В Ловжанском сельсовете прошёл день профилактики

Грамадства Улада

Разам – за парадак і бяспеку

У мінулы чацвер у рамках дня работы з насельніцтвам на тэрыторыі Лаўжанскага сельсавета прайшоў дзень прафілактыкі, які ўключаў сустрэчы намесніка старшыні райвыканкама І. І. Шалахавай, начальніка РАУС А. Р. Дзмітрэнкі і начальніка РАНС А. І. Сасновіча з працоўнымі калектывамі і пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку.
У прыватнасці, сустрэчы былі наладжаны ў мехмайстэрні ААТ “Лаўжанскае”, падраздзяленні Лаўжанскае УП ЖКГ Шумілінскага раёна і ў Мікіціхінскай СШ. Тэматыка прафілактычных гутарак была разнастайнай: Ірына Іванаўна акцэнтавала ўвагу прысутных на пытаннях службы ў арміі, у тым ліку альтэрнатыўнай, закранула праблемныя моманты – рост колькасці ўхілістаў, распаўсюджанне п’янства і наркаманіі ў нашым грамадстве.
Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч расказаў пра пажарную абстаноўку, акрэсліў асноўныя прычыны пажараў, якія здарыліся сёлета на тэрыторыі раёна і ў якіх загінуў адзін чалавек. У сваім выступленні начальнік РАНС нагадаў асноўныя правілы пажарнай бяспекі, прывёў прыклады, калі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ратавалі жыццё, падкрэсліўшы тым самым эфектыўнасць прыбора.
На тэмах правапарадку засяродзіў сваё выступленне начальнік РАУС Аляксандр Дзмітрэнка. Як жыць у згодзе з законам, што рабіць, калі ў сям’і “завёўся” дэбашыр, калі суседзі надакучаюць сваркамі ці начнымі “канцэртамі”, калі ў вёску прыязджаюць цыгане. Расказаў начальнік РАУС і пра работу ўчастковых, дзяржаўтаінспекцыі, іншых праваахоўных структур.
На пасяджэнні савета грамадскага пункта аб сумеснай рабоце ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, участковага інспектара, прадпрыемстваў па ўмацаванні сям’і і прафілактыцы правапарушэнняў расказаў участковы інспектар РАУС В. Л. Галуза.
У мэтах прафілактычнай работы з асобамі, схільнымі да супрацьпраўных паводзінаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, на пасяджэнне было запрошана 18 чалавек, прыйшло 11.
Асноўны кантынгент разглядаемых – аматары выпіць, асноўная праблема – п’янства. Непакоіць, што ў гэтай кагорце апошнім часам задужа шмат маладых жанчын. У адных “зялёны змей” адабраў дзяцей у прытулак, а жанчынам “надаў” статус абавязаных; у другіх, калі тыя не зменяць лад жыцця і не возьмуць сябе ў рукі, у самым бліжэйшым будучым чакаецца такі ж расклад. З усімі запрошанымі праведзены прафілактычныя гутаркі, дадзены парады і кампетэнтныя кансультацыі.
Актыўны ўдзел у прафілактычных гутарках бралі псіхолаг і нарколаг Шумілінскай ЦРБ, благачынны Фёдар Пучынскі.
Алена КАРПУШЭНКА.
На здымку: сустрэча з калектывам Мікіціхінскай СШ.
Надрукавана ў №76 ад 27.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *