В Обольском сельсовете прошли встречи с населением

Актуалии Общество Президент

Вяскоўцы просяць адрамантаваць дарогі

На мінулым тыдні на тэрыторыі Обальскага сельсавета прайшоў дзень работы з насельніцтвам, падчас якога раённае кіраўніцтва, прадстаўнікі службаў наведалі кожны населены пункт савета, правялі сустрэчы з вяскоўцамі, сходы, наведалі пэўныя катэгорыі грамадзян на даму.
Якімі клопатамі жывуць вяскоўцы ды дачнікі, што па вядомых прычынах аблюбавалі Обальшчыну з яе маляўнічымі мясцінамі: са шматлікімі лясамі, Заходняй Дзвіной? Звычайнымі. На парадку дня – пасяўная. Халады адсунулі гэты вельмі важны для сяльчан працэс, і зараз, калі сонца пачало радаваць сваім цяплом, усе сілы кінуты на пасадку. Многіх заставалі на агародах, хаця вяскоўцы знаходзілі час на сустрэчу і гутарку з гасцямі з райцэнтра. Бо некаторым вельмі хацелася падзяліцца сваімі клопатамі, выказаць просьбу, узняць праблему, якая хвалюе.
Так, у прыватнасці, жыхары вёсак Лявонава і Падоры папрасілі раённае кіраўніцтва звярнуць асаблівую ўвагу на грамадзянскія могілкі ў Лявонаве, маўляў, не вельмі прывабны выгляд мае агароджа. Знесці пахіленую і прыйшоўшую ў нягоднасць агароджу вакол могілак прасілі і жыхары вёскі Чэрчыцы. Жыхары вёскі Клётчына звярнулі ўвагу на немагчымы пад’езд да грамадзянскіх могілак Баркі.
У жыхароў Падор, як яны самі кажуць, адзін галаўны боль – дарога да вёскі. “Адно грэйдзіраванне не вырашае праблему, патрэбна падсыпка”, – перакананы вяскоўцы.
Па-свойму прыходзіцца ратаваць сваю вясковую дарогу жыхарам Убоіна. Бывае, што яны перакрываюць праезд вялікагрузнай тэхніцы. “А хто потым будзе асфальтаваць і рамантаваць?” – усхвалявана кажуць убоінцы.
Паскардзіліся ў гэтай вёсцы і на дрэнны асартымент аўталаўкі. Такую ж праблему ўзнялі жыхары Клётчына і Шашоў. “Мы не просім прысмакаў, нам бы хлеба свежага і смачнага, а не такога, што есці немагчыма…”
На дрэнную якасць вады паскардзіліся ў вёсцы Слудашы. Уся праблема ў тым, што воданапорная вежа даўно не бачыла прафілактычных і рамонтных работ, таму не можа па аб’ектыўных прычынах задаволіць патрэбы вяскоўцаў.
І яшчэ адну тэму закраналі практычна ва ўсіх наведаных вёсках – збор і вываз смецця. Вёскі абраслі сметнікамі з усіх бакоў. А камунальныя службы, відаць па ўсім, не вельмі зацікаўлены ў тым, каб наладжваць гэты працэс на вёсцы. Між іншым, як і па заключэнні дагавораў па вадзе. Хто паспрыяе і паскорыць? У вяскоўцаў адно спадзяванне на раённую ўладу.
Падчас сходаў і сустрэч прадстаўнікі груп правялі прафілактычныя гутаркі з вяскоўцамі: супрацоўнікі міліцыі – па прафілактыцы правапарушэнняў, па абароне сябе і сваёй маёмасці, прадстаўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях – па прафілактыцы пажараў, па правілах паводзінаў на вадзе, у лесе, пры спальванні смецця і сухой травы. Прадстаўнікі сацыяльнай службы мелі на мэце абследаваць і выявіць людзей, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе, данесці да насельніцтва інфармацыю па сваёй сферы дзейнасці.
18 мая, у чацвер, на тэрыторыі Обальскага сельсавета ў рамках дня работы з насель-ніцтвам пройдзе дзень прафілактыкі з правядзеннем у будынку сельвыканкама пасяджэння савета грамадскага пункта аховы правапарадку.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *