Женщина года Шумилинщины: Надежда Коротченко

Актуалии Образование

Настаўнік – знаток, артыст і ўрач
У жыцці Надзеі Аляксандраўны Каротчанкі за апошнія паўгода, з таго моманту, як ёй было прысвоена ганаровае званне “Жанчына года Шуміліншчыны” ў намінацыі “Жанчына ў сістэме адукацыі і навукі”, здарыліся значныя перамены. Была рэарганізавана Язвінская школа, якой Надзея прысвяціла не адзін дзясятак год. Не без болю і перажыванняў, канешне, прайшло гэта. Хаця сама настаўніца прызнаецца, што была гатова да падобнага раскладу даўно і прыняла падзею як факт. Больш хвалявала іншае: дзе давядзецца працаваць? Бо без працы настаўніка сваё далейшае жыццё жанчына не ўяўляла.
Усё склалася выдатна, нават лепш, чым можна было меркаваць. Вопытная настаўніца з 30-гадовым стажам, з прызнаным аўтарытэтам, атрымала прапанову выкладаць беларускую мову і літаратуру ў дзвюх прэстыжных навучальных установах: раённай гімназіі і Шумілінскай СШ №1. “Уяўляеце, – прызналася Надзея, – сама не ведала, што новыя месцы работы так павысяць маю самаацэнку. Галоўнае, зараз адчуваю сябе арганічна, упэўнена, атрымліваю шмат пазітыву”.
Напярэдадні прафесійнага свята – Дня настаўніка – мы сустрэліся з Н. А. Каротчанкай і папрасілі прайсці своеасаблівы экзамен-тэст. Канешне ж, без адзнак, бо адзнаку яе дзейнасці паставіла жыццё і грамадства.
– Чаму настаўніцтва?
– Гэта спадчыннае. Бацька з дзвюма вышэйшымі адукацыямі быў вельмі граматным і цудоўным настаўнікам, прывіў мне любоў да гэтай прафесіі. Я, наколькі памятаю, класа з чацвёртага дакладна ведала, што буду менавіта настаўніцай. І дачка мая абрала прафесію настаўніка, думаю, таксама невыпадкова, хаця пакуль не працуе па спецыяльнасці.
– Быць настаўнікам…
– Вельмі складана і адказна. Складана таму, што добры настаўнік павінен выступаць у трох іпастасях: знаток, артыст і ўрач. Ну, і вядома, не толькі вучыць, але і выхоўваць. Быць настаўнікам – не проста працаваць. Настаўніцтва – гэта стыль жыцця, які адкладвае свой адбітак практычна на ўсё жыццё. Педагог не вызваляецца ад сваіх абавязкаў ні дома, ні на канікулах, ні нават у водпуску, таму што вучні, вучнёўскія і школьныя праблемы жывуць пастаянна, яны з табой увесь час.
– Кажуць, у жыцці, як у спорце: ёсць аўтсайдары, спрынтары і  марафонцы. Вы да каго сябе адносіце?
– Я б сябе аднесла да спрынтара: даводзіцца рабіць усё хутка ў кароткія тэрміны, але ж абавязкова адказна і якасна. А наогул калі падзяліць мой час, атрымаецца, што 60% я аддаю рабоце, 20% – сям’і і 20% – асабіста сабе.
– Сям’я для мяне…
– Муж, дачка Віталія, унучачка Віялета, зяць. Надзейны тыл. Я не дабілася б такіх поспехаў, калі б у мяне не была добрая сям’я. Тут я выступаю вялікім кіраўніком, у добрым сэнсе гэтага слова.
– Любімы паэт, пісьменнік, кніга,  фільм?
– Генадзь Бураўкін, Іван Шамякін і яго раман «Атланты і карыятыды», фільм “Унесеныя ветрам”.
– Як бавіце свой вольны час?
– Вельмі люблю адпачываць з сябрамі-аднадумцамі. Люблю паэзію: рускую – Еўтушэнку, Фета, Ясеніна. Пішу вершы для душы, мініяцюры. Люблю тэатр, экскурсіі. Апошнім часам (гэта, напэўна, узрост) прыносіць асалоду праца на зямлі, вырошчванне кветак, гародніны.
– Ваша маленькая слабасць?
– Не магу сабе адмовіць у салодкім. А яшчэ вельмі люблю жывёл, асабліва катоў. Іх зараз у мяне пяць. І міма бадзяжных ніколі не прайду раўнадушна.
– Праблемы, якія хвалююць…
– Калі я працавала ў беларускамоўнай школе, дзе ўсе вучэбныя прадметы выкладаліся на роднай мове, я нават не задумвалася, што ў рускамоўных школах іншая карціна. Цяпер адчуваю і перажываю за адносіны дзяцей у такіх школах да беларускай мовы, перажываю за яе невысокі прэстыж. Хаця дзеці ў гэтым не вінаватыя.
– Ну, і на заканчэнне, чаго б вы хацелі пажадаць настаўнікам?
– Быць адказнымі, крэатыўнымі, камунікатыўнымі, сумленнымі, цікавымі, пастаянна працаваць над сабой. Любіць дзяцей. Быць з імі на роўных.
Гутарыла Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №77 ад 30.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *