Это было 75 лет назад: 15 октября фашисты окружили деревню Ловжу. Стариков, женщин и детей согнали в здание деревянной школы…

Актуалии

Памяць пра землякоў-патрыётаў неўміручая

(да 75-годдзя гераічнай гібелі жыхароў вескі Лоўжа Шумілінскага раёна)
Месцам гераічнага подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца і вёска Лоўжа Шумілінскага (Сіроцінскага) раёна.  Большасць выпускнікоў Лаўжанскай школы першага (1941 года) выпуску пайшлі дабравольцамі на фронт. Многія ўдзельнічалі ў партызанскім руху са сваімі настаўнікамі. Сярод іх – Афанасьеў Іван Дзмітрыевіч, настаўнік фізікі, з 3 жніўня 1942 года партызан атрада імя К. Я. Варашылава брыгады імя С. М. Кароткіна. Загінуў у 1943 годзе. Крыцкі Фёдар Арэставіч, настаўнік гісторыі, арганізатар падполля, расстраляны фашыстамі.
Летам 1942 года на Шуміліншчыне пачалі зараджацца першыя партызанскія атрады “Грозны”, “Мсцівец”, імя К. Я. Варашылава. Ужо ў жніўні партызаны разграмілі валасную ўправу, здзяйснялі дыверсіі, знішчалі аўтатранспарт і жывую сілу ворага. У партызанскім атрадзе “Грозны” была створана камсамольска-маладзёжная вынішчальна-дыверсійная група на чале з Васілём Чыкавым. Сярод дзесяці камсамольцаў гэтай групы шэсць – выпускнікі Лаўжанскай сярэдняй школы. Гераічна змагаліся з вераломным ворагам і загінулі Мікалай Дудараў, Мікалай Купрыянаў, Міхаіл Катырла, Аляксандр Матузаў. На баявым рахунку групы: пушчана пад адкос 12 варожых эшалонаў, узарвана 36 аўтамабіляў з ваеннай тэхнікай і жывой сілай ворага, знішчана вялікая колькасць нямецкіх салдат і афіцэраў.
5 кастрычніка 1942 года ў раёне могілак вёскі Вербялі партызаны разграмілі нямецкі карніцкі атрад. З боку партызан таксама былі страты: загінулі кулямётчык Клім Лапавухаў, аўтаматчык Антон Грузневіч, быў цяжка паранены камандзір роты Васіль Хухракоў. Партызанам удалося захапіць значную колькасць зброі.
Вогненны смерч пранёсся над Лоўжай увосень 1942 года. Раніцою 15 кастрычніка гітлераўцы акружылі вёску. Старых, жанчын і дзяцей сагналі ў памяшканне драўлянай школы…
З успамінаў Зінаіды Іванаўны Грузневіч, ураджэнкі вёскі Лоўжа, партызанкі атрада “Грозны” брыгады імя С.М. Кароткіна: “Позна ноччу 14 кастрычніка 1942 года дадому з заданнем прыйшоў мой брат Дзмітрый, партызан. На досвітку я пачула нямецкую мову і папярэдзіла брата, што ў вёсцы немцы. Ён залез на гарышча і схаваўся ў сене. Я ведала, што ў яго з сабою быў аўтамат і дзве ручныя гранаты. Калі немцы зайшлі ў хату, то яны спыталі: “Гібт эс парцтызан?”. Я адказала: “Найн, найн”. Тады адзін з іх узяў вілы і пачаў тыкаць імі ў сена, але нікога не знайшоў. Мяне, сястру Варвару з малалетнім сынам Валодзем і жонку брата Дзмітрыя з дзвюма дочкамі пагналі ў школу. Сагнаўшы вяскоўцаў у вялікі клас драўлянай школы, карнікі пачалі допыты.  Дапамагалі фашыстам у гэтым здраднікі бургамістр валасной управы Макееў Аляксандр (сын кулака), стараста Нагібаў Іван, пісар управы Дудараў Дзмітрый. Асаблівай крыважэрнасцю, зверствамі, адданасцю гітлераўцам вылучаўся Дудараў. Ён загадзя падрыхтаваў спіс партызанскіх сем’яў і жыхароў вёсак Лоўжа, Пабеда, Сосны, якія падазраваліся ў сувязях з партызанамі. Ішла сарціроўка жыхароў: тых, каго збіраліся расстрэльваць, праводзілі ў іншы пакой, астатніх арыштаваных – у вялікі клас. Будынак школы быў акружаны.
Ідучы на допыт, я не баялася расстрэлу. Мне было боязна за вяскоўцаў. Калі б фашысты знайшлі на гарышчы майго брата, яны б спалілі не толькі нашу сям’ю і нашу хату, але і ўсіх жыхароў, што знаходзіліся пад арыштам у школе. Ніхто мяне не выдаў немцам і паліцаям, хоць многія ведалі, што мой брат Антон удзельнічаў у разгроме нямецкага карніцкага атрада. Я бязмерна ўдзячна аднасяльчанам.
Увечары пасля крывавай расправы над жыхарамі Лоўжы ўсіх, хто застаўся ў жывых, выпусцілі са школы, пастроілі і нямецкі камендант стаў пагражаць, што “калі насельніцтва будзе прадаўжаць дапамагаць партызанам, то ўсіх чакае такі ж лёс”. Дома брат сказаў нам, што жывым ён бы фашыстам не здаўся, узарваў бы гранатамі і сябе, і іх. На наступную ноч за намі прыбыў сувязны і я разам з Ганнай, Таццянай Жарабцовай пайшла ў партызаны”.
З успамінаў Ядзвігі Браніславаўны Гушчы, якая была арыштавана разам з маці Юзэфай Адамаўнай, сястрой Верай, малодшым братам Лёнем: “На допыце Дудараў заявіў, што мой брат пайшоў у партызаны добраахвотна і ўдзельнічаў у разгроме карніцкага атрада ля Вербялянскіх могілак. Паліцай Дудараў сказаў маці: “За забітых немцаў і паліцаяў вы паплаціцеся галавой”. Дудараў, выступаючы на сходах жыхароў вёскі Лоўжа, казаў, што Савецкай улады больш ніколі не будзе. Увечары нас вывелі са школы і пагналі да ямы. Ля яе фашысты скамандавалі стаць на калені, але на калені ніхто не стаў. Нават малалетнія дзеці. Назаўсёды ў маёй памяці засталіся шалёная стральба фашыстаў, стоны, слёзы, крыкі жанчын, дзяцей, кроў. Калі раздаліся выстралы, нехта пры падзенні зачапіў мяне, і я жывой звалілася ў яму, страціўшы прытомнасць. Калі апрытомнела на дне ямы, то цьмяна бачыла, як немцы дабівалі раненых рыдлёўкамі, тапталі нагамі, а ў тых, хто варушыўся, стралялі. Каля ямы я бачыла Дударава і Нагібава. Мне прастрэлілі хустку каля самага вуха, у выніку я ўсё жыццё дрэнна чую. Аднак мяне куля не зачапіла. Я была ўся ў крыві, прыдаўленая забітымі людзьмі, ногі мае зацяклі і змярцвелі. Карнікі кудысьці спяшаліся, да таго ж і хваляваліся, каб ноччу не напалі партызаны, таму вырашылі закапаць яму раніцай. Калі сцямнела, я пачула плач і знаёмыя галасы. Гэта былі Зіна Грузневіч, сёстры Таццяна і Ганна Жарабцовы. Яны падалі мне рукі і выцягнулі з ямы”.
Фрузе Мельнікавай перад пачаткам вайны споўнілася 18 год. Камсамольскі лідар, яна з першага дня стала сувязной партызанскага атрада. Мела рацыю. Разам з камсамолкай Надзеяй Емяльянавай распаўсюджвала лістоўкі. У партызанах былі і яе старэйшыя браты  Міхась і Фёдар.
Фрузу расстралялі тады разам з бацькам Паўлам Іванавічам Мельнікавым. Яна гераічна паводзіла сябе перад расстрэлам. Калі яе разам з іншымі вяскоўцамі вялі на расстрэл, вырвалася з натоўпу, забегла ў вялікі клас да аднасяльчан і закрычала: “Людзі добрыя! Мужна і бязлітасна, не шкадуючы крыві і жыцця, знішчайце ненавісных акупантаў. Мы загінем, але перамога будзе за намі”
Сярод расстраляных фашыстамі 15 кастрычніка 1942 года і Еўфрасіння Іванаўна Матузава. У партызанскай брыгадзе імя С.М. Кароткіна ваявалі яе сыны Леанід,  Аляксандр, якія загінулі ў 1942, 1944 гадах. Былая калгасніца, дэпутат сельскага Савета, яна тайна пякла хлеб, збірала адзенне і абутак для партызан. Разам з сёстрамі выратавала і пераправіла ў партызанскую зону параненага савецкага лётчыка. Страшна здзекаваліся нямецкія карнікі з яе маці Наталлі Сяргееўны Жарабцовай. Перад расстрэлам звязалі рукі калючым дротам, катавалі, патрабавалі, каб яна паведаміла, дзе знаходзяцца яе дочкі і ўнукі.
Варожыя кулі абарвалі тады жыццё Варвары Максімаўны Галузы (Малашонак) і яе малалетняга сына Толі. Цудам уцалеў яе бацька Максім Васільевіч, які жывым зваліўся ў яму, а позна ўвечары выбраўся з яе. Двое яе братоў – Міхаіл (1908 г. н., вёска Лоўжа, кандыдат у члены УКП(б)Б, камандзір атрада “Грозны”) і Пётр Галуза (1914 г. н., вёска Лоўжа, кандыдат у члены УКП(б)Б з 15 кастрычніка 1942 года па 14 мая 1944 года, камандзір аддзялення атрада “Грозны”) загінулі ў 1942–1944 гг., абараняючы Радзіму. Пасмяротна ўзнагароджаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны” II ступені.
Карнікі расстралялі Герасіма Пятровіча Купрыянава. Трое яго сыноў – Аляксандр, Уладзімір і Мікалай – помсцілі за смерць бацькі ў партызанскіх атрадах. Мікалай Купрыянаў, падрыўнік-кулямётчык, гераічна змагаўся з акупантамі і загінуў у баі 29 ліпеня 1944 года.
Трагічны лёс быў і ў Сцяпанава Анісіма Мартынавіча. Яго старэйшы сын Андрэй быў разведчыкам у партызанскай брыгадзе імя У. І. Леніна. Яго хата ў вёсцы Сосны стаяла наводшыбе і была явачнай кватэрай для партызан, сувязных, агентурных разведчыкаў, якіх закідвалі ў нямецкі тыл з Вялікай зямлі. На гарышчы партызаны хавалі зброю.
З болем успамінае жудасныя падзеі нямецкай акупацыі Ксенія Анісімаўна Сцяпанава. На яе вачах нямецкія карнікі разам з паліцаямі Дударавым, Нагібавым, Марутковым спалілі хату Волкава. Партызанскія сем’і Волкавых, Макаравых з дзецьмі арыштавалі і вывезлі ў Шуміліна, дзе і расстралялі. Вось што яна расказала: “Перад вайной памерла маці. У бацькі засталося нас чацвёра: старэйшы сын і тры дачкі. Мне было тады 10 год, малодшай сястры Сашы  восем. Летам 1942 года брат Андрэй пайшоў у партызаны. Падтрымліваў сувязь з партызанамі і бацька. У нашай хаце часта позна ноччу збіраліся партызаны, абменьваліся інфармацыяй, грэліся, сушылі вопратку, некаторыя заставаліся начаваць. У пачатку кастрычніка 1942 года мы з сёстрамі заўважылі, што непадалёку ад дома ідзе на пасадку невялікі самалёт. З яго скочыў мужчына і накіраваўся ў нашу хату. Самалёт жа стаў набіраць вышыню і схаваўся за аблокамі. Мы вельмі спужаліся, бо ў хаце былі адны, бацька кудысьці выйшаў. Мужчына зайшоў у хату, і мы звярнулі ўвагу на тое, што ён быў увесь мокры. Калі ён зняў куртку, то я ўбачыла, што на ім была гімнасцёрка, рэмень і патранташ з патронамі. Збоку вісеў пісталет і дзве гранаты. Незнаёмец залез на печ, стаў сушыць вопратку і боты. Позна ноччу прыйшоў бацька, і яны доўга размаўлялі. На досвітку мужчына пайшоў і больш не вярнуўся.
15 кастрычніка бацька ўстаў рана і пайшоў да дзядзькі Цімафея ў вёску Пагост. Я дзесьці ў восем гадзін раніцы павяла ў поле карову. З-за прыгорка выйшаў немец і стаў нешта крычаць у мой бок. Я нічога не зразумела. Ён стаў паказваць рукой, каб я ішла ў бок царквы. Па дарозе я зайшла да цёткі Каці, але ў хаце нікога не было. Палілася печ, дыміліся катлы. Я зразумела, што ўсіх з хат павыганялі, і пайшла ў школу. Калі на допыт вызвалі цётку Кацю з дзецьмі, яна ўзяла мяне за руку і павяла ў пакой, дзе немцы дапытвалі мясцовых жыхароў. Калі нямецкі камендант спытаў, чыё гэта дзіця, яна адказала, што гэта сірата, тады нас адправілі ў вялікі клас. У класе было шмат народу, многія стаялі, некаторыя сядзелі на падлозе. Помню, у клас зайшоў немец і стаў шукаць Ганну Раманаву. Яна сядзела на падлозе і маўчала. Ён жа хадзіў між людзей і крычаў: “Калі Раманава не пакажацца, мы адлічым пяць чалавек, а ў шостага стрэлім”. Хтосьці з жанчын прашаптаў: “Ганна, выходзь”. Яна паднялася. Немец стаў біць яе па спіне і выпхнуў з класа. Пасля расстрэлу нас усіх адпусцілі. Я падышла да ямы і ўбачыла бацьку, які ўвесь у крыві ляжаў зверху. Я закрычала,  цётка Каця ўзяла мяне за руку і павяла да хаты”.
Трагедыю, якая адбылася ў школе і вакол яе ў той жахлівы дзень, бачыла Ліда Ушакова, вучаніца 7-га класа Лаўжанскай школы. Вось што яна расказала: “Пад вечар групу аднавяскоўцаў, прыкладна 25 чалавек, павялі да ямы расстрэльваць. Большасць жыхароў засталася зачыненай у класе. Калі ўсіх расстралялі, толькі тады нас выпусцілі са школы. На прыступак школьнага ганка падняўся карнік і сказаў: “З вашых дамоў усё вывезлі, абрабавалі, пакінулі толькі пустыя сцены. Калі будзеце дапамагаць партызанам – застанецеся без жылля. Калі будзеце на ноч пускаць партызан – прыедзем, выкапаем новыя ямы, сяльчан расстраляем, хаты спалім. І сваім партызанам вы больш не дапаможаце. Пасля гэтага карнікі селі на матацыклы і паехалі. Я з маці падышла да ямы. Страшна было глядзець на людскую крывавую мешаніну, некаторыя яшчэ стагналі”.
Жывуць у памяці землякоў і іншыя ахвяры фашыстаў: Уладзімір Емяльянавіч Волкаў, Надзея Іванаўна і Фядора Андрэеўна Емяльянавы,  Алена Нікіцічна Скрыпкіна, яе сын Пётр, Ганна Харытонаўна Раманава і яе сын Арнольд, Толя Хухракоў, Клаўдзія Іванаўна Шуміла.
Дудараў у ліпені 1941 года паступіў на службу да акупантаў, працаваў пісарам у арганізаванай немцамі абшчыне (валасной паліцыі). Разам з паліцаем Я. Шарковым ён адбіраў у насельніцтва жывёлу, цёплае адзенне, прадукты. Неаднаразова ў складзе карнага нямецкага атрада арыштоўваў савецкіх грамадзян, якіх падазравалі ў сувязях з партызанамі. Вось што ўспамінае Варвара Іванаўна Грузневіч: “У лістападзе 1942 года мяне выклікалі ў валасную ўправу. Там мяне разам з малодшым сынам Валодзем трымалі трое сутак. Катавалі. У мяне патрабавалі, каб я паведаміла, дзе знаходзяцца мае брат і сястра. Калі мяне дапытвалі ў памяшканні школы, Дудараў заявіў: “Чаму ты маніш? Твае браты ў партызанах, а не ў арміі”. Я адказала, што мой брат у першую мабілізацыю быў прызваны ў армію. Пасля гэтага камендант адправіў мяне ў агульны пакой”.
Успамінае Васіль Іванавіч Хухракоў, партызан атрада №2 брыгады імя С.М. Кароткіна: “У жніўні 1942 года я атрымаў заданне ад камандзіра роты Мардашова прывесці ў партызанскі атрад Дударава. Дамовіліся сустрэцца праз тры дні ў 11гадзін вечара. Дудараў данёс немцам пра гэта. Калі я падыходзіў да прызначанага месца, мяне ружэйна-кулямётным агнём сустрэлі немцы і паліцаі. З цяжкасцю ўдалося выбрацца жывым. Дудараў разам з фашыстамі арыштаваў маю маці Хухракову Яўгенію Аляксееўну і малалетняга браціка Толю. На допыце Дудараў казаў усім, што яна маці партызана. Яе разам з іншымі вяскоўцамі прывялі да ямы на расстрэл. Падчас першых стрэлаў яна жывой звалілася ў яму, і з ёй – Максім Галуза. Так выпадкова яны засталіся жывымі. А Толік загінуў”.
У снежні 1943 года з наступленнем часцей Чырвонай Арміі паліцай уцёк разам з немцамі. Пасля заканчэння вайны Дзмітрый Дудараў спрабаваў схавацца ад правасуддзя ў Чкалаве (Арэнбургу), аднак пазбегнуць справядлівага пакарання фашысцкаму прыхвасню не ўдалося. 14 лютага 1951 года за здраду Радзіме і актыўнае хаўрусніцтва немцам быў арыштаваны. Ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругі, паўторнае пасяджэнне якога адбылося 27 лістапада 1951 года ў Віцебску, вынес прыгавор здрадніку – расстрэл з канфіскацыяй маёмасці. Прыгавор выканалі 22 лютага 1952 года.
Фашыстам, як і іх саўдзельнікам, не ўдалося зламаць народнае супраціўленне, задушыць партызанскі рух. “Толькі за двое сутак пасля крывавай расправы ў вёсцы Лоўжа, – успамінаў былы камандзір роты партызанскага атрада імя Суворава Фёдар Паўлавіч Мельнікаў, – у рады партызан уступілі больш за 300 жыхароў навакольных вёсак. З новым папаўненнем партызаны больш паспяхова пачалі весці баявыя дзеянні па знішчэнні жывой сілы і тэхнікі акупантаў”.
Уся вёска Лоўжа была змагаром. Больш за 80 лепшых сыноў і дачок вёскі аддалі сваё жыццё ў барацьбе з фашыстамі ў партызанскіх атрадах і на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У гісторыі вёскі Лоўжа, як у кроплі вады, адлюстраваліся ўсе падзеі, якія адбываліся на Беларусі, – і трагічныя і радасныя.
Віктар ГРУЗНЕВІЧ,
г. Віцебск.
Надрукавана ў №81 ад 17.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *