В Мишневичской школе есть своё лесничество

Образование Экология

Я б у ляснічыя пайшоў…

Многія сёлетнія выпускнікі школ даўно вызначыліся, у якую навучальную ўстанову будуць паступаць. Аднак ёсць і такія, што яшчэ на раздарожжы. Вось такім важна расказаць пра тыя прафесіі, якія патрэбны ў раёне, лічыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Шумілінскага лясгасу Л. С. Доктарава, якая на мінулым тыдні з мэтай прафарыентацыі адправіліся на сустрэчу са старшакласнікамі Мішневіцкай школы – пры гэтай навучальнай установе не першы год працуе школьнае лясніцтва.
Людміла Сяргееўна расказала пра работу інжынера лясной гаспадаркі і пра тыя навучальныя ўстановы, дзе гэту прафесію можна набыць. У лясгасе могуць даць накіраванне на вучобу, якое ў сваю чаргу дае дадатковыя бонусы пры паступленні. Так, пасля заканчэння сярэдняй школы накіраванне можна атрымаць  у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Полацкі дзяржаўны лясны каледж. Для паступлення ва ўніверсітэт трэба трымаць іспыты па матэматыцы, рускай або беларускай мове і хіміі, для паступлення ў каледж  экзамены здаваць не трэба,  але для накіравання пажадана мець сярэдні бал атэстата не ніжэй за “6”.
“Лясной гаспадарцы патрэбны маладыя ініцыятыўныя людзі, – расказала Людміла Сяргееўна. – Да таго ж, выпускнікам выгадна заключаць дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы таму, што іх вучоба будзе бясплатнай, што яны пры станоўчых адзнаках атрымаюць яшчэ і стыпендыю. Ну, а пасля заканчэння вучобы будзе гарантаванае працоўнае месца. У гэтым годзе, напрыклад, у Мішневіцкае лясніцтва прыходзяць працаваць двое маладых спецыялістаў. Ім прадастаўляецца камерцыйнае жыллё. Прычым, лясгас ідзе насустрач і бярэ на сябе расходы па арэнднай плаце”.
Напрыканцы мерапрыемства Л. С. Доктарава падзякавала старшакласнікам за дзейсную дапамогу, якую вучні аказалі падчас “Тыдня лесу”, пасадзіўшы ў Мікалаеўскім лесе 0,7 га елак і бяроз. У знак удзячнасці Людміла Сяргееўна падарыла ў  школьную бібліятэку юнага лесавода энцыклапедыі, альбомы работ з  рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Квітней, мой лес!”, а таксама зборнікі вершаў беларускага паэта Анатоля Зэкава “Белае сонца бяроз”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №31 ад 18.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *