«Певень Рыгор упэўнены ў тым: Сонца з-за гор паклікана ім!”

Духоўнае

«Певень Рыгор упэўнены ў тым:

Сонца з-за гор паклікана ім!”

(асоба Пеўня ў беларускіх (і не толькі) творах)
Свята Новага года дорыць нам казачнасць, чаканне цудаў, здзяйснення мараў. Мы ўсе робімся дзецьмі: упрыгожваем ёлку, прыўзнімаючы хвойныя галінкі, шукаем падарункі, хоць ужо і не верым у Дзеда Мароза. Многія абавязкова ставяць на навагодні стол і сімвал будучага новага года.
Цікава, што сімвалам 2017 года па ўсходнім календары стане ўсім нам вядомы Певень – яркі, прыгожы, амбіцыйны. У славян здаўна гэтая свойская птушка лічылася сiмвалам Сонца, шчасця, жыццёвай сiлы, урадлiвасцi, захавальнiкам хатняга агню i дабрабыту.

Як і належыць сапраўднаму герою, Певень храбры баец. Успомніце хаця б вядомую з дзяцінства казку “Зайчыкава хатка”, дзе Певень паказаў сябе сапраўдным храбрацом і абаронцам слабых. А які ён герой у вершы “Храбры певень” Якуба Коласа:
Па надворку певень ходзіць,
За сабою куры водзіць
I крычыць: – Сюды! Сюды!
Як кіўне ён галавою,
Сыплюць куры чарадою –
Як адна бягуць туды.
А калі хто кур пужае,
Певень грозна загукае:
– Хто такі там? Хто такі?
Тут мы бачым Пеўня і як клапатлівага сем’яніна, добрага арганізатара. Гэтыя ж рысы адзначае і Іван Карпечанка, ён жа запрашае нас палюбавацца знешнім выглядам нашага героя:
Выйшаў певень
За вароты,
Аглядае свой мундзір.
А за ім
Курэй з паўроты,
А ён – іхны камандзір.
Яркай чырванню зары
Грэбень у яго гарыць,
Хвост вясёлкаю іскрыцца –
Як яму не ганарыцца!
Знешнасці Пеўня, наогул, шмат прысвечана трапных радкоў у беларускіх вершах, прымаўках, загадках. Вось, напрыклад: “Не кароль, а ў кароне, не гусар, а пры шпорах, гадзінніка не мае, а час знае”.
Дарэчы, пра час. Уласцівасць Пеўня адчуваць час, “будзіць раніцу” надало яму магічнасці, таямнічай сілы, нібыта ён стаў упоравень з Сонцам. “Абудзiць певень загуменне, i зазвiняць у лузе – росы…” – піша Міхась Курыла. “Вось і Певень праспяваў, час і за работу брацца!” – падтакваюць яму прымаўкі.
Гэтае ўсеагульнае захапленне не магло не сказацца на характары ганарлівай самалюбівай птушкі. І вось ужо Певень уявіў сябе галоўней за ўсіх, нават за Сонца. Гэта трапна падмеціла Міра Лукша:
Певень Рыгор
Упэўнены ў тым:
Сонца з-за гор
Паклікана ім!
Раскукарэкаўся
На ўсё сяло:
“Я зрабіў святло!”
І ва ўсю моц
Весціць пявун:
“Я прагнаў ноч!”
Верце – не верце яму!
А Эдуард Валасевіч высмеяў такую самаўпэўненасць:
Здарылася,
што Певень раніцу праспаў.
I Пеўня дужа абурыла,
Што Сонейка ўзышло над небасхілам.
“Як так!
Яшчэ каманды я свяцілу не падаў,
А ўжо яно ўзнялося над зямлёю?
Ды што гэта такое?!”
I Певень грозна закрычаў:
– Адставіць! Не дазволю!
Ого-го-го! – загагатаў Гусак, –
Над Сонцам захацеў мець волю?
Ну і пацешыў нас, дзівак…
Хоць з выгляду ты генерал брыгадны,
Ды Сонейка табе непадуладна.
Толькі не такі наш герой, каб скарыцца ды падпарадкавацца чыёйсьці думцы, ён нікому не саступіць, будзе біцца да апошняга пяра, недарэмна ж кажуць “задзірлівы як ПЕВЕНЬ”. Але ж як прыгожа гэтую пеўневую задзірлівасць намаляваў у сваім вершы “Пеўні” туркменскі паэт Курбан Чаліеў (праўда, не ведаю, хто пераклаў гэты верш на беларускую мову):
У першага пеўня крыллі –
Пунсовыя, як агонь.
Ён імі ўзмахне у хвілю,
Як толькі зачэпіш яго.

Крыллі ў другога пеўня –
Белыя, як малако.
У голасе – гневу адценне,
Як крыкнеш яму: –  Ко-ко!

Абодва яны галасістыя,
Абодва прыгажуны.
Золкам іх спевы ўрачыстыя
Ў паселішчы ўсім чутны.

Ды толькі яны сустрэнуцца –
Паб’юцца, проста бяда!
Аж пер’е па сцежцы сеецца.
І мне іх неяк шкада.

Ну, што яны не падзеляць?
Ніяк іх не ўтаймаваць.
І ўсё ж я не трачу надзеі,
Што змогуць яны сябраваць!
І мы верым, што Певень здольны не толькі на задзірлівасць, але і самае сапраўднае сяброўства і што надыходзячы год Пеўня для ўсіх нас будзе напоўнены сонцам, шчасцем і сяброўствам.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №98 ад 16.12.2016г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *