Мішневіцкі сельсавет: штрыхі да партрэта

Актуалии Край шумілінскі

Мішневіцкі сельсавет: штрыхі да партрэта

Крыху лічбаў

Агульная плошча Мішневіцкага сельсавета 34234,6  га. У сельскім Савеце 32 населеныя пункты, у якіх на 1 студзеня налічвалася 1023 чалавекі (з іх 586 чалавек працаздольнага ўзросту, 367  пенсіянераў, 34 дзіцяці дашкольнага ўзросту і 83 школьнікі). На тэрыторыі сельсавета 499 двароў. Найбольш населеныя – аграгарадок Мішневічы і вёска Сураўні.

Край адметны і прыгожы

Пра тое, чым жыве Мішневіцкі сельсавет, яго адметнасці размаўляем са старшынёй Мішне-віцкага сельвыканкама Галінай  Уладзіміраўнай
Зязюлькай.

– Галіна Уладзіміраўна, на пасадзе старшыні вы чацвёрты год. Якімі клопатамі жыве старшыня сельвыканкама?
– Адразу хачу адзначыць  калектыў, спрацаваны і на-дзейны.  Кіраўнік спраў сельвыканкама Наталля Уладзіміраўна Малай у сельсавеце працуе больш за 15 год, бухгалтар Зінаіда Вацлаўна Сазонава – больш за  30 год. Яны ведаюць усе нюансы нашай работы, з такімі спецыялістамі лёгка працаваць.

Клопатаў у старшыні сельсавета нямала. Аднак зусім не шкадую, што жыццёвая дарога зрабіла такі паварот. Я  з тых людзей, што не баяцца эксперыментаваць. Даводзіцца штодня сустракацца з людзьмі рознага ўзросту, рознымі жыццёвымі пазіцыямі, са сваімі думкамі і разважаннямі – і гэта мне імпануе. Ніводны працоўны дзень не бывае падобным на іншы. Клопаты старшыні, можна сказаць, сезонныя. Так, улетку людзі найчасцей звяртаюцца з пытаннямі па асвятленні, спілоўванні старых дрэў, водазабеспячэння, зімой – найперш расчыстка дарог ад снегу.
На тэрыторыі сельсавета шмат маланаселеных вёсак.  Аднак мы не падзяляем вёскі на буйныя і маланаселеныя. Наадварот, імкнемся часцей наведваць маленькія вёсачкі, каб ведаць праблемы іх жыхароў. Сюды два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Не забываюць жыхароў гэтых вёсак работнікі мясцовай амбулаторыі.
– Галіна Уладзіміраўна, вясковае насельніцтва змяншаецца, з’яўляюцца недагледжаныя хаты, якія псуюць знешні выгляд вёсак, прыцягваюць асацыяльныя элементы і  пагражаюць, напрыклад, пажарамі. Што робіцца па навядзенні парадку ў вёсках?
– Такая работа вызначана Указам Прэзідэнта №100 “Аб мерах па ўдасканальванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці” і пастаянна праводзіцца на тэрыторыі сельсавета. Пустуючыя дамы ўлічваюцца ў спецыяльным рэгістры. Уласніку жылога дома (калі ён вядомы) загадзя паведамляем аб уключэнні яго дома ў спецыяльны рэгістр. Пасля атрымання апавяшчэння ён можа накіраваць паведамленне пра свой намер выкарыстоўваць дом. Сёлета правялі паўторнае абследаванне такіх дамоў. Ужо знесена 20, прыведзены ў парадак адзін дом. У бліжэйшы час будуць знесены яшчэ два дамы.
– Зразумела, што працаваць без памочнікаў, без падтрымкі грамадскасці цяжка. Раскажыце пра тых, хто дапамагае вам.
– Старшыні сельсавета не абысціся без старэйшын вёсак (а іх у нас 12). Яны праводзяць вялікую работу па паляпшэнні санітарнага стану і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, навядзенні парадку на зямлі. Старэйшыны таксама дапамагаюць  своечасова рэагаваць на асаблівыя сітуацыі: расчыстку дарог ад снегу, ліквідацыю аварыйных дрэў і іншыя. Дзякуючы іх старанням кантралюецца работа вулічнага асвятлення, добраўпарадкоўваюцца вуліцы, прыгажэюць вёскі. Яны аказваюць дапамогу ў прывядзенні ў парадак могілак, інфармуюць пра стыхійныя сметнікі, з’яўляюцца памочнікамі ўчастковага інспектара міліцыі ў пытаннях папярэджання злачынстваў на бытавой глебе, выяўлення нядобранадзейных сем’яў, дзе выхоўваюцца непаўнагадовыя дзеці.
Хацелася б асабліва адзначыць Жанну Аляксандраўну Лузгіну (старэйшыну вёсак Казьяны і Красамай), Ірыну Георгіеўну Сямёнаву (старэйшыну вёскі Глушыца).
– Галіна Уладзіміраўна, ваш сельсавет мае багатую гісторыка-культурную спадчыну, на тэрыторыі знаходзіцца заказнік “Казьянскі”. Гэта таксама накладвае пэўную адказнасць і адначасова дае магчымасць прыцягнуць турыстаў…
–  Пераважная большасць помнікаў прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны, якая пакінула крывавы шлях на мішневіцкай зямлі: да вайны тут было 135 населеных пунктаў (зараз – 32). На тэрыторыі сельсавета 12 брацкіх могілак і 10 памятных знакаў. Да салдат, што пахаваны ў нас, пастаянна прыязджаюць сваякі з блізкага замежжа, у юбілейныя гады  – да 20 чалавек.
Знакаміты нашы мясціны і Шавекінскім валуном, па памерах ён уваходзіць у пяцёрку самых вялікіх камянёў у Беларусі. Ёсць вядомая дубовая алея каля вёскі Красамай. Ну, і зразумела, заказнік “Казьянскі”, дзе можна пабачыць рэдкія чырванакніжныя расліны, жывёлу і птушак.
Што тычыцца турыстаў. У нас працуюць дзве аграэкасядзібы. Добра вядомы “Обальскія катамараны” Анатоля Бычкова. Добрую рэпутацыю заслужыў  і Дом паляўнічага Шумілінскага лясгаса ў Роўным. Хаця, па шчырасці, турыстычны патэнцыял мішневіцкай зямлі выкарыстоўваецца вельмі слаба.

Юнацтва, апаленае вайной

Ёй споўнілася 96 гадоў, але яна любіць, каб усюды – і ў хаце, і на падворку –  быў ідэальны парадак. Вырошчвае шмат кветак, падыходзіць да гэтай справы творча.  Неаднаразова была пераможцай раённага агляду-конкурсу ветэранскага падворка “Мая зямля – мой родны кут”. Гаворка – пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Красамай Марыю Дзмітрыеўну Іванову. “У 1943 годзе апынулася на 1-м Беларускім фронце, – расказала жанчына. – Нас, дзяўчат, накіравалі працаваць на чыгунку: ноччу разгружалі вагоны са зброяй, а днём грузілі яе на машыны, якія потым накіроўваліся на фронт. Асабліва цяжкімі былі скрыні з боепрыпасамі – адну з іх ледзь падымалі ўчацвярых”.
Мы пажадалі Марыі Дзмітрыеўне добрага здароўя і паабяцалі прыехаць на стогадовы юбілей, які яна мяркуе адзначыць разам з дзецьмі, двума ўнукамі і чатырма праўнукамі.

Да новага ацяпляльнага сезона

Хапае працы ў работнікаў падраздзялення “Казьянскае” УП ЖКГ, якія абслугоўваюць 10 шматкватэрных дамоў у Мішневічах і Сураўнях. “Спецыфіка нашага падраздзялення ў тым, што у нас дзве працуючых кацельні – у Мішневічах і Сураўнях, – адзначае начальнік падраздзялення Максім Русецкі. –  За штодзённымі рабочымі клопатамі нам важна добра падрыхтавацца да новага ацяпляльнага сезона. Вядзём рамонт  цепласетак і кацельняў, нарыхтоўку дроў. Мы імкнёмся зрабіць усё, каб знізіць страты цеплавой энергіі. Ад гэтага выйграе як само прадпрыемства, так і простыя людзі”.

Новае дыханне культурнага жыцця

Можна сказаць, што культурнае жыццё аграгарадка Мішневічы сёлета перажывае ўздым. Справа ў тым, што вясной загадчыцай мясцовага клуба стала Алена Пятроўна Каніна, якая пераехала ў бацькоўскі дом з Віцебска. Новая загадчыца адразу знайшла агульную мову з бібліятэкарам Мішневіцкай бібліятэкі Людмілай Віктараўнай Тарасавай. Жанчыны адразу паставілі перад сабой мэту, каб вяскоўцы пайшлі ў клуб, каб самі ці то ўдзельнічалі, ці то проста прыходзілі гледачамі. “Зразумела, што пастаянна карыстаюцца попытам дыскатэчныя праграмы, у бібліятэцы ёсць сваё кола наведвальнікаў, – расказваюць Алена Пятроўна і Людміла Віктараўна. – Але важна, каб у людзей пасля працоўнага дня была альтэрнатыва тэлевізару, была магчымасць наведаць культурныя мерапрыемствы”.
Ініцыятыўнасць і захопленасць загадчыцы клуба і бібліятэкара змаглі зацікавіць вяскоўцаў. Мішневіцкія дзеці і дарослыя ўдзельнічаюць у тэатральных аб’яднаннях, у гуртку “Умелыя рукі”. А на канцэрт “Смяяцца дазволена” прыйшло каля 120 гледачоў – і гэта было адно з лепшых пацвярджэнняў, што А. П. Каніна і Л. В. Тарасава працуюць у правільным накірунку. А потым былі спектакль “Мы яшчэ не жадаем паміраць”, Купалле. Ёсць у культработнікаў планы і на будучыню.

Малочныя сакрэты

Ферма “Мішневічы” – адна з лепшых у мясцовым сельгаспрадпрыемстве. За студзень-ліпень валавы надой тут склаў 290 тон.
Па выніках работы за сем месяцаў бягучага года лепшыя вынікі ў Наталлі Мікалаеўны Паўлавай, якая надаіла больш за восемдзесят тон малака (на карову – 1627 кілаграмаў).  “Наталля Паўлава – вопытная і адказная, а яшчэ вельмі працавітая. Яна ведае, у чым сакрэт добрых надояў”, – кажа дырэктар КУСГП “Мішневічы”  М. Г. Цікавенка. І мы пацікавіліся гэтымі сакрэтамі. “Ды няма ніякіх сакрэтаў: трэба, каб жывёла была накормлена, дагледжана, каб у стойлах было чыста і суха, – расказала Наталля. – А яшчэ варта карове даваць камбікорм ці канцэнтраты – тады малака будзе больш”.

Клопаты ляснічага

У розныя бакі разбягаюцца лясныя сцежкі  – вялікія і ледзьве прыкметныя воку, але добра вядомыя ляснічаму Казьянскага лясніцтва Уладзіміру Міхайлавічу Мазейку. Ён кожны дзень бывае ў лесе – трэба ж на свае вочы ўпэўніцца, ці парадак там, ці няма пагрозы пажару, падлічыць, колькі дрэў трэба высекчы, а колькі пасадзіць маладняку.
Мясцовыя людзі хваляць Уладзіміра Мазейку не толькі за добрую работу, але яшчэ за шчырасць і разуменне. Паваліла, скажам, ветрам дрэва ў вёсцы – звяртаюцца да ляснічага. Трэба навесці парадак ля брацкіх могілак ці памятных знакаў – з сельвыканкама зноў тэлефануюць Мазейку, бо ведаюць, што выручыць, не адмовіць. Ну, а з пастаўкай дроў насельніцтву ў ляснічага Казьянскага лясніцтва няма праблем – усе заяўкі з Сураўнёў, Ставіцы, Панамароў, Глушыцы выкананы.

За пакупкамі –  да “Таццяны”

У 2002 годзе ў Мішневічах Таццяна Новікава адкрыла  прыватную краму “Таццяна”,  прадаўцом у якой працуе маці гаспадыні Святлана Уладзімірская. Магазін адразу прыйшоўся даспадобы не толькі жыхарам аграгарадка, а і вяскоўцам з бліжэйшых вёсак.
Пакупнікі добра ведаюць, што ў “Таццяны” заўсёды набываеш свежую прадукцыю па невысокіх цэнах. Ды і асартымент багаты.
Гаспадыня крамы пераканана:  пакупніцкую любоў трэба заслугоў-ваць якасцю тавараў і абслугоўвання. Таццяна Новікава на ўласным прыкладзе паказвае, што гандаль можа быць прыбытковым і без продажу алкаголю.

Старэйшына з Глушыцы
“Не глядзіце, што старэйшына, яна адна з самых маладых мясцовых жыхароў. Талковая гаспадыня, душэўны па характары чалавек, – вось мы і выбралі яе старэйшынай. А яшчэ Ірына працуе ў вёсцы загадчыцай комплекснага прыёмнага пункта, за шматгадовую руплівую працу яе ўзнагародзілі граматай галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама”, – расказалі жыхары вёскі Глушыца пра Ірыну Георгіеўну Сямёнаву, сваю памочніцу, дарадцу і проста добрага чалавека.
Ірына Сямёнава ў адказе за сваю вёску і сваіх землякоў. Камусьці трэба дапамагчы з прывозкай дроў ці прывезці лякарствы з аптэкі, іншых непакоіць трухлявае дрэва ля дома ці калдобіны на дарозе, а некаторым пенсіянерам патрэбны сацыяльны работнік…  Узнімаюць вяскоўцы пытанне наконт збору смецця: на высокі трактарны прычэп не кожны дацягнецца высыпаць… А зусім нядаўна вяскоўцам была патрэбна дапамога ў абмалоце агародаў. Пытанне пры падтрымцы старшыні Мішневіцка сельвыканкама было вырашана станоўча, адзначае І. Г. Сямёнава, – некаторыя ўчасткі паспелі абмалаціць да дажджоў.

З павагай і разуменнем да старасці

З  2010 года ў Мішневічах працуе аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў. Як адзначыла загадчыца аддзялення С. М. Якаўлева, на сённяшні дзень тут пражываюць 22 чалавекі ад 55 да 98 гадоў.
“Ад старасці ніхто не застрахаваны. Страшна, калі ў старасці ты застаўся адзін, нікому не патрэбны. Ды і праблемы са здароўем даюць пра сябе ведаць, – дзеліцца Святлана Мікалаеўна. – І задача нашага аддзялення – стварыць падапечным умовы, максімальна набліжаныя да хатніх. Важна, каб людзі адчувалі клопат пра сябе”.
Для падапечных аддзялення працуюць чатыры гурткі на любы густ  – ад рукадзелля да велатрэнажораў.  Пастаянна праводзіць заняткі псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Л. М. Забаўская. Адным словам, у аддзяленні зроблена ўсё, каб састарэлыя людзі адчувалі сябе патрэбнымі ў жыцці.

Дачнікаў скараюць краявіды

Казьяншчына – край для дачнікаў. Іх скарае прыгажосць прыроды, гістарычныя мясціны, дзе ў дарэвалюцыйныя часы праходзілі багатыя кірмашы. Больш таго, праз Казьяны працякае рака Обаль, а ў суседняй вёсцы – Красамай – ёсць возера з такой жа назвай. Ну, а ў Роўным – знакамітае возера Мошна. Напэўна, усе гэтыя акалічнасці і сталі прычынай таго, што Казьяншчыну аблюбавалі дачнікі – іх тут з добрыя тры дзясяткі, з Мінска, Віцебска, Полацка і нават з Расіі. Некаторыя адрамантавалі старыя дамы сваіх бацькоў ці сваякоў, як, напрыклад, Андрэй Агароднік з Мінска. А іншыя будуюць сабе і новыя дамы. Незвычайны дом з вежамі (на здымку) мы пабачылі ў Красамаі, а будуе яго Уладзімір Камароў з Віцебска.

Мішневіцкая легенда

Помню, як у 80-ыя гады ля гэтага каменнага крыжа ў Мішневічах стаяла векавая сасна. А потым побач з ёй вырасла маленькая сасёнка. Чыісьці клапатлівыя рукі абгарадзілі яе, падвязалі. Ішоў час, паступова старая сасна звалілася долу, а маладая набірае моцы і сілы.
Як тады, дваццаць гадоў таму, так і цяпер ходзіць па Мішневічах легенда пра гэта знакамітае месца, перадаецца з вуснаў у вусны, ад пакалення ў пакалення: “Было гэта ў далёкія часы, калі ў Мішневічах жыў памешчык.  Свайго гарбатага сына бацька вырашыў ажаніць з маладой і прыгожай сялянкай. Калі памешчык аб’явіў, што яна будзе жонкай ягонаму сыну, раз’юшаная дзяўчына забіла нажом гарбуна. Памешчык загадаў закапаць сялянку жывою ў зямлю. А каб ёй і мёртвай было цяжка, на магілу паклалі вялікі каменны крыж, які ляжыць на гэтым месцы і сёння. А ля магілы па загаду памешчыка пасадзілі сасну, каб яе карані смакталі сокі дзяўчыны…

Напаследак
Ну, вось і ўсё. Здаецца, напісалі самае адметнае пра Мішневіцкі сельсавет, а ў планах засталося яшчэ больш, бо ў час камандзіроўкі пазнаёміліся з добрымі сем’ямі, працавітымі людзьмі. Уразіла багатая гісторыя мішневіцкага краю, непаўторная прыгажосць прыроды. Тут ёсць перспектывы для развіцця прыватнага гандлю, аграэкатурызму і сельскай гаспадаркі. Галоўнае, каб знайшліся маладыя і ініцыятыўныя, каб было жаданне ўсім гэтым займацца.
Мы ўдзячны жыхарам Мішневіцкага сельсавета за тое, што дапамагалі нам ў рабоце і за тое, што выпісваюць і чытаюць раённую газету.

Матэрыялы падрыхтавалі Ларыса Зайцава і Аляксандр Шэдзько.
Надрукавана ў № 67 ад 29.08.2017 г.



1 комментарий по теме “Мішневіцкі сельсавет: штрыхі да партрэта

  1. Почему нет ни одного слова про заведующую клубом? Про Нину Григорьевну надо писать в первых рядах!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *