Что умеет сельский библиотекарь?

Людзі і лёсы Общество

“Да  дзірак  зачытвалі  “Маладую  гвардыю”

Сельскі бібліятэкар – на вагу золата.  Ён умее добра прэзентаваць сваю працу, чытаць вершы, ствараць сцэнарыі, весці разнастайныя гурткі, супрацоўнічаць з рознымі ўстановамі. “А яшчэ – збіраць гісторыю свайго краю”, – дадае Аляксандра Андрэеўна Баранава, былы бібліятэкар Мікалаеўскай бібліятэкі.

Жанчына займалася гэтай справай амаль дваццаць пяць гадоў. “Мікалаеўскі край, які стаў для мяне родным, аповеды старэйшых жыхароў, успаміны пра Вялікую Айчынную вайну – усё гэта для мяне вельмі цікава”, – расказала Аляксандра Андрэеўна.
Сама родам з Чэлябінскай вобласці, А. А. Баранава выйшла замуж за мікалаеўскага хлопца. Паколькі за плячыма мела бібліятэчны тэхнікум, маладой жанчыне прапанавалі працаваць… загадчыцай вясковага клуба. У  1962 годзе пры Мікалаеўскім клубе толькі адзін маленькі пакой быў аддадзены пад бібліятэку. У ім былі тры драўляныя стэлажы, стол і лаўка.  Агульны фонд налічваў каля паўтары тысячы кніг. Аляксандра Станіславаўна і “танцы круціла”, і канцэрты арганізоўвала, і кнігі выдавала. І гэта пры тым, што ўмовы работы былі не вельмі: памяшканне клуба не ацяплялася, і ў вялікія маразы сцяна ля кніжных стэлажоў пакрывалася шэранню.  Толькі падчас святаў і канцэртаў кіраўніцтва саўгаса “Ульскі” прысылала ў клуб рабочых, якія прывозілі дровы і прапальвалі печку, каб гледачам і самадзейным артыстам было камфортна.
Жанчына праводзіла рэпетыцыі ансамбля “Светлячок”, які працаваў пры клубе. Вяскоўцы і спявалі, і гралі на акардэонах, баянах, гармоніках. Вясковы ансамбль неаднаразова выступаў у іншых раёнах, быў пераможцам шматлікіх абласных конкурсаў.
“На той час пасада загадчыцы клуба не была высокааплатнай, – згадвае А. А. Баранава. – Як зараз помню, мой заробак складаў 38 рублёў. А стаўка бібліятэкара была 45 рублёў. Таму, калі ў 1968 годзе бібліятэка  была аддзелена ад клуба, я выйграла ў зарплаце. Сем савецкіх рублёў на той час – гэта ж было цэлае багацце.
У 70-ыя гады мікалаеўская бібліятэка значна пабагацела: нам перадалі кнігі пасля закрыцця Макракоўскай і Бубальскай пачатковых школ. У бібліятэцы было больш за пяцьсот чытачоў. Бралі кнігі вельмі актыўна не толькі дзеці (у мікалаеўскай васьмігодцы  на той час вучылася 160 чалавек), але і дарослыя. Асаблівай папулярнасцю карысталіся кнігі пра вайну – “Маладую гвардыю”, вобразна кажучы, да дзірак зачытвалі”.
Часта вечарамі, а то і ў выхадныя дні вясковы бібліятэкар “ішла ў народ”. На той час ужо добра ведала мясцовае насельніцтва, таму накіроўвалася да старажылаў Мікалаева, Гусінцаў, Макракоў, Бубаляў, запісвала іх успаміны.
Па просьбе кіраўніцтва саўгаса “Ульскі” А. А. Баранава  сабрала многа звестак пра мясцовых сялян, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Потым выставу, прысвечаную землякам-героям, рабілі ў мясцовым клубе.
А. А. Баранава збірала ўспаміны вяскоўцаў  пра мікалаеўскую птушкафабрыку,  пра мясцовы цагельны завод і пра пераможцаў сацыялістычных спаборніцтваў саўгаса “Ульскі”. Гэтымі каштоўнымі звесткамі жанчына падзялілася з кіраўніцтвам мясцовай гаспадаркі, частку перадала ў бібліятэку, за што яе работнікі вельмі ўдзячныя збіральніцы гісторыі вёскі.
Зараз Аляксандра Андрэеўна на заслужаным адпачынку, яна поўнасцю аддае сябе любімай справе – чытанню кніг. А нам яна параіла абавязкова пачытаць раман Марыі Мятліцкай “Дарога на дзве вуліцы”, ад якога “нельга адарвацца”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *