В Шумилинском районе 104 обязанных лица. Большинство из них не хотят ни сами воспитывать своих детей, ни платить государству

Общество Семья

Як кампенсаваць дзяржаўныя выдаткі?
6 верасня прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 г. №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.
На жаль, сустракаюцца ў нашым грамадстве такія бацькі, ад якіх прыходзіцца бараніць іхніх уласных дзяцей. Гора, калі маці і бацька сябруюць з бутэлькай, нідзе не працуюць, вядуць разгульнае жыццё, забываючыся, што дома іх чакаюць дзеці, што яны хочуць есці, што ім трэба хадзіць у школу ці сад. Менавіта ў такіх сітуацыях дзяржаўныя органы ўмешваюцца ў сямейныя справы, каб не дапусціць большай бяды.
Адабраныя ў такіх бацькоў дзеці змяшчаюцца ў прытулак, а гора-бацькі абавязаны кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне дзяцей. Улічваючы, што гэтыя грамадзяне часта не працуюць, а калі працуюць, то на самых нізкааплатных работах, ды яшчэ за п’янкамі пастаянна прагульваюць, узровень кампенсацыі дзяржаўных выдаткаў застаецца даволі нізкім.
У нашым раёне 104 абавязаныя асобы. Гэта вялікая лічба для сельскага раёна. Узровень кампенсацыі выдаткаў абавязанымі асобамі ў сярэднім па раёне складае 38% – гэта вельмі мала. Каля 20% абавязаных знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, многія выязджаюць на заробкі за межы Беларусі і не выплачваюць грошы на дзяцей. Як вынік – запазычанасць памерам у амаль мільярд недэнамінаваных рублёў.
«Для павелічэння працэнта кампенсацыі ў раёне прымаюцца пэўныя захады: 12 абавязаных асоб уладкаваныя на працу, 4 – уладкаваныя на працу з большай зарплатай. У дзве сям’і вернуты дзеці, у гэтым выпадку бацькі маюць права на скасаванне запазычанасці дзяржаве», – адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Людміла Грузневіч.
Менавіта пра ўзровень заработнай платы абавязаных асоб і магчымасці яе павышэння была інфармацыя начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святланы Валекавай. Заробкі толькі дваццаці чалавек дазваляюць кампенсаваць выдаткі ў поўным памеры, яшчэ 6 чалавек пагашаюць даўгі, бягучыя плацяжы ў іх не налічваюцца. 2 чалавекі знаходзяцца ў вышуку. А вось астатнія не могуць кампенсаваць выдаткі ў поўным аб’ёме ці наогул іх не выплачваюць.
Асабліва востра стаіць пытанне пагашэння даўгоў па некаторых сельгаспрадпрыемствах. Самы нізкі ўзровень кампенсацыі ў КУСГП “Сіроцінскі” і “Мішневічы”, УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, ААТ “Лаўжанскае”, пры гэтым ў “Мішневічах” і “Сіроцінскім” не прымаюцца меры па кампенсацыі даўгоў і па стварэнні ўмоў для павелічэння заробкаў абавязаных асоб, адзначыла дакладчык.
На пасяджэнне былі запрошаны кіраўнікі названых арганізацый. Да прыкладу, прадстаўнік “Сіроцінскага” расказала пра тое, што абавязаныя асобы ў гаспадарцы адпрацоўваюць прагулы. Але члены савета адзначылі, што ніякіх іншых захадаў для павелічэння памераў заробкаў абавязаных не прымаецца, ды і пералічваюцца грошы ў бюджэт нерэгулярна.
Толькі павелічэнне аб’ёмаў работы абавязаных за кошт прыцягнення іх да дадатковых работ, кантроль за іх работай можа павялічыць заробкі. Трэба таксама павышаць адказнасць кіраўнікоў службовых асоб прадпрыемстваў за рэалізацыю патрабаванняў Дэкрэта №18.
Было разгледжана пытанне аб эфектыўнасці лячэння алкагольнай залежнасці ў абавязаных і іх накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый. П’янства аднаго ці абодвух бацькоў часцей за ўсё становіцца прычынай сямейных праблем. Агульная думка была ў тым, што работу ў гэтым напрамку трэба актывізаваць. Бо накіраванне ў ЛПП часам дае станоўчы эфект ці хаця б дасць магчымасць  сям’і адпачыць ад п’янага “тэрору”.
Таксама на нарадзе прынята рашэнне аб вызначэнні УП ЖКГ як арганізацыі для часовага працаўладкавання абавязаных асоб, якія падвяргаюцца адміністрацыйнаму арышту. Цяпер такія асобы не будуць “адпачываць” у ізалятары, а будуць наводзіць парадак у райцэнтры і зарабляць грошы для кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей.
Наогул, праблема нядобранадзейных сямей комплексная, адзінага спосабу яе рашэння няма. Толькі агульнымі намаганнямі грамадскасці, працоўных калектываў, органаў улады, з улікам індывідуальнага падыходу можна выправіць сітуацыю хаця б у некаторых сем’ях.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 71 ад 09.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *