Да 100-годдзя міліцыі: Пашпарты, даведкі, віды на жыхарства…

Общество

Да 100-годдзя міліцыі: Пашпарты, даведкі, віды на жыхарства…

Напярэдадні Дня ўтварэння падраздзяленняў па грамадзянству і міграцыі Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца ў Беларусі 17 снежня, мы гутарым з вядучым спецыялістам групы па грамадзянству і міграцыі РАУС Аленай Ісакаўнай Пракоф’евай.
–  Алена Ісакаўна, што самае асноўнае ў рабоце вашай службы?
–  Напэўна, выдзеліць самае галоўнае будзе складана. Тут усё важна і няма  таго, што не патрабуе пільнай увагі. Мы выдаём пашпарты, пасведчанні на жыхарства, дазволы на пастаяннае ці часовае пражыванне замежным грамадзянам, разглядаем матэрыялы па пытаннях набыцця грамадзянства, займаемся рэгістрацыяй грамадзян па месцы жыхарства і знаходжання.
– Як часта да спецыялістаў групы па грамадзянству і міграцыі звяртаюцца жыхары раёна?
–  Кожны дзень прыходзяць, тэлефануюць. Звяртаюцца не толькі за афармленнем дакументаў, а і за кансультацыяй. Нашы спецыялісты заўсёды адказваюць на пытанні, дапамагаюць у рамках дзеючага заканадаўства. Так, усяго за студзень-лістапад гэтага года мы выканалі 1635 адміністрацыйных працэдур.
Львіная доля гэтых працэдурах – атрыманне пашпартоў. Так, сёлета разгледжана 989 заяў аб выдачы ці абмене пашпартоў, прычым 190 жыхароў раёна атрымалі асноўны дакумент у паскораным парадку. Падлеткі звярталіся за пашпартамі па дасягненні імі 14-гадовага ўзросту, дарослым выдавалі пашпарты ў сувязі са зменай прозвішча ці заканчэннем тэрміну дзеяння дакумента. 76 чалавек звярнуліся за пашпартам з той нагоды, што  ён згублены ці сапсаваны.
– Як часта яго ўручаеце стогадовым жыхарам?
–  У гэтым годзе такіх, на жаль, не было. А раней мы ўручалі пашпарты стогадовым жыхарам на тэрыторыі Обальскага і Мішневіцкага сельсаветаў. У Шуміліне ўручалі пашпарт бабулі, якой споўнілася 104 гады. Разам з тым выдавалі пашпарты дзеткам, якім не споўнілася яшчэ і годзіка.
– Ці шмат работы з замежнымі грамадзянамі?
– Сапраўды, значную частку працы займае кантроль над міграцыйнымі працэсамі. У нашым раёне зараз пражывае 387 замежных грамадзян і 38 асоб без грамадзянства. Зарэгістравана 28 чалавек часова пражываючых. Гэта ў асноўным грамадзяне Расіі і Украіны.
– З кожным годам удасканальваюцца тэхналогіі работы. А што новага з’явілася ў вашай службе?
–  Мы працуем для людзей і дзеля людзей. Па магчымасці стараемся аблегчыць іх работу. З мэтай больш якаснага абслугоўвання мы працуем па прынцыпе “адно акно”. У нас прадугледжаны розныя платныя паслугі: напісаць заяву за чалавека, інфармаваць пра гатоўнасць дакументаў па СМС. Усяго ў гэтым годзе выканалі платных паслуг на 672 рублі.  Не першы год мы прапануем сваім кліентам аплачваць  у ЕРИП дзяржпошліны за розныя працэдуры.
На сённяшні дзень немагчыма ўявіць нашу работу без аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы, так званага рэгістра насельніцтва, куды ўносяцца звесткі пра нараджэнне чалавека, яго вучобу, атрыманне пашпарта, змену работы і г. д.  Гэта сістэма фарміруецца работнікамі загсаў і ваенкаматаў, падатковай інспекцыяй, сельвыканкамамі, раённым аддзелам унутраных спраў і іншымі структурамі.
–  Алена Ісакаўна, каго вам хочацца павіншаваць напярэдадні свята?
–  Перш за ўсё  віншую маіх калег –  вядучага спецыяліста Уладзіміра Ігнатавіча Ушала і пашпартыста Алену Фёдараўну Сачнёву. Таксама хачу сказаць словы ўдзячнасці за добрасумленную работу нашым ветэранам:  Дзмітрыю Аляксандравічу Галузу, Марыі Малахаўне Каралёвай, Ларысе Мікалаеўне Казловай, Людміле Леанідаўне Кісавай. Усім зычу дабрабыту, здароўя і поспехаў.
Гутарку вяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №97 ад 15.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *