Шумилинский район в фонд республиканского субботника перечислил 8300 рублей

Актуалии Общество

Каб было прыгожа ў гарадах і вёсках
22 красавіка прайшоў рэспубліканскі суботнік. Гэтая савецкая традыцыя ўстойліва захавалася ў большасці постсавецкіх дзяржаў. І сапраўды, што благога ў тым, каб навесці парадак у населеных пунктах пасля зімы, прыбрацца на вуліцах і ў дварах.

У красавіку надыходзіць самы спрыяльны час для пасадкі дэкаратыўных дрэў і кустоў, таму падчас суботнікаў закладваюцца скверы і паркі, сады і алеі. А грошы, якія зарабляюцца ці пералічваюцца ўдзельнікамі суботніка, выкарыстоўваюцца на розныя добрыя справы.
Вось і сёлета ў адпаведнасці з рашэннем аб правядзенні суботніка сродкі, заробленыя ў ходзе суботніка, будуць накіраваны на рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных устаноў, якія забяспечваюць развіццё тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, стварэнне і развіццё суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры, падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона, рамонт воінскіх пахаванняў, правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў, добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
У нашым раёне ў гэты дзень працавалі на ўборцы ўласных і замацаваных тэрыторый арганізацый і прадпрыемстваў, прыбіралі несанкцыянаваныя сметнікі ў вёсках, рамантавалі агароджы, высаджвалі бярозкі і клёны, закладвалі будучыя лясы, рабілі шмат іншых карысных спраў. Працоўныя калектывы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў правялі суботнік на сваіх працоўных месцах, бо ў іх зараз самая гарачая пара – пасяўная. Агульная колькасць удзельнікаў суботніка на Шуміліншчыне склала 4200 чалавек, у фонд суботніка пералічана 8300 рублёў.
Усяго па краіне ў рэспубліканскім суботніку ўдзельнічалі больш за 3 мільёны чалавек, сума ўзносаў у фонд суботніка склала каля 7 мільёнаў рублёў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №33 ад 28.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *