Беларускае слова Мікалая Мароза

Актуалии Духоўнае Общество

Беларускае слова Мікалая Мароза

Прэзентацыя кнігі «Не прасі палёгкі ў жыцця» Мікалая Мароза прайшла ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі. На сустрэчу, арганізаваную кіраўніком літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніцы” Людмілай Грыгор’евай, прыйшлі прыхільнікі творчасці пісьменніка, знаёмыя, сябры, калегі. Кніга пабачыла свет год таму, і некаторыя ўжо мелі магчымасць набыць яе ў асабістую бібліятэку і пачытаць.

Пра аўтара
Муж, бацька, дзядуля, калега, сябар. Журналіст, публіцыст, пісьменнік, шчыры прыхільнік беларускага слова… Жыццё дало ў якасці прэзента Мікалаю Марозу шмат чалавечых узнагарод. Да ўсяго – сваё непаўторнае бачанне свету, багатага на вобразы і сюжэты. Шмат цёплых слоў пра героя сустрэчы сказала Людміла Грыгор’ёва.
Успамінамі пра пачатак літаратурнай дзейнасці, пра першыя, не вельмі ўдалыя пісьменніцкія спробы пяра, падзяліўся сам аўтар. Прызнаўся і ў тым,  што стаць пісьменнікам для яго ў юнацтве было касмічнай марай. І жыццё паказала, што і такія, здавалася б, нерэальныя планы пры нястомнай працы, рабоце над сабой і словам, ажыццявімыя. Пяць выдадзеных кніг таму пацвярджэнне.

Пра кнігу
Кніга мастацкай прозы “Не прасі палёгкі ў жыцця” ўвабрала ў сябе дзве аповесці “Русалка”, “На ўсё свой час” – пра каханне, пра нялёгкія жыццёвыя пошукі герояў, пра тое, як пакутліва цяжка бывае, калі цябе не разумеюць. Дарэчы, тут, як прызнаўся аўтар, знайшлося месца інтыму і эротыцы.
З жыццёвымі калізіямі і сюжэтамі і тры апавяданні “Свае і чужыя”, “У завею”, “Адшчапенец”. Сабраны ў кнізе таксама абразкі, разважанні, дарожныя нататкі, мініяцюры, карацелькі. Гэта жыццё ў мініяцюры, сцвярджае сам пісьменнік.

Пра планы
Мікалай Мароз прызнаўся, што хутчэй за ўсё гэта кніга ў ягоным пісьменніцкім дас’е апошняя, бо выдавецтва ўласнай кнігі – дужа дарагое задавальненне. Хаця па выказваннях пісьменніка можна зразумець, што яму яшчэ ёсць што сказаць і хочацца расказаць свайму чытачу. Пісаць жа ў шуфляду не вельмі радуе.
Падчас прэзентацыі кнігі не скупіліся на пахвалу аўтара былы рэдактар раённай газеты Анатоль Бруцкі, таксама журналіст, пісьменнік і публіцыст. Ён назваў Мікалая Мароза ці не самым стылёвым беларускамоўным пісьменнікам на Віцебшчыне. Яго стыль і мова адметныя, каларытныя і самабытныя, падкрэсліў Анатоль Паўлавіч.
Віктар Улюценка, вядомы краяўзнаўца, таксама аўтар некалькіх кніг, звярнуў увагу прысутных на тое, што Мікалай Мароз з той кагорты людзей, якія любяць чалавека і жыццё, ім не страчана такое паняцце, як роднае поле, родная ніва, бліжні. Гэта адчуваецца па творах, і гэта падкуплівае.
Напрыканцы творчай сустрэчы Мікалай Мароз падарыў некалькі кніг з уласным аўтографам актыўным удзельнікам, шчырым прыхільнікам яго творчасці і беларускай літаратуры.
Алена КАРПУШЭНКА.

Да слова. Нагадваем, што апошняя кніга нашага земляка Мікалая Мароза “Не прасі палёгкі ў жыцця” ёсць ва ўсіх бібліятэках раёна. Вазьміце пачытайце, паперажывайце разам з героямі, паразважайце над сэнсам нашага такога часам непрадказальнага, аднак цікавага, дзіўнага і непаўторнага жыцця.
Надрукавана ў №69 ад 05.09.2017 г.



9 комментариев по теме “Беларускае слова Мікалая Мароза

  1. Дзякуй, Алена, за справаздачную нататку. З’явілася яна, праўда, ледзь не праз два тыдні пасля сустрэчы. Хацелася ж, аднак, каб журналіст не толькі шчоўкаў фотаапаратам, а рабіў нейкія запісы (для памяці) у сваёй занатоўцы. Калі б ты так рабіла, то, пэўна, не ўвяла б чытача ў зман: А. П. Бруцкі казаў (пішу амаль даслоўна), маўляў, Мікола – адзін з самых моцных стылістаў не толькі Віцебшчыны, а і наогул у сучаснай беларускай літаратуры. Ты ж падала словы выступоўца скажона. Магла б сказаць так, як Бруцкі, а пасля, калі б не пагадзілася з такой думкай, дадала б: «Можа, А. П. сказаў гэта крыху авансам, але тое, што…» і г. д.
    Не сказала аўтарка, хаця б пару слоў, пра выступленне Івана Касцюка, пра тое, што прагучала прапанова па збору подпісаў у абарону дзвюх апошніх кніг аўтара, каб аўтар мог за іх атрымаць літ. прэмію, пра ідэю М. Мароза адкрыць на грамадскіх пачатках суполоку «Сябрына» па вывучэнні беларускай мовы – кшталту таго, як працавала некалі літаб’яднанне пры раённай газеце «Герой працы» (у бытнасць, калі рэдактарам працаваў сам М. Мароз), пра іншыя думкі.
    Такі, даруйце за лексіку, кастрыраваны, у нечым перайначаны, а значыць, і сапасаваны газетны артыкул не робіць гонару газеце, якой сам пісьменнік аддаў усё сваё жыццё.

  2. Люди, а кто-нибудь реально читал книгу Мороза? Поделитесь впечатлениями. Стоит ли читать?

  3. Не трэба. Сэнс не зразумець. Складана для асэнсавання. Такія кнігі чытачу не патрэбны

  4. Чытачу і Земляку:А вось мініяцюрка з апошняй кнігі пісьменніка:»Калеку з фізічнай кволасцю шкадуеш. Маральнага — ніколькі. І нават не бярэш пад увагу, што духоўная кволасць перадаецца ад бацькоў. Як той вірус. І ты катэгарычна і безагаворачна не прымаеш ні яго рукі, ні ягоных учынкаў.
    Сустракаў у жыцці такіх хворых. І нямала. Адзін устане з-за стала, падасць табе руку, слухае, а – не чуе. Не хоча пачуць цябе, хоць ты ляж тут у ягоным кабінеце. Другі мае, а не дае, трэці не чытаючы, з агідай адкідвае тое, што напісана ў кнізе. Нават хіхікае ў кулак. Іншы радуецца, калі суседу цяжка…
    Гэта хвароба. А хворых трэба лячыць ці даваць ім групу інваліднасці…»
    Ну, скажыце, хіба не трапна, хіба не ў «дзясятку»?..

  5. Пока почитал,от языка голова заболела…но смысл есть.Правда сильно размазан

  6. Короче, все, кто не читал Мороза,- моральные уроды? Или как понимать?

  7. А я вначале даже не догадался, что Мікола в комментариях — автор книги. Скромнее надо быть, Мікалай Мароз!!!

  8. Цкуйце, цкуйце, праз гэта прайшоў не адзін пісьменнік. У сям’і не без вырадку. А ўвогуле мне нават прыемна, што хоць так ведаюць, што хоць так праслаўляюць, піяраць. А наконт таго, што Чытач даведаўся, што каментарый за подпісам Мікола – ад самога пісьменніка, дык, на маю думку, гэты Чытач сядзіць і крамзоліць там, дзе я працаваў і дзе ведаюць мой стыль. Шкада, калі так, і брыдка. Вядома, хацелася б памыліцца. А наконт маральных дэгенератаў, паважаны Зямляк, то калі не хапае клёпу, то лепш за кнігу не брацца. Кніга не для такіх, не для тых, хто не чытаўшы яе, бярэцца яе ганьбіць і прыніжаць аўтара. Я рады, што мяне чытаюць дзесяць-дваццаць чалавек, і я шаную гэты свой актыў, сваіх візаві. Дзякуй ім за падтрымку!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *