Как организовано питание детей в школах и садах

Актуалии Здоровье

Мы – гэта тое, што мы ядзім
Пра тое, што правільнае харчаванне вызначае здароўе чалавека, сёння не чуў хіба толькі лянівы. Але калі паназіраць, што мы кладзем у свае кошыкі, трапляючы ў магазін, можна зрабіць вывад, што ўсе нашы веды пра здаровую ежу ў гэты момант мы пакідаем дома. Асаблівую вастрыню гэта праблема набывае, калі гаворка ідзе пра харчаванне дзяцей. Індустрыя ядомай “атруты” сёння настолькі развітая, што ў некаторых асабліва крытычных выпадках можна засумнявацца, а ці есці наогул тое ці іншае дзіця што-небудзь здаровае і карыснае? Вядома, што далёка не ўсе бацькі азадачваюць сябе прадумваннем збалансаванага рацыёну, падлікам тлушчаў, бялкоў і вугляводаў і іншым. А калі сям’я сацыяльна нестабільная, то ўвогуле ўзнікае пытанне: ці ела дзіця хаця б што-небудзь?
І тут асаблівыя надзеі ўскладаюцца на арганізацыю харчавання дзяцей у адукацыйных установах – і медыкамі, якія ведаюць, што мы – гэта тое, што мы ядзім; і бацькамі, якія хочуць, каб дзіця не хадзіла галоднае, пакуль яны на рабоце; і грамадствам у цэлым, якому для гарманічнага развіцця патрэбна здаровая моладзь. Дзеля гэтага працуе цэлая сістэма, арганізаваны механізм, дзе ў кожнага свая роля і свая адказнасць.

Каго, як і колькі разоў
Харчаванне дзяцей у дзіцячых садах вядзецца за бацькоўскія грошы. І калі мець на ўвазе санітарныя нормы, згодна з якімі дзіця павінна есці кожныя 3,5-4 гадзіны, то яны вытрымліваюцца. Малодшыя школьнікі бясплатна атрымліваюць сняданкі і ў вясковых, і ў гарадскіх школах. А вось за абед гарадскім дзецям (гэта тычыцца школ у Шуміліне і Обалі) прыходзіцца плаціць. Акрамя таго, згодна з заканадаўствам бясплатна ці за частковую плату харчуюцца пэўныя катэгорыі дзяцей (напрыклад, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, дзеці са шматдзетных сем’яў і ішыя).
Толькі ў адной школе раёна арганізавана работа буфета – гэта СШ №1. У Мікіціхінскай СШ, ОбальскайСШ, шумілінскіх СШ №1 і СШ №2 работа па арганізацыі харчавання дзяцей даручана райспажыўтаварыству, што цягне за сабой нацэнку, якой няма ва ўсіх астатніх установах.

99% дзяцей ахоплены гарачым харчаваннем, падлічыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Любоў Сямёнава. Гэта значыць, што кожнае без выключэння дзіця можа паесці хаця б раз на дзень. Калі дзіця знаходзіцца ў школе больш за 6 гадзін, яму прапануецца і абед (у вёсках – бясплатна). І тут дзеці таксама маюць магчымасць выбіраць: браць поўны абед ці так званы абед свабоднага выбару. Гарадскія старшакласнікі звычайна з раніцы вывучаюць меню, якое заўжды вывешана ў сталоўцы, і калі, скажам, малочны суп ці рыбная катлета не выклікаюць у іх апетыту, яны могуць і наогул абед не заказваць. Яшчэ многія дзеці суадносяць сваё школьнае меню з фінансавымі магчымасцямі сваіх бацькоў. Дакладна падлічыць, у колькі абыходзіцца гарадкі абед складана, трэба ўлічваць шмат нюансаў, але прыкладна гэта ад 10 да 12 рублёў за тыдзень. Браць з сабой перакусы з дому ніхто не забараняе.

У Обальскай школе на абед былі тэфтэлі з соусам
Святлана Лузгіна
ўзяла на сябе абавязкі шэф-повара Обальскай школы зусім нядаўна, таму госці ў выглядзе карэспандэнта і спецыялістаў аддзела адукацыі, якія з’явіліся на яе кухні, крыху збянтэжылі жанчыну. У гэты час на пліце гатаваўся малочны суп з макаронай, у спецыяльным тазіку стаяў прыгатаваны для тэфтэляў з соусам паўфабрыкат з фаршу. Тэхнолаг Алена Ходзюш адразу ж узялася правяраць выхад фаршу. Адбываецца гэта прыкладна так: спачатку фарш узважваецца, затым з яго лепяцца тэфтэлі ці катлеты аднолькавага памеру і формы, якія гатуюцца, а затым зноў узважваюцца. Калі на нейкай стадыі прыгатавання была дапушчана тэхналагічная памылка, то гэта працэдура дапаможа яе выявіць. У гэтым канкрэтным выпадку ўсё, што патрэбна, супала з нормамі. Малочны суп па ацэнцы бракеражнай камісіі таксама быў таго колеру, кансістэнцыі і смаку, які заяўлены ў тэхналагічнай карце, і какава таксама. Варта заўважыць, што сталовая Обальскай школы выдатна абсталявана.

Гуру кухні
Калі павары пачынаюць гаварыць пра тое, што ўсе патрабаванні, якія прад’яўляюцца да іх работы, вытрымаць немагчыма, ім у прыклад адразу ж прыводзяць Мішневіцкі дзіцячы садок і яго нязменнага на працягу доўгіх год повара Леакадзію Курчанаву. У гэтым садзе з цікавасцю вывучаюць новае тэхналагічнае меню і збіраюцца разнастаіць 10-дзённы рацыён новымі стравамі.

Прафесіяналізм повара ў спалучэнні з адказнасцю і разуменнем важнасці правільнай арганізацыі харчавання дзетак загадчыкам садка Таццянай Рабычынай даюць вынік, да якога няма ніякіх прэтэнзій. Дзеці ядуць смачна і разнастайна. Не ўсюды, згадзіцеся, малыя круглы год п’юць сокі, атрымліваюць умацаваны падвячорак, ядуць удосталь мяса, у тым ліку ялавічыны. У адзін дзень, скажам, ім могуць прапанаваць і мяса, і рыбу. Садок выкарыстоўвае ўсе магчымасці, каб зрабіць стол больш багатым: гэта і нарыхтоўка гародніны, садавіны, ягад, і дамоўленасць з мясцовай гаспадаркай на пастаўку малака і іншае. Дарэчы, дзеці ў гэтым садку амаль не хварэюць.

У Светласельскім садку давяраюць сэрвісу MASHA

Светласельскі яслі-сад адзіны ў раёне ўжо трэці год выкарыстоўвае інтэрнэт-сэрвіс MASHA , які дазваляе аўтаматызаваць і эфектыўна вырашаць рэальныя задачы, якія ўзнікаюць пры арганізацыі рацыянальнага харчавання. Гэта сістэма пазбаўляе повара і загадчыка ад штодзённых шматгадзінных разлікаў, дазваляе поўнасцю кантраляваць усе працэсы. Загадчык садка Л. В. Ястрабава заўважае, што нягледзячы на тое, што за карыстанне сэрвісам трэба плаціць, гэта, па-першае, вызваляе час для іншых важных спраў, па-другое, зводзіць да мінімуму магчымыя праблемы ў арганізацыі харчавання.

Яшчэ ў садку вялікую ўвагу надаюць эстэтыцы харчавання: на здымку бачна, як выдатна малыя спраўляюцца з катлетай з дапамогай нажа і відэльца. Цікава, што ў меню бацькі знойдуць і прапановы пра тое, чым можна пакарміць дзіця ў вечары.

Жыць здарова

Ужо два гады буфет СШ №1 працуе ў “здаровым” рэжыме. Тут няма месца чыпсам, газіроўкам, сасіскі ў цесце, піцы тут прапануюцца толькі два разы на тыдзень і ўласнай выпечкі. Іншае пытанне, што магазін, які знаходзіцца літаральна ў дзвюх хвілінах ад школы, лёгка вырашае праблему з тымі ж чыпсамі. Але гэта ўжо бацькоўскі клопат.

Зыходзячы з таго, што харчаванне дзяцей павінна ўмацоўваць іх здароўе, за меню вельмі строга сочаць. Кожная ўстанова распрацоўвае двухтыднёвае меню (ці 10-дзённае, як у садах), якое забяспечвае рацыянальнае і збалансаванае харчаванне. Гэта меню павінна строга вытрымлівацца. Неабходнасць балансавання паміж натуральнымі і грашовымі нормамі патрабуе ад устаноў адукацыі выкарыстання ўсіх магчымых рэсурсаў для таго, каб патанніць харчаванне. Скажам, калі школа нарыхтавала ўдосталь гародніны, дамовілася з гаспадаркай “за малако”, то яна можа дазволіць сабе часцей паставіць на дзіцячы стол фрукты, сокі, рыбу.

Апроч прыведзеных вышэй устаноў, у ходзе напісання матэрыялу мы пабывалі ў прытулку і дзіцячым садзе ў Обалі, у Мішневіцкай школе. Усюды нас сустракаў смачны пах хатняй ежы. Мы размаўлялі з дзеткамі, якія ў адзін голас казалі, што кормяць іх сапраўды смачна, гэты факт пацвярджалі іх чыстыя талеркі. Як гэта ні дзіўна, але дзеці ядуць і салату з буракоў, і тушаную капусту з морквай і цыбуляй, і самыя розныя супы. Як аказалася, чуткі пра тое, што дзеці сёння нічога акрамя каўбасы не ядуць, сур’ёзна перабольшаныя. Дарэчы, нормы на тую ж каўбасу прадугледжаны настолькі сціплыя, што часцей, як раз на тыдзень, яе не прапануюць.

Няма сёння і праблем з кадрамі, сказала Л. Г. Сямёнава. Кансультуе, працуе над павышэннем прафесійнага майстэрства повараў тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Ходзюш. Яна заўважае, што інтарэс і зацікаўленасць справай ёсць ва ўсіх.

Гаварыць пра тое, што ніякіх праблем у арганізацыі харчавання дзяцей няма, было б наіўна, але такіх, якія б нельга было вырашыць у рабочым парадку, па словах Любові Генадзьеўны, няма. Напрыклад, сустракаюцца парушэнні тэхналогіі прыгатавання ежы, не заўжды ўсім удаецца вытрымаць двухтыднёвае меню. Арганізацыя харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі знаходзіцца пад пільным пастаянным кантролем. Тут працуюць з праверанымі пастаўшчыкамі без пасрэднікаў, маецца ўсё неабходнае абсталяванне.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *