За свою жизнь Сергей Сафончик проехал на мотоцикле от Полярного круга до Кавказа

Актуалии Мир увлечений

Вандроўкі вабяць невядомасцю
Падарожжа – гэта не проста вандроўка па гарадах сваёй краіны і за яе межамі, гэта магчымасць спазнаць свет і адкрыць для сябе нешта новае. У рэшце рэшт падарожжа – гэта стан душы, гэта захапленне ўсяго жыцця. Такой думкі прытрымліваецца Сяргей Сафончык з Мікалаева, памочнік ляснічага мясцовага лясніцтва.
Вось ужо каля трыццаці гадоў Сяргей Уладзіміравіч падарожнічае па ўсім свеце. Не на цягніку і не на легкавой машыне, а на  матацыкле, якому ўжо больш за трыццаць гадоў і які яму падарылі калісьці бацькі. Маўляў, матацыклу давярае больш, бо ён дае свабоду: і свежым паветрам дыхаеш, і лепш бачыш прыгажосць прыроды, і паездка атрымліваецца недарагой.
“За сваё жыццё на матацыкле я праехаў ад Палярнага круга да Каўказа. Дабіраўся ад Чорнага мора да берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна. Быў на Чудскім возеры і на Ладажскім, некалькі разоў ездзіў у Карпаты і  Крым, – расказаў Сяргей Сафончык. –  Даязджаў і да Балтыйскага мора. Але тут мяне ледзь не арыштавалі. Аказваецца, амаль дваццаць кіламетраў праехаў па прыгранічнай зоне. Калі да мяне падышлі пагранічнікі, мне нічога не заставалася як сказаць: ”Братцы, здаюся!”. Пагранічнікі аднесліся з разуменнем  і нават дазволілі залезці на вышку, каб з вышыні палюбавацца на мора.
У час падарожжаў, адзначае С. У. Сафончык, яму трапляліся добрыя людзі. Напрыклад, калі быў на Белым моры, пераначаваць на сваю базу пусцілі мясцовыя байкеры. На Каўказе пасябраваў з мясцовым жыхаром, нават перапісваліся потым.
Вельмі ўразіла Сяргея Сафончыка возера Баскунчак, што ў Астраханскай вобласці. Быў здзіўлены вялікай колькасцю турыстаў на беразе. “Баскунчак – адно з самых салёных азёр свету, салёнасць там 300 праміле – гэта прыкладна столькі ж, як і на Мёртвым моры, – кажа Сяргей Уладзіміравіч. – На салёнай вадзе можна ляжаць, нібыта на канапе, на баку ці на спіне – усё роўна не патонеш, вада “выцісне” цябе на паверхню. Пад слоем солі знаходзіцца лячэбная чорная гліна. Трэба бачыць, як некаторыя турысты абмазваліся ёю з галавы да ног, нібыта ператвараючыся ў негра”.
Сёлета Сяргей  пабываў  у Казахстане. За шэсць дзён праехаў на сваім матацыкле больш за тры тысячы кіламетраў. Начаваў у асноўным у самаробнай палатцы, зробленай са звычайнай плёнкі, бо ў гасцініцах занадта дорага.
“Казахстан сустрэў стэпамі, – кажа мікалаеўскі падарожнік. –  Едзеш сотню кіламетраў  – ні кусціка табе, ні рэчкі, ні возера –  толькі палын сустракаецца і вярблюды. Аазісы, якія сустрэнеш сярод  гэтай бязводнай аднастайнасці, здзіўляюць сваёй прыгажосцю. Не на жарт перапужаўся, калі ў мяне закончылася вада. Але мясцовае насельніцтва падзялілася са мной вадой, за што я быў вельмі ўдзячны”.
У Казахстане мікалаеўскага падарожніка сустрэлі гасцінна. Калі даведаліся, што ў вандроўніка з Беларусі сапсаваўся матацыкл , адразу запрасілі да сябе. На дастархане  з’явіліся манты, плоў, мяса і іншая смаката. Цікава, што сярод іншых страў на стале былі і беларускія сухары. Казахі патлумачылі, што іх часта завозяць у мясцовую краму. Смачны пачастунак карыстаецца попытам у мясцовага насельніцтва.
Казахі запрасілі госця з Беларусі на начлег, а раніцай гаспадар дапамог Сяргею адрамантаваць матацыкл.
Не сакрэт, што некаторыя землякі лічаць Сяргея Сафончыка дзіваком, які ў абавязковым парадку кожны год у водпуску едзе ў падарожжа на сваёй старэнькай “Яве”.  Але ж менавіта падарожжа заражае  мужчыну энергіяй і дае яму сілы.
Сяргей Сафончык расказаў, што ён не адзіны ў сваім захапленні падарожнічаць. Так, летам у Казахстане сустрэў жыхара Амерыкі, які таксама падарожнічаў на матацыкле. Паколькі беларус і амерыканец не разумелі мовы адзін аднаго, “вялі размову па карце”, паказаўшы, адкуль прыехалі.
Мікалаеўскі падарожнік будуе планы на наступны год. Марыць пакарыць  Узбекістан. Вось падрамантуе да наступнага лета сваю “Яву” – і наперад.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №79 ад 07.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *