Многие подростки в Шумилинском районе работают на зерносушильных комлексах

Молодёжь Экономика

Няхай іх мары спраўдзяцца

Вядома, убраць хлеб – вельмі важная задача. І добра, калі ў гэтай справе дапамагаюць дзеці, пазнаючы ўсе бакі працоўных будняў. У прыпар на зернесушыльных комплексах багата падсобнай работы – вось яе і давяраюць падлеткам.

“Дзеці просяцца на работу, і гэта радуе – не лайдакі растуць. Усяго мы  сёлета працаўладкавалі на зернесушылцы пяцёра падлеткаў, двое адбылі ўжо сёння першую змену і пайшлі адпачываць, – расказаў дырэктар ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаў. – Дзеці ўсе вясковыя, працавітыя, таму нараканняў на іх работу няма”.
“Падмесці, скласці, навесці парадак на тэрыторыі – вось наша работа”, – расказаў Пётр Вашукевіч, будучы прадавец, які працуе на зернесушыльным комплексе ў Крывым Сяле. Ён падлічыў ужо свае працоўныя дні, прыкінуў, на якія пакупкі хопіць зарплаты. Некаторыя з крывасельскіх падлеткаў працуюць на зернесушылцы другі ці трэці сезон. Як, напрыклад, Аляксандр Шыёнак, навучэнец будаўнічага каледжа, чый бацька рупіцца ў гаспадарцы механізатарам. Таму ў іхняй сям’і падчас уборачнай толькі і размовы, звязаныя са жнівом: колькі намалацілі, прывезлі і высушылі, на якім полі больш важкі ўраджай. Упершыню ўладкавалася сёлета на зернесушылку Іна Смолікава, аднакласніца Аляксандра, а сёння студэнтка тэхналагічнага каледжа. Кажа, што работа для яе няцяжкая, хаця і пыльная.
Сустрэлі мы такіх рупліўцаў і на зернесушыльным комплексе КУСП “Мішневічы”. Аліна Ягорава і Анастасія Папкова з рыдлёўкамі ў руках накіроўвалі зерне з завальнай ямы да транспарцёра сушылкі. “Не глядзіце, што дзяўчаты, яны сваю справу ведаюць,  – кажа загадчык зернесушыльнага комплексу У. Г. Кухарэнка. – У прыпар, калі дарагая кожная хвіліна і не хапае працоўных рук, дзеці нам вельмі дапамагаюць”.
Дзяўчаты расказалі, што не першы год працуюць на сушылцы. Аліна, якая закончыла дзевяць класаў, летась купіла на заробленыя грошы спадніцу і кофту. А цяпер збірае на тэлефон.  У Анастасіі, якая сёлета апошні год вучыцца ў Віцебску на повара-кандытара, больш сур’ёзныя планы, бо “на носе выпускны”. І трэба выглядаць, як кажуць, на ўсе сто – гэта мара дзяўчыны. І няхай яна збудзецца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
На здымках:
На ўборцы ўраджаю ў “Прыдзвінскім” дапамагаюць Пётр Вашукевіч, Іна Смолікава і Аляксандр Шыёнак.

Аліна Ягорава і Анастасія Папкова на зернетаку  ў “Мішневічах”.

Надрукавана ў №66 ад 25.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *