Криминальное дело. Расплата за растрату

Общество Происшествия

Чужыя грошы свае з’ядаюць, або Пра тое, чаго нельга рабіць, калі ты прадавец
Колькі вяровачцы ні віцца…
Згадзіцеся, наша грамадства дэманструе даволі лаяльнае стаўленне да такой з’явы, як крадзяжы. Вядома, ніхто не адобрыць, калі вы знесяце бензапілу з суседскага гаража (асабліва сам сусед). Але прыхапіць нешта з работы, як правіла, за вялікі грэх не лічыцца. Адзін прынясе кнопкі, іншы – парася, але і ў адным, і ў другім выпадку гэта ёсць прысваенне маёмасці, якая вам не належыць. Аднойчы абазначыўшы для сябе такія паводзіны як немагчымыя, вы пазбавіце сябе, па-першае, ад спакусы (заўжды ж патрапіцца нешта, што дрэнна ляжыць), а па-другое, – ад праблем з сумленнем, а галоўнае – з законам.
Тэрмін дзеяння народнай мудрасці “Колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе” не мае абмежаванняў. Цяпер гэта на ўласным вопыце ведаюць чацвёра прадаўцоў райспажыўтаварыства, якія нядаўна былі асуджаны за растрату і прысваенне маёмасці.
Гандаль. Спосабы і схемы
Чатыры прадаўшчыцы з трох “райпоўскіх” магазінаў эксплуатавалі адну і тую ж схему. У сувязі са складаным матэрыяльным становішчам – так пазней у судзе яны абазначылі матыў сваіх учынкаў – жанчыны бралі ў магазіне для сябе і сваіх блізкіх прадукты харчавання без аплаты, таксама яны перыядычна “пазычалі” грошы ў касе. Тут варта адразу заўважыць, што зарплату райпо выплачвала рэгулярна. Магчыма, справа ў яе памеры, але гэта ўжо іншая гісторыя. Калі, уладкоўваючыся на працу, ты разумееш, што аплата цябе не задавальняе, варта, напэўна, пашукаць іншыя варыянты. Прыкрадаць – гэта ж не выйсце.
“Да зарплаты” ці, як кажуць у  народзе, “на вэксаль” у магазінах атаварваліся знаёмыя, а часам і малазнаёмыя людзі. У спецыяльных сшытках вяліся спісы даўгоў і даўжнікоў. Адны даўгі аддавалі, другія – “забываліся”. Да прыкладу, прыбіральшчыца аднаго з магазінаў так і не вярнула ў касу 500 рублёў за тавары, якія брала ў доўг. І наўрад ці стане гэта рабіць. Дарэчы,  “цудоўны” сшытак да справы “не прышыеш”. Ён не мае юрыдычнай і ніякай іншай сілы, а разлічаны выключна на сумленных людзей. І нават калі б нехта ўсёмагутны даў стопрацэнтную гарантыю на тое, што ўсе даўгі будуць вернуты, прадавец усё роўна не мае права аддаваць тавар “пад слова гонару”.
Вядома, што гэтую схему трэба ўмець “абслугоўваць”, і тут знаход-лівасці работніц прылаўка можна толькі пазайздросціць. Пры напісанні справаздач яны завышалі фактычныя таварныя рэшткі, уносячы ў дакументы заведама ілжывыя звесткі. А ў адным з магазінаў на час рэвізіі, наогул, “пазычаліся” тавары ў іншай гандлёвай кропцы, а пасля праверкі – вярталіся назад. Атрымліваўся такі фантомны тавараабарот, але ж зразумела, што бясконца гэта працягвацца не магло. Памятаем пра вяровачку…
Ад крадзенага не пасыцееш
Пагарэлі ўсе і прыкладна ў адзін і той жа час. Недастача ў тры тысячы, у шэсць… Рэвізіі выявілі і ілжывасць прад’яўляемых у бухгалтэрыю райпо справаздач, і прысваенне грошай, і ненадзейнасць тых самых сшыткаў.
Дарэчы, браць у магазіне ў доўг да зарплаты можна і на законных падставах. Для гэтага сельскагаспадарчае прадпрыемства (аповед у артыкуле ідзе менавіта пра вясковыя магазіны, ды і праблемы з выплатай зарплаты часцей бываюць менавіта ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах) павінна заключыць дагавор з райспажыўтаварыствам, згодна з якім магазін будзе адпускаць тавар і атрымліваць за яго разлік, выключыўшы з гэтай схемы ўсялякія там сшыткі і вэксалі, і пазбавіўшы і адзін, і другі бок ад спакусы прысвоіць сабе чужое. Ад крадзенага, усе ведаюць, не пасыцееш.
Дзе тонка, там і рвецца
Абраўшы для сябе такую мірную, на першы погляд, прафесію, як прадавец, цяжка і падумаць, што ў выніку можаш аказацца героем крымінальнай справы. Хаця ў краіне ў апошні час такое зусім і не рэдкасць, і, як правіла, гаворка ідзе пра магазіны спажывецкай кааперацыі. І ў гэтым канкрэтным выпадку, улічваючы тое, што за кароткі прамежак часу чатыры чалавекі (прадаўцы трох магазінаў) былі асуджаны за адно і тое ж злачынства, самі сабой напрошваюцца вывады, што ў сістэме райпо належным чынам не арганізаваны кантроль, улік, работа з кадрамі. А дзе тонка, там і рвецца. Можна меркаваць, што прыгаворы, вынесеныя па справах прадаўцоў старшынёй суда Аленай Сініцкай і суддзёй Кацярынай Унуковіч, паслужаць урокам не толькі для саміх прадаўшчыц, але і для кіраўніцтва райпо. Тым, хто ўжо залез у казённы кашалёк, але яшчэ пакуль не папаўся, ці толькі падумвае гэта зрабіць, таксама будзе пра што паразважаць.
Расплата за растрату
Улічваючы той факт, што трое з чатырох падсудных у поўным памеры пакрылі недастачу, ім было вынесена пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Дзвюх прыгаварылі да пазбаўлення волі на 2 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасці з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады, адна павінна выплаціць штраф у 60 базавых велічынь (1380 руб.).
А вось тая з прадаўшчыц, якая паспела “наслядзіць” не толькі ў нашым, але яшчэ і ў Бешанковіцкім раёне, была прыгаворана да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады і адзін месяц з канфіскацыяй маёмасці з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
P. S. Калі дазволіць сабе пагля-дзець на ўсё апісанае вышэй не толькі з пункту гледжання закона, але і з пазіцыі агульначалавечых паняццяў, у той ці іншай ступені вінаватых у гэтай гісторыі больш, чым чацвёра прадаўшчыц. Гэта, як ужо было заўважана вышэй, і кіраўніцтва райпо, якое дапусціла саму магчымасць такой сітуацыі, і людзі, якія не лічаць неабходным разлічвацца з даўгамі. Цікава і тое, што далёка не заўжды ў доўг браліся жыццёва неабходныя тавары. Гэта магло быць і спіртное, і шашлыкі, і іншае, без чаго можна пражыць, калі ў цябе ну зусім няма грошай. Нагода задумацца ёсць у многіх.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Надрукавана ў №55 ад 18.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *