Об истории отдела загса Шумилинского райисполкома рассказывают его бывшие заведующие

Актуалии Общество

ЗАГСУ – 100 год
У гэтыя снежаньскія дні органы загса краіны будуць адзначаць стогадовы юбілей. 100 год бесперапыннай, цікавай і працаёмкай работы. 100 год як па эстафеце спецыялісты перадаюць свой вопыт іншым супрацоўнікам, якія прыйшлі на іх месца, 100 год у загс звяртаюцца людзі за дапамогай, за парадай, часам са сваімі перажываннямі, са сваёй радасцю, горам, сваімі пачуццямі і эмоцыямі. За сваю векавую гісторыю органы загса прайшлі немалы шлях станаўлення і развіцця і сталі неад’емнай часткай нашага грамадства.

Сведкі людскіх лёсаў і новых жыццяў
Да паслуг органаў загса на працягу жыцця прыбягае, без перабольшвання, кожны чалавек. За самымі важнымі, асноўнымі дакументамі людзі звяртаюцца менавіта за супрацоўнікаў загса – засведчыць нараджэнне дзіцяці, заключыць шлюб альбо скасаваць яго, змяніць прозвішча ці імя, па пытаннях усынаўлення, устанаўлення бацькоўства. Акрамя гэтага, органы загсу фарміруюць кнігі дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, уносяць выпраўленні, змяненні, робяць аднаўленне і ануляванне запісаў актаў грамадзянскага стану, па запытах грамадзян выдаюць паўторныя пасведчанні аб дзяржрэгістрацыі, афармляюць архіўныя даведкі і многае іншае.
Ва ўсе часы спецыялісты органаў загса павінны былі не толькі ведаць сваю работу, але і валодаць багатымі душэўнымі якасцямі. Інакш нельга. Гэта была эмацыянальная работа. Пры афармленні дакументаў ім часта на працягу дня даводзілася маральна і душэўна перастройвацца, скажам, афармляючы спачатку радасную падзею нараджэння дзіцяці, а потым горыч страты чалавека; прымаючы дакументы на заключэнне шлюбу, а праз некалькі хвілін – афармляючы скасаванне шлюбу. І толькі ўкладваючы цеплыню сваіх сэрцаў у любімую справу, ім удавалася вытрымліваць сур’ёзную нагрузку.
Пра ўсё гэта падчас сустрэчы гаварылі былыя загадчыкі аддзела загса, якім за багатую гісторыю давялося (хаця ўсе без выключэння сцвярджалі, што пашчасціла) працаваць на гэтай пасадзе. Сёння, напярэдадні юбілею органаў загса, яны ўспамінаюць, як трапілі сюды і як працавалі.
Па архіўных звестках, што захаваліся ў загсе, вядома: за векавую гісторыю паўтара дзясятка чалавек загадвалі гэтым аддзелам. Больш-менш дакладная інфармацыя ў старажылаў райцэнтра ёсць пра Рэут Яўгенію Васільеўну, гады працы ў аддзеле загса якой прыпалі на перыяд з сакавіка 1967 па чэрвень 1976 года (9 год). У далёкім 1976 годзе сям’я Рэутаў з’ехала ў цяперашнюю Расію, і зараз нічога пра яе лёс невядома.
Я. В. Рэут стала вельмі добрым настаўнікам для Мончык Тамары Пятроўны, якая змяніла Яўгенію Васільеўну ў чэрвені 1976 года на пасадзе загадчыка аддзела загса. Тамара Пятроўна адзначае, што Яўгенія Рэут была кампетэнтным і граматным спецыялістам і карысталася вялікім аўтарытэтам.
Усяго паўтара года адпрацавала Тамара Пятроўна ў загсе, аднак дакладна памятае гэты адрэзак жыцця. І пасля, калі ёй прапанавалі працу ў райкаме партыі, не раз шкадавала, што звольнілася з аддзела.
“Працаваць было ў задавальненне, хаця складана і напружана, – успамінае сёння Тамара Пятроўна, пераглядаючы фотаздымкі з сямейнага альбома. – У той час вельмі шмат людзей мянялі імя, аднаўлялі ўзрост, а гэта была карпатлівая працэдура. Наогул эмацыянальная была работа, шмат бачыла ў ёй пазітыўнага. Тады амаль усе рэгістрацыі шлюбу праходзілі ва ўрачыстай абстаноўцы, так было модна. А гэта заўсёды атрымлівалася ўзнёсла і запамінальна.
Т. П. Мончык дакладна памятае, што аддзел загса ў гады яе працы знаходзіўся ў цяперашнім будынку аддзела адукацыі, пасля пераехаў у будынак, дзе цяпер месціцца цэнтральная бібліятэка.
Рэкордны перыяд – 20 год – адпрацавала загадчыкам загса Леаніда Мікалаеўна Жукава. Гэта ж колькі пар яна “ажаніла”, колькі лёсаў яднала!
Сама Леаніда Мікалаеўна толькі ўсміхаецца: “Не лічыла, але сапраўды многа!” Многіх памятаю і сёння. Наогул, прызналася Л. М. Жукава, яна ў маладосці марыла быць настаўніцай, але вывучылася на бухгалтара, адпрацавала ім 17 год, пасля чаго лёс падкінуў ёй зусім нечаканы варыянт – пасаду загадчыка аддзела загса. Жанчына прыняла прапанову і да выхаду на пенсію (і два гады на пенсіі) адпрацавала ў аддзеле. Гэта быў перыяд з лістапада 1977 па снежань 1997 года.
Добра помніць Леаніда Мікалаеўна, як у першыя гады работы хвалявалася перад кожнай рэгістрацыяй шлюбу, і сёння нават не ўтойвае, што без заспакаяльных лекаў не абыходзілася.
Работы было шмат, работы з рознымі па натуры людзьмі, таму часта нерваў каштавала нямала. Загадчыку ў дапамогу прыходзілі цярпенне, вытрымка, тактоўнасць. І канешне ж, веданне законаў. У тыя гады вельмі шмат спраў было па аднаўленні метрыкаў, па аднаўленні ўзросту, таму людзі ў загс ішлі, можна сказаць, тоўпамі. І судовых спраў з гэтай нагоды, адпаведна, хапала. Ратавала тое, што шлюбы ў вёсках рэгістраваліся па тэрытарыяльна–адміністрацыйнай прыналежнасці – у бліжэйшых сельвыканкамах, успамінае Л. М. Жукава. Аднак усё ж у самы “ўраджайны” вясельны месяц – у жніўні – за адзін дзень у загсе магло быць да 5-6 рэгістрацый шлюбаў. Паспявала Леаніда Мікалаеўна быць, разам з тым, народным засядацелем у судзе, раённым прафсаюзным казначэем.
У пачатку 90-х у аддзеле загса ўвялі яшчэ адну штатную адзінку. Так сюды трапіла Валянціна Іванаўна Дубадзел, якая дагэтуль працавала ў аргаддзеле райвыканкама, а яшчэ раней – начальнікам лабараторыі на сырзаводзе. За плячыма ў Валянціны Іванаўны быў Маскоўскі тэхналагічны інстытут мяса-малочнай прадукцыі. Пасля выхаду ў снежні 1997 года Л. М. Жукавай на пенсію Валянціна Дубадзел стала загадчыцай аддзела загса.
Многія, каму давялося мець справу з Валянцінай Іванаўнай, памятаюць яе эмацыянальныя рэгістрацыі шлюбаў і нараджэнняў, юбілейныя вяселлі.
“Хацелася, каб людзям запаміналіся такія важныя падзеі ў іх жыцці, – прызнаецца Валянціна Іванаўна. – Да кожнага старалася падыходзіць індывідуальна, улічваючы асабістыя пажаданні і традыцыі”.
Па ініцыятыве В. Дубадзел пры аддзеле загса быў створаны і карыстаўся папулярнасцю клуб маладой сям’і.
В. І. Дубадзел дакладна помніць, як правяла першую пасля капітальнага рамонту аддзела загса ў 2010 годзе рэгістрацыю шлюбу. Так прыемна было працаваць у светлай і сучаснай зале шлюбаў! Гэта быў перыяд, калі Валянціна Іванаўна кароткі час замяняла «дэкрэтніка».
Валянціна Іванаўна Дубадзел адпрацавала ў загсе да 2006 года і адсюль пайшла на заслужаны адпачынак. Гады работы ўспамінае з асаблівай цеплынёй.
У лютым 2006 года загадчыкам аддзела загса была прызначана Ірына Кісялевіч, якая працуе на гэтай пасадзе і да сённяшняга часу. Але гэта ўжо сучасная гісторыя, пра якую мы раскажам у наступным нумары.
Алена КАРПУШЭНКА.

Загадчыкамі аддзела загса ў розныя гады працавалі (дадзеныя з 1944 г.):
Краснова – 1924 г.
Ігнатовіч Ганна Сямёнаўна – кастрычнік 1944-сакавік 1949
Плаксіна Клеапатра Пятроўна – сакавік 1949-ліпень 1949
Бароўкіна Надзея Фёдараўна – ліпень 1949- май 1952
Плаксіна Клеапатра Пятроўна – май 1952-кастрычнік 1952
Калініна Ядзвіга Ігнатаўна – кастрычнік 1952-08.10.1953
Сокалава Надзея Мікалаеўна – 08.10.1953-25.12.1962
Краянкова Любоў Несцераўна – 29.08.1966-09.02.1967
Рэут Яўгенія Васільеўна – 16.03.1967-08.06.1976
Мончык Тамара Пятроўна – 08.06.1976-16.11.1977
Жукава Леаніда Мікалаеўна – 16.11.1977-19.12.1997
Дубадзел Валянціна Іванаўна – 19.12.1997-31.01.2006
Кісялевіч Ірына Іванаўна – 01.02.2006 па цяп. час.
Надрукавана ў №97 ад 15.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *