, таму і працуюць заўсёды сумленна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 61 ад 05.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *