Фронтовые письма

Актуалии

Гэта наша з табой біяграфія
ФРАНТАВЫЯ ЛІСТЫ

Франтавыя лісты. Невялікія пажоўклыя паперкі. Простыя і няхітрыя па зместу. У іх – салдацкія навіны, пытанні пра жыццё, здароўе, прывітанні родным. Як часта яны пісаліся ў спешцы, у кароткіх перапынках паміж баямі…
Калекцыя франтавых лістоў захоўваецца ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Напярэдадні Дня Перамогі калекцыя папоўнілася пісьмамі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны гвардыі старшага лейтэнанта Аляксандра Цімафеевіча Анішчанкі. Лісты падарыла музею дачка ветэрана Таццяна Аляксандраўна Струкава, якая пражывае ў Віцебску.
Аляксандр Анішчанка стаў салдатам у красавіку 1941 года. І ўжо з 4 па 12 ліпеня ў складзе 660-га гаўбічнага артылерыйскага палка ўдзельнічаў на Заходнім фронце ў абароне Віцебска. У першых баях іх шматнацыянальны гарматны разлік з дзевяці чалавек, у якім Аляксандр быў наводчыкам, прамой наводкай падбіў тры наступаўшыя фашысцкія танкі.
Потым былі бітвы за гарады Смаленшчыны, абарона Масквы, бітва на Курскай дузе пад Прохараўкай. Там малады салдат быў паранены асколкам у нагу. Вылечыўся. І зноў у строй. У складзе Варонежскага фронту ўдзельнічаў у вызваленні Украіны. За смеласць і знаходлівасць у снежні 1943 года баец быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
22 чэрвеня 1944 года камандзір артылерыйскага ўзводу 67-й стралковай дывізіі 1-га Прыбалтыйскага фронту Аляксандр Анішчанка вызначыўся на прарыве нямецкай абароны пры вызваленні Сіроцінскага раёна на Віцебскім плацдарме, за што быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені з прысваеннем звання лейтэнанта.
Аляксандр Анішчанка, як і кожны яго малады суайчыннік, марыў, кахаў, любіў жыццё. Ён пісаў вершы і сардэчныя лісты сваёй будучай жонцы Алене Танковіч. З Аленай ён пазнаёміўся ў шпіталі ў вёсцы Залессе Сіроцінскага раёна, куды трапіў пасля ранення ў ногі ў ходзе Віцебскай наступальнай аперацыі пры падыходзе да станцыі Лоўша.
Праз месяц ужо з Прыбалтыкі ён пісаў сваёй каханай: “…І калі прыйдзецца цяжка, і калі гэта трэба Радзіме, то не шкадуючы сваіх сіл і крыві, аддам жыццё за Радзіму, за Сталіна, за цябе, дарагая Леначка, каб болей не бачылі, не ведалі такіх жахаў, якія вы перажылі за 3 гады акупацыі.”
А гэты ліст напісаны 26 лютага 1945 года і таксама са шпіталю: “…на новым месцы, дзе я жыву, няважна. Але я думаю, што хутка выпішуся, калі здароўе палепшыцца, і зноў вярнуся на фронт — з новай сілай біць і знішчаць нямецкіх захопнікаў у іх уласным логаве. Вайне хутка канец, і мы абавязкова сустрэнемся… Мы будзем святкаваць нашу перамогу і сустрэчу як ніколі і, вядома ж, пойдзем удвух у кіно, зразумела, Леначка? І пацешымся так, як патрабуе жыццё маладых, за доўгія гады разлукі…”
Былі ў палявой пошце і вершаваныя радкі:
“У гэтым вершы я яшчэ раз нагадваю аб тым, што наша каханне і дружба неразлучны, што яны нараджаліся ў дні жорсткіх баёў за нашу любімую Радзіму, за твой край, за твой дом, за сям’ю, за цябе, дарагую.
Леночке
Я помню ту ночь грозовую,
Когда началася война.
Любовь свою сердца живую
Я Родине отдал до конца.
Я знал, что я встречу, родная,
Пройдя сквозь  огня ураган,
Твой  образ в бою представляя,
Я шел сквозь дожди и туман.
г. Двинск.  9 апреля 1945 г.».
У 2000-м годзе ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Цімафеевіча Анішчанкі не стала. Памёр ціха, без стону, без слёз. Як салдат… Пахавалі салдата той вайны на маленькіх ціхіх могілках каля Сіроціна, дзе ён сустрэў сваю каханую Алену, з якой пражыў амаль 55 гадоў і лісты да якой дапамаглі яму выстаяць у нялёгкі ваенны час і сустрэць доўгачаканую Перамогу.
На здымку: такімі маладымі жыццярадаснымі, поўнымі надзей былі Аляксандр Цімафеевіч і Алена Давыдаўна Анішчанкі на пачатку сямейнага шляху (снежань 1945 года)
Святлана ІВАНОВА,
старшы навуковы супрацоўнік Шумілінскага
гісторыка-краязнаўчага музея.
Надрукавана ў №35 ад 13 мая



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *