Как в Шумилино встретили Купалу

Актуалии Культура Общество

У купальскае ночы – бяздонныя вочы


Мы дакладна ў нечым правініліся перад летам. А як, скажыце, іначай патлумачыць такі яго восеньскі нораў, суровы і бязлітасны. Калі такое было, што да Купалля нагі ў ваду ніхто не сунуў?.. Гэта, вядома, засмучае, але перажывём. У прыроды ж дрэннага надвор’я няма, калі верыць савецкаму хіту.
Праўда, адзначыць Купалле на Шумілінскім возеры прырода нам усё ж дазволіла, хаця спадзяванні на такое шчасце былі вельмі няпэўнымі. Але ж свята сапраўды ўдалося. Дзякуючы старанням работнікаў культуры, гандляроў, мясцовых і не толькі, шматлікім дзіцячым атракцыёнам, на месцы гулянняў было шматлюдна і весела. Больш за ўсіх радаваліся артысты, якія ўжо неяк і прызвычаіліся выступаць пад дажджом.
Купальскія песні ад “Гульбічаў”, тэматычныя конкурсы, загадкі, прадстаўленні, казачныя персанажы, купальскія вяночкі на галовах прыгожых дзяўчат адсылалі гасцей свята да чароўных традыцый Купальскай ночы.

Даўней лічылася, што на Купалле, якое святкуецца ў гонар летняга сонцастаяння, прыродныя сілы зямлі дасягаюць свайго найвышэйшага росквіту. І расліны шэпчуцца паміж сабой, і дрэвы пераходзяць з месца на месца, і жывёлы ды птушкі размаўляюць – як жа тут не паверыць у цуд. А кажуць, што той, хто верыць і чакае, з тым яны, цуды, і здараюцца.

Вада і агонь – дзве магутныя сілы – галоўныя героі кароткай купальскай ночы. А яна заўжды дазваляла крыху больш, натхняла і напаўняла чалавека магутнай энергіяй прыроды.

Сёння гэта свята народнага календара згубіла ў часе такі свой падтэкст, пакінуўшы сучаснікам радасць ад сустрэч, добрых песень, нагоды адпачыць пасярод поўнага клопатаў лета. І гэта таксама выдатна. А  калі некаму ўсё ж удалося знайсці сваю папараць-кветку – трымайце гэта ў тайне. На шчасце.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №53 ад 11.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *