Вяскоўцы Светласельскага сельсавета незадаволены гандлем. “Дайце нам Еўраопт”, – просяць яны

Актуалии Президент Сельское хозяйство

Вяскоўцы незадаволены гандлем. “Дайце нам Еўраопт”,  – просяць яны

Зайздросны выпаў маршрут пры правядзенні ў аўторак дня работы з насельніцтвам у Светласельскім сельсавеце: група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Новікавай аб’ехала Лескавічы, Башні, Лажок, Дубраўскае, Полцева, Цербяшова. Мясціны прыгожыя і маляўнічыя, паазер’е і прыдзвінне. Не дарэмна іх аблюбавалі дачнікі. І надвор’е выпала цудоўнае, па-сапраўднаму летняе, сонечнае.
Але калі адкінуць усю лірыку, мэта ў падобным мерапрыемстве надзённая і сур’ёзная. Найперш дайсці да кожнай вёскі і кожнага вяскоўца, расказаць ім, чым жыве раён, давесці самую важную і актуальную інфармацыю, у тым ліку па прафілактыцы крадзяжоў, па асабістай і пажарнай бяспецы, па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання, па іншых надзённых пытаннях жыццядзейнасці.
Што рабіць, калі ў вёску завітаў чужынец, як абараніць сваю маёмасць ад ліхадзеяў, чаго чакаць ад незачыненай хаты і пакінутага без нагляду веласіпеда, чаму нельга маўчаць, калі суседзі скандаляць, злоўжываюць спіртным і перашкаджаюць спакойна жыць – пра гэта гаварыў начальнік райаддзела ўнутраных спраў Аляксандр Дзмітрэнка.
Ні ў якім разе не пакідаць малых дзяцей адных, не курыць у ложку, быць пільнымі і асцярожнымі падчас прапальвання печак, ужо зараз пачаць рыхтавацца да ацяпляльнага сезона, устанавіць пажарныя апавяшчальнікі пераканаўча прасіў вяскоўцаў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч. Дарэчы, Андрэй Іванавіч падчас сустрэч уручыў два пажарныя апавяшчальнікі: мнагадзетнай сям’і з Башнёў і адзінокай пажылой жанчыне з Дубраўскіх.
Вельмі карысную, можна сказаць, жыццёва важную інфармацыю падала дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Валянціна Штуро: усё пра сацыяльную службу, сацыяльных работнікаў і паслугі, якія прадастаўляе ўстанова. У кожнай вёсцы Валянціна Рамуальдаўна пакінула брашуры з усёй неабходнай інфармацыяй.
У сваю чаргу госці з райцэнтра хацелі даведацца, якім клопатамі жывуць вяскоўцы, як вырашаюць свае праблемы і пытанні, якой дапамогі чакаюць ад кіраўніцтва і раённых службаў.
Практычна ў кожнай вёсцы выказалі незадаволенасць гандлёвым абслугоўваннем. Гэта тычылася і стацыянарнага магазіна ў Леска-вічах (“няма ні цукру, ні алею, ні марожанага”), і аўтамагазінаў. “Дайце нам “Еўраопт”, – прасілі людзі. – Надакучыў бедны асартымент тавараў. Акрамя хлеба і малака нічога не прывозяць”.
Усю сітуацыю па гандлі растлумачыла старшыня райсавета. Сапраўды, становішча райспажыўтаварыства крытычнае, зазначыла Ірына Мікалаеўна, за год яно зачыніла 13 магазінаў, сёння ў іх практычна няма абаротных сродкаў на набыццё тавараў. І зараз разглядаецца магчымасць пусціць на маршруты яшчэ адзін рэйс аўтамагазінаў прыватных гандлёвых аб’ектаў раёна.
Надыходзіць час уборкі ўраджаю, таму вяскоўцаў непакоіць, як, калі і па якой цане будуць абмалочвацца іх участкі з зерневымі. Такія пытанні задалі жыхары Лескавіч і Полцева. У Полцева, дарэчы, якраз падчас сустрэчы з вяскоўцамі пад’ехаў дырэктар мясцовай гаспадаркі Уладзімір Арлоў, ён і даваў каментарый. Узнялі ў Полцеве і пытанне наконт набыцця дроў, маўляў, тэлефанавалі вяскоўцы ў райпаліўзбыт, а там сказалі, што дроў няма. Высветліць сітуацыю дапамагла мабільная сувязь. Ірына Мікалаеўна неадкладна патэлефанавала кіраўніку паліўзбыту Уладзіміру Кійко і той па “гучнай сувязі” супакоіў сяльчан: “Дровы ёсць: і бяроза, і асіна, і вольха. Тэлефануйце, пакідайце заказ. Прывязём. Можаце сваім транспартам даставіць. Як вам больш зручна”.
Жыхароў і дачнікаў вёскі Лажок не вельмі задавальняе газавае забеспячэнне. “Завозяць балоны раз у тыдзень, па панядзелках, а калі ў аўторак скончыўся газ – і сядзі тыдзень без блакітнага паліва, – абураліся яны. – У дадатак да ўсяго ў апошні час на кожны балон пачалі ставіць пломбы. Навошта?”. Наколькі вядома, падобная практыка дастаўкі газу ў райгазе існуе не першы год. А пастаноўка пломбы спецыялістамі – выключна дзеля бяспекі.
Закранулі вяскоўцы падчас сустрэч і сходаў пытанні наконт устаноўкі дарожнага ўказальніка ў Дубраўскіх (“аўтаўладальнікі праскокваюць паварот на Полцева і нясуцца па вёсцы, збіваючы на хаду курэй”), вывазу смецця і аднаўлення помнікаў на грамадзянскіх могілках у Полцеве. Зноў жа ў Дубраўскіх і Полцеве пыталі, дзе знайсці добрага печніка. Многім патрабуецца перакладванне печак. З гэтым паабяцаў дапамагчы старшыня сельсавета Віктар Шчарбакоў, хаця, па праўдзе кажучы, праблема ў раёне ёсць: прафесія хоць і запатрабаваная, але ж іпэшнікаў-печнікоў чамусьці няма.
А яшчэ хочацца зазначыць, што ў гэты дзень члены групы атрымалі задавальненне ад прыгожых і дагледжаных дамоў, якіх тут багата. У Лажку каля дома Надзеі Бераснёвай, напрыклад, нельга было не спыніцца і не палюбавацца (на здымку). Уся сядзіба ў кветках!
На працягу двух дзён раённае кіраўніцтва і прадстаўнікі раённых службаў наведалі ўсё вёскі Светласельскага сельсавета, правялі сходы і сустрэчы з вяскоўцамі.
15 жніўня ў рамках дня работы з насельніцтвам пройдзе аб’езд сацыяльных і вытворчых аб’ектаў з удзелам усіх службаў раёна, пасля чаго ў актавай зале сельвыканкама адбудзецца падвядзенне вынікаў мерапрыемства, абмеркаванне ўзнятых вяскоўцамі праблем.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №62 ад 11.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *