Апошняя сустрэча (апавяданне)

Духоўнае

Лёгкі вясенні ветрык ляніва казытае набрыняўшыя пупышкамі галінкі старых ліп, якія з усіх бакоў атуляюць хату Яніны Пятроўны Лазарэнкі. Чырвоная зорка паміж двух акон надае хаце строгасці і пэўнай значнасці. Асцярожна ступаючы па прыступках ганка, яна час ад часу спыняецца, прыслухоўваецца. Недзе ўдалечыні пагруквае гром, першы гром набягаючай вясны. Любіць Яніна Пятроўна, ці як у пасёлку кажуць баба Яня, пару першай навальніцы, абуджэння ўсёй прыроды, якую яна называе ачышчальнай. І ачышчае яна ад усяго: ад мінулагодняга бруду, ад назапашанай у людзях злосці і нянавісці, хамства і зайздрасці… Вось такую магічную сілу бачыць у магутных раскатах першай вясенняй навальніцы.
Хударлявая, сярэдняга росту, з белымі, як снег, валасамі, акуратна сабранымі ў тугі вузел і пакрытымі цёмна-вішнёвай хусткай, яна ўвасабляе душэўную супакоенасць. Пяшчотна пагладжваючы нейкім цудам зляцеўшы з ліпы клейкі лісток, яна рукамі былога франтавога хірурга пераварочвае яго, быццам выглядвае ў ім гісторыю свайго жыцця, гісторыю доўгую, цяжкую і разам з тым зайздросную.
“Вы кажаце, што маё прозвішча ды і знешнасць нагадваюць украінку, – адарваўшыся ад сваіх дум, раптам прадоўжыла яна сваё апавяданне. – Не ведаю, можа ў якім дзясятым калені і былі ў нашым родзе ўкраінцы, але я – сапраўдная бульбашка з прыдзвінскага краю. Тут жылі мае бацькі, дзяды і прадзеды, тут зараблялі свой хлеб, адсюль, калі клікала краіна, ішлі на вайну, сюды ж і вярталіся, каму пашчасціла выжыць. Адным словам, усе мы бульбашы, высокай адукацыі не мелі ні маці, ні бацька. Сама я вельмі хацела стаць урачом, але не атрымалася.
Недавучаным доктарам, дакладней хірургам, сустрэла вайну. Па прычыне таго, што маці хварэла, а бацька быў на фронце пад Масквой, мяне дабравольцам у армію не ўзялі. Аказаўшыся сярод акупантаў, я вельмі баялася, каб не пагналі ў Германію, і рашылася на хітрасць. За два дзясяткі яек ў знаёмага ўрача выпрасіла «ліпавы» дакумент, што мама хворая на тыф, а я даглядаю яе. Гэтай хваробы немцы вельмі баяліся, а я з гэтай «ліпай» смялей магла выходзіць у суседнія вёскі ў пошуках прадуктаў і лекаў. Па дарозе ўважліва прыслухоўвалася да размоў нямецкіх салдат, прыглядалася. А паколькі наша вёсачка Цімкавічы з 15 хат знаходзілася каля самага лесу, то да нас па начах пачалі прыходзіць першыя партызаны, і ім такая інфармацыя была патрэбна, як паветра. Мама баялася за мяне, бо гэта было вельмі небяспечна, за сувязь з партызанамі немцы жорстка каралі. Аднойчы ў адной з вёсак, кіламетраў за пяць ад нашай, я жахнулася, калі ўбачыла на вісельні вясковага конюха. Яго пакаралі, і на волю лёсу застаўся ягоны ўнук-сірата… І тады я зразумела, што буду помсціць фашысцкім катам, чаго б мне гэта не каштавала.
Ад партызанскага камандавання я пачала атрымліваць заданні, яны патрабавалі сіл, кемлівасці, нервовага напружання. Не ведаю, можа я не маю права так гаварыць, – асцярожна працягвала свой аповед Яніна Пятроўна, – але мне здаецца, што франтавое жыццё крыху лягчэй: там ідзе сценка на сценку, там ты ўзброены, адчуваеш локаць таварыша. Тут жа, знаходзячыся ў стане ворага, у любую мінуту твая патыліца можа атрымаць кулю калі не ад яўнага фашыста, то ад якога-небудзь мярзотніка-здрадніка.
Але партызанскі рух рос і мацнеў. Пачалі стварацца атрады, брыгады, фарміраваліся злучэнні народных мсціўцаў. І ім патрэбна была дапамога харчаваннем, адзеннем, а галоўнае – зброяй. Усё гэта можна было атрымаць за лініяй фронту, куды накіроўваліся дабравольцы.
Хто ўдзельнічаў у гэтых паходах, цяжкіх і рызыкоўных, той ведае: гэта шматкіламятровы шлях лясамі, кустоўем, балотамі, пад хмарамі камароў і мошак, пад пільным вокам ворага, гэта сон урыўкамі на лапніку і сухіх купінах. Ішлі напаўгалодныя, у рваным абутку, з худой торбай за плячыма. Туды – пустыя, адтуль – да двух пудоў грузу з адной думкай: вернешся жывым ці назаўсёды застанешся ў тых балотах і лясах. Памятаю, як дзве групы з чатырох і пяці чалавек нарваліся на нямецкую засаду і былі расстраляны ў двух кіламетрах ад роднага дома.
У нашу ж групу ўваходзілі тры жанчыны і дзве дзяўчыны. У торбачках мы неслі па некалькі бульбін і па кавалку нямецкага эрзац-хлеба. Усім сваім выглядам мы сцвярджалі, што жабрачкі, ды па сутнасці і былі імі. Перад самай адпраўкай у цяжкі і небяспечны шлях нам даслалі з партызанскага атрада інструктара, які агледзеў нас, паведаміў пароль, пажадаў шчаслівага вяртання і прадставіў важака – худзенькую дзяўчыну гадоў васямнаццаці, заверыўшы, што гэта “надзейны і верны таварыш”. Мы ж, гледзячы на гэтае дзяўчо з гарэзлівымі блакітнымі вачыма, мала верылі, што ў небяспечную мінуту яна зможа нам нечым дапамагчы.
Акінуўшы позіркам нашу групу, дзяўчына сказала: “Завіце мяне проста Марынай, прозвішча Дубавец, я ваша аднавяскоўка. Пры сустрэчах з фашыстамі гаварыце ў адно слова: чулі, што недзе там каля чыгуначнай станцыі Баркі сышоў з рэек і перавярнуўся вагон з соллю. Без яе паміраюць нашы дзеці, бацькі, суседзі. Паролем карыстацца ў двух месцах: калі пяройдзем лінію фронту і пры здачы дома сваёй “солі”. Паўтараю пароль: на пытанне “А ці многа ў гэтым годзе малін?” мы павінны даць адказ “Маліна сёлета не цвіла, пашкодзілі замаразкі”.
І вось мы ў дарозе. Наперадзе Марына. Нам трэба прайсці 40 кіламетраў па бездарожжы, пазбягаючы сустрэч з немцамі. Першую ноч знясіленая група правяла ў закінутым паўзгніўшым хлеўчуку спаленай вёскі, другую – на яловым лапніку ў лесе. А вось трэцяя ноч была для нас трывожнай: па плане мы павінны былі абысці варожыя блокпасты, заслоны і перасячы лінію фронту. Чаго каштавала гэта нашаму важаку, можна было толькі здагадвацца па яе стомленым твары з прывабнай ямачкай на падбародку, па тым, якім асцярожным і вывераным быў кожны яе крок. Віртуозна валодаючы спосабамі маскіроўкі, выдатна арыентуючыся, маючы нейкае асаблівае чуццё, наш “надзейны і верны таварыш” вывеў нас на пароль “А ці многа ў гэтым годзе малін?”. І гэта была наша савецкая, свабодная ад чужаземцаў зямля.
З нацёртымі да крыві нагамі, галодныя, мы цэлыя суткі адпачывалі, пакуль у нашы торбы старанна, каб нічога не грукала, укладваўся груз. Што чакала наперадзе, бо ў нас за плячыма была такая “соль”, ад якой немчуры стала б вельмі салёна”.
Вясёлыя пераскокі чародкі вараб’ёў каля ног бабы Яні на нейкі час адцягваюць яе ад цяжкіх успамінаў, свежанькай ліпавай галінкай яна спрабуе разняць двух забіяк-вараб’ёў і, захінаючы пушыстую хустку, працягвае сваё апавяданне.
“Бяда здарылася на паўшляху да дому. Ужо вечарэла, калі мы пасля кароткай перадышкі ўзвалілі на плечы груз, нацэльваючыся хуценька перасячы невялікую паляну і схавацца ў выратавальным лесе. Вось якраз тады перад намі і прашмыгнуў нейкі чалавек з кошыкам у руках. Грыбнік, падумалі ўсе, і супакоіліся. Але Марыне гэты незнаёмец падаўся падазроным і яна скамандавала нам бегчы да лесу, хаця які там бег з такім грузам. За дзясятак метраў ад лесу ў неба ўзляцела сігнальная ракета, і адразу застракаталі аўтаматы, злева ад нас забубніў кулямёт. Засяклі – пранеслася ў галаве – толькі б не аўчаркі, яны страшней за кулі. І тут загад Марыны: “Глыбей у лес! Я іх затрымаю!” Задыхаючыся, мы цягнем свой груз па траве, краем вока я бачу, як Марына, скінуўшы ношу, кінулася за ствол старой асіны, каб дастаць зброю.
Вячэрні змрок на нашым баку, ён перашкаджае фашыстам весці прыцэльны агонь, кулі свішчуць над намі. Марына ж затаілася, маўчыць. І тут справа ад нас і ззаду раздаўся шалёны брэх ваўкадаваў. Хвіліна-другая – і ад групы застануцца толькі шматкі нашага беднага адзення. Два салдаты з аўчаркамі ўжо на паляне, сабачы брэх ледзяніць душу, паралізуе рух. Дзе Марына, што з ёй, ці жывая? І раптам кароткая чарга. Чыя – варожая ці Марыны? Паспяваю ўбачыць, як кульнуўся з разбегу адзін ваўкадаў, як разам з ім падае гітлеравец. І зноў – кароткая, але ўжо лявей. Здаецца, злосны брэх захліпнуўся, але ярасная страляніна ў бок нашага важака ўзмацнілася, часцей успыхваюць ракеты.
Дапамагчы ёй мы не можам, але па яе рэдкіх кароткіх чэргах з розных месцаў разумеем, што яна адцягвае немцаў ад нас. Потым траскатня фашысцкіх шмайсераў паціху затухае, затаіўшыся, мы баімся паверыць, што вораг адступіў.
Што з нашым важаком і выратавальнікам, мы не ведаем. Паранена, забіта ці цудам уцалела – аднаму Богу вядома. І мы рашаем схаваць у мох свой груз, пакінуўшы пры ім аднаго чалавека, астатнія задоўга да світанку ідуць на пошукі. Мокрыя ад расы, дрыжачыя ад холаду, мы старання аглядаем мясціну, адкуль чуліся апошнія стрэлы. І шчасце ўсміхнулася нам – пад вывараццю ляжала Марына. Яна была жывая! Параненая ў плячо, з вывіхнутай нагой, яна не магла ісці. Расклаўшы яе груз па сваіх торбах, мы паклалі Марыну на мокрую фуфайку і рушылі ў дарогу”.
Баба Яня робіць кароткую паўзу ў сваім аповедзе, потым працягвае, выціраючы хусткай бягучыя слёзы.
“Відаць, не было такой сілы, якая б магла стрымаць нашы слёзы радасці ў той туманны ліпеньскі світанак. Марына жывая, а з ёй мы абавязкова дойдзем. І на чацвёртыя суткі ва ўмоўленым месцы мы сустрэліся з чалавекам, які запытаўся: “А ці многа ў гэтым годзе маліны?”. Дзесяць пудоў “солі” трапілі ў на-дзейныя рукі народных мсціўцаў. І ці магла я тады ведаць, што калі-небудзь я зноў сустрэнуся з Марынай…
Калі прыйшла чорная вестка пра гібель бацькі, я папрасілася на фронт. Недавучаным хірургам стала працаваць у палявым шпіталі. Ішлі цяжкія кровапралітныя баі. Нашы войскі набліжаліся да Прыбалтыкі. Параненыя паступалі патокам. Суткамі медперсанал знаходзіўся каля аперацыйных сталоў.
У той позні вечар, калі зямлю ахутала цемра і гром бою стаў заціхаць, падаючы ад стомы, я рашыла хоць колькі хвілін адпачыць у калідоры аперацыйнай. І ў той жа момант пачуўся надрыўны гул матораў, зямлю ўскалыхнулі два магутныя выбухі. Фашысцкі сцярвятнік, якога гналі нашы знішчальнікі, скінуў свой смяротны груз побач са шпіталем. Узрыўной хваляй мяне адкінула да дзвярэй, у якія, з цяжкасцю прапіхваючыся, два байцы ўнеслі насілкі з раненым. Побач ішоў артылерыйскі афіцэр увесь у балотнай ціне, з перавязанай рукой. “Доктар, зрабіце ўсё магчымае, каб яна жыла”, – асіплым голасам сказаў капітан і працягнуў мне шматок паперы. Што было фіялетавым алоўкам напісана там, мяне тады не цікавіла. Трэба было як мага хутчэй ратаваць чалавека – вось што валодала мной і маімі памочнікамі ў тыя хвіліны.
Аддаю каманду рыхтаваць раненага да аперацыі, сама на хаду кідаю позірк на тую суправаджальную паперку: “Дубавец Марына Георгіеўна, малодшы сяржант, 1920 года нараджэння, камсамолка…”  Не дачытаўшы, кідаюся да стала, дзе ляжыць раненая. Нейкая трывога закрадваецца ў душу. Раненая слаба трызніць. На пачарнелым твары скусаныя вусны нешта шэпчуць, і вочы ўпарта глядзяць на мяне. Ледзь-ледзь прыпадымаю яе галаву, усю ў засмяглай крыві, і слупянею. На падбародку – ямачка, тая самая прывабная ямачка, якую я бачыла. Дзе? І раптам праясненне. “Марына, ты?” – злятае з маіх вуснаў. Слабая ўсмешка кранае яе змучаны твар і зноў шэпт. Клекатанне ў грудзях перашкаджае зразумець яе. Я прыпадаю да яе твару, затойваю дыханне і раптам: “А малін ў гэтым годзе…” – яе апошнія словы і ўсё.
Так, гэта пароль таго памятнага паходу за лінію фронту, калі сваёй самаахвярнасцю яна выратавала групу ад смерці. Цяпер жа яна цаной свайго юнага жыцця, знахо-дзячыся ў тыле ворага і карэкціруючы па радыё агонь нашай артылерыі, дапамагла войскам зламіць супраціўленне фашыстаў і авалодаць буйным апорным пунктам на шляху да Латвіі…
Гэта была апошняя сустрэча з ёй. Там, у пяцістах метрах ад латышскай зямлі, на сухім пясчаным узгорку яна засталася назаўсёды.
Не радасным выдалася для вас, хто жыве сёння, маё апавяданне, але такім быў наш лёс”, – закончыла споведзь баба Яня.
Віктар БЯРОЗКІН, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №11 ад 07.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *